Палякі раскіданыя па ўсім свеце. Цяпер Польшча стала прывабнай краінай, якая дае магчымасці вучыцца і працаваць, будаваць добрае жыццё. Маладыя асобы польскага паходжання могуць прыязджаць на вучобу ў польскія ВНУ, але ёсць таксама магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку, не будучы ў Польшчы, а падчас вучобы ва ўніверсітэце ў сваёй краіне паходжання.
У Польшчы ёсць стыпендыяльныя праграмы для маладых палякаў з-за мяжы, існуе таксама праграма «Plus — актыўны студэнт», якая дае магчымасць атрымаць стыпендыю падчас навучання ў сваёй краіне паходжання. Пра яе прынцыпы гаворыць віцэ-старшыня праўлення Фундацыі “Дапамога палякам на ўсходзе” імя Яна Альшэўскага Юліюш Шымчак-Галкоўскі (Juliusz Szymczak-Gałkowski).
— У свеце ёсць нямала асоб польскага паходжання, якія хочуць вучыцца ў сваёй краіне нараджэння, а не прыязджаць у Польшчу, каб паступіць у ВНУ. Для польскай дзяржавы гэта вельмі добрае рашэнне. Скажам шчыра, польскія эліты патрэбныя ўсюды. Частка людзей, якія прыязджаюць вучыцца ў Польшчу, застаюцца тут пасля навучання. Гэта, канешне, выгадна і ім, і Польшчы, і польскай эканоміцы, і польскім універсітэтам, але мы таксама хацелі б, каб польская эліта існавала ў свеце. Таму ў нас ёсць доўгатэрміновая стыпендыяльная праграма, якую мы рэалізуем сёлета ў рамках фінансавання Сената (вышэйшай палаты парламента Польшчы – рэд.). Неабходна сказаць, хто можа стаць бенецыярам праграмы. Гэта маладыя таленавітыя людзі, якія вучацца ў сваёй краіне пражывання. У іх павінны быць добрыя вынікі ў вучобе, яны павінны быць паспяховымі студэнтамі, але таксама гэта павінны быць людзі, якія бяруць удзел у жыцці польскай супольнасці ў сваіх краінах.
— Колькі студэнтаў на працягу двух семестраў дзейнасці праграмы зможа разлічваць на дапамогу?
— На працягу двух семестраў, вясной і восенню гэтага года, каля 150 студэнтаў польскага паходжання, якія навучаюцца ў такіх краінах, як Беларусь, Харватыя, Грузія, Боснія і Герцагавіна, Літва, Казахстан, Латвія, Балгарыя, Малдова, а таксама Арменія, Эстонія, Украіна, Венгрыя і Чэхія, могуць атрымаць стыпендыі. Так што геаграфія краін нараджэння патэнцыйных стыпендыятаў вельмі шырокая. Там, дзе ёсць палякі, ёсць і людзі, якія навучаюцца на розных факультэтах у ВНУ. Гэта, між іншым, медыцына, паліталогія, эканоміка - гэта тыя сферы дзейнасці, якія мы рашуча падтрымліваем. Мы ставім дзве ўмовы. Першая ўмова – высокія вынікі ў вучобе, а другая – калі хтосьці падае заяўку, ён ужо павінен мець досвед працы ў арганізацыях палякаў замежжа. Вельмі вялікая група моладзі ў розных краінах, гэта, напрыклад, людзі, якія даглядаюць польскія магілы. Для нас вельмі важна памятаць пра нашых продкаў, каб не заставаліся без увагі польскія магілы. Часам гэта маладыя людзі, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі розных мерапрыемстваў для палякаў замежжа, супрацоўнічаюць з польскімі СМІ за мяжой. Адным слова, трэба паказаць, што такому маладому чалавеку цікавыя справы палякаў, што ён сапраўды ўдзельнічае ў жыцці польскай дыяспары. Калі чалавек актыўны ў маладым узросце, ён хутчэй за ўсё будзе актыўным і ў будучыні. На нашу думку, значная частка гэтых людзей і пазней захочуць працягваць такую працу.
— Цяпер пачынаецца набор заявак, ён працягнецца да жніўня. Якім чынам можна падаць заяўку?
— Такім зайсці на наш вэб-сайт, там ёсць дадатак, які дазваляе адпраўляць усю дакументацыю аб стыпендыі ў электронным выглядзе. Гэта вельмі зручна. Ёсць заяўка на атрыманне стыпендыі, ёсць даведка з ВНУ аб выніках вучобы, якая пацвярджае, што заяўнік з'яўляецца студэнтам. Усё, што неабходна мець, - гэта камп'ютар і сканер. Цяпер ідзе асноўны набор, а другі, дадатковы, пройдзе ў верасні-кастрычніку і дапоўніць заяўкі, прынятыя ў базавым наборы. Мы маем магчымасць выдзеліць 150 стыпэндый, такая сума ў нас ёсць. Дзякуючы ім маладыя, актыўныя палякі атрымаюць падтрымку, каб лепш вучыцца ў сваіх краінах пражывання. Пасля падачы заяўкі ў сістэме яе разглядае камісія і кожнаму студэнту, які атрымлівае стыпендыю, пра гэта паведамляюць, мы падпісваем дамову і пераводзім сродкі.
— А якую фінансавую падтрымку могуць атрымаць маладыя асобы польскага паходжання, якія пройдуць конкурс і стануць удзельнікамі праграмы?
— Гэта 3000 злотых для студэнта на год, падзеленыя на два семестры. Перш за ўсё хачу сказаць адно: у нас вельмі добры досвед працы з польскімі студэнтамі. Наколькі мы бачым, пасля заканчэння стыпендыяльнага супрацоўніцтва многія з іх у большай ці меншай ступені працягваюць удзельнічаць у дзейнасці польскай дыяспары. Мы захоўваем кантакты з некаторымі выпускнікамі нашага праекта, яны звязваюцца з намі. Неабходна сказаць, што гэта людзі, якія сапраўды з'яўляюцца важным элементам супольнасці, у якой яны жывуць, вельмі каштоўным, якім мы вельмі-вельмі ганарымся і вельмі рады, што можам супрацоўнічаць з такімі выдатнымі людзьмі.
Польская служба Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё/нг