Беларуская Служба

«Калгаснікі» — гэта не пра мінулае. Чаму без іх немагчыма зразумець Беларусь. Размова з польскай антрапалагіняй Ганнай Энгелькінг

26.06.2026 08:02
Кніга «Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне ідэнтычнасці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагоддзяў» стала вынікам амаль дваццаці гадоў палявых даследаванняў у розных рэгіёнах Беларусі
  , IV -     , , 18  2026 .
Прафесарка Ганна Энгелькінг, IV Беларуска-польскі экспертны форум імя Рамана Скірмунта, Варшава, 18 чэрвеня 2026 г. Фота: https://www.polskieradio.pl/396, Беларуская служба Польскга радыё

Ці сапраўды калгаснікі засталіся толькі героямі савецкага мінулага? Польская антрапалагіня і этналагіня Ганна Энгелькінг перакананая, што без разумення светаўспрымання беларускай вёскі немагчыма зразумець і сучаснае беларускае грамадства.

Яе кніга «Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне ідэнтычнасці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагоддзяў» стала вынікам амаль дваццаці гадоў палявых даследаванняў у розных рэгіёнах Беларусі. Падчас IV Беларуска-польскага экспертнага форума імя Рамана Скірмунта, які надоечы прайшоў у Варшаве, быў прадстаўлены беларускі пераклад гэтай працы. 

У кнізе сабраныя галасы людзей, якія перажылі калектывізацыю, вайну, савецкую атэізацыю і распад СССР. Пра тое, чаму слова «калгаснік» не варта ўспрымаць выключна як абразу, якія каштоўнасці сялянскай культуры захоўваюцца ў беларусаў дагэтуль і што застаецца ад традыцыйнай вёскі сёння, мы пагаварылі з аўтаркай даследавання.

— Спадарыня прафесар, сёння ўсё менш беларусаў жыве ў вёсцы. Ці застаецца актуальнай тэма калгаснікаў і традыцыйнай сялянскай культуры для сучаснай Беларусі?

— Калгаснікі, жыхары вёскі, людзі, якія працуюць або працавалі ў калгасах і якіх звычайна называюць калгаснікамі, з’яўляюцца носьбітамі сялянскай культуры. Гэта вельмі старая, даўгавечная культура, якая мае глыбокія карані і была ўласцівая ўсім земляробчым супольнасцям. Яна існавала стагоддзямі і перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Сёння, зрэшты, як і раней, але цяпер гэта, магчыма, асабліва добра відаць, калі вёска паступова вымірае. Як вы сказалі, усё меншы працэнт насельніцтва Беларусі жыве ў сельскай мясцовасці. Але менавіта цяпер мы бачым, наколькі моцна гэтая сялянская культура належыць да агульнабеларускай культуры. Яна проста з’яўляецца яе часткай, яе ўласнасцю.

Тыя каштоўнасці, якія нясе ў сабе старая сялянская культура, працягваюць жыць у беларускай культуры і ў беларускім грамадстве ў цэлым. Яны не засталіся ў мінулым і не страцілі сваёй актуальнасці. Я маю на ўвазе такія каштоўнасці, як праца, чалавечая годнасць, жыццё і клопат пра жыццё, вера.

Я назвала найбольш важныя, базавыя каштоўнасці, якія складаюць аснову сялянскай ідэнтычнасці. Але яны ж адначасова складаюць і аснову беларускай ідэнтычнасці. Кожны беларус, калі яго спытаць пра гэтыя рэчы, адкажа, што яны для яго важныя, што ён з імі сябе атаясамлівае.

Мы вельмі яскрава ўбачылі гэта падчас беларускай рэвалюцыі 2020 года. Гэта была рэвалюцыя без гвалту, рэвалюцыя, у цэнтры якой была барацьба за чалавечую годнасць. Гаворка ішла пра тое, каб улада ўбачыла ў народзе людзей і ставілася да іх з павагай, а не як да рабочай сілы або быдла. Менавіта так часта ставіліся да калгаснікаў — пагардліва, інструментальна, зверху ўніз. Таму я думаю, што гэтая тэма вельмі важная і сёння.

— У Беларусі словы «калхоз» і «калхознік» звязаныя са стыгматызацыяй, а нават з траўмай. Для многіх людзей яны нагадваюць пра балючую ўрбанізацыю, гвалтоўную русіфікацыю і саветызацыю. Чаму вы абралі менавіта такую назву для кнігі? Ці была гэта спроба рэабілітаваць паняцце «калгаснік» у навуковай ды грамадскай свядомасці, надаць яму новыя сэнсы?

— Гэта не назва, якую я сама прыдумала. Гэта тэрмін, які прыйшоў да мяне ад людзей. І, дарэчы, пасля сённяшняй дыскусіі я яшчэ больш перакананая, што добра, калі кніга мае такую назву, якая выклікае самыя розныя асацыяцыі, часта менавіта негатыўныя. Таму што гэта натхняе нас на разважанні, прымушае задумацца.

Я выкарыстала гэты тэрмін таму, што людзі, якія жывуць у калгасах або жылі там у час маіх даследаванняў, вельмі часта самі называлі сябе калгаснікамі. Гэта было першае і найбольш натуральнае азначэнне, якое прыходзіла ім у галаву.

Калі іх пыталіся: «Хто вы?», яны адказвалі: «Мы калгаснікі». Часам казалі: «мы калгаснікі-муржыкі». Такія формы таксама сустракаліся ў іх гаворцы. Але мне здаецца, што ў большасці выпадкаў яны ўжывалі гэтае слова нейтральна. У ім не было выразнага негатыўнага адцення.

Гэтае негатыўнае адценне прыходзіць хутчэй звонку — з гарадской перспектывы, з боку людзей, якія выйшлі з вёскі і дасягнулі сацыяльнага росту ў гарадах. У такіх выпадках вельмі часта адбываецца адмаўленне ад уласных каранёў. Людзі імкнуцца неяк іх схаваць, ад іх адмовіцца або абясцэніць.

Але ў асяроддзі маіх суразмоўцаў слова «калгаснік» выкарыстоўвалася пераважна нейтральна, а часам нават з пэўнай доляй самаіроніі.

— Спадарыня прафесар, вы праводзілі свае даследаванні 25–30 гадоў таму. Ужо няма ані тых вёсак, ані большасці вашых суразмоўцаў.  Увогуле гэтая з’ява — беларуская вёска: яна знікла, яна перараджаецца ў нешта новае. Што паўстае зараз, хто будзе замест «калгаснікаў»?

— Я б сказала, што сялянскі пласт насельніцтва знікае ва ўсёй Еўропе або ўжо знік. Сялянства ў яго класічным разуменні фактычна завяршыла сваё існаванне. Тое, што мы называем традыцыйным сялянствам, належыць ужо хутчэй да гісторыі.

Аднак гэта не азначае, што разам з сялянствам зніклі каштоўнасці і культурны змест, якія яно несла. Сёння яны прысутнічаюць у агульнанацыянальнай культуры.

Мае даследаванні паказваюць, што ў беларускай культуры гэта асабліва моцна адчуваецца. Але гэта цалкам зразумела, таму што беларускія карані знаходзяцца ў вёсцы. Менавіта вёска на працягу стагоддзяў была галоўным асяроддзем існавання беларускага народа.

Толькі ў пасляваенны перыяд, цягам апошніх васьмідзесяці гадоў, адбыліся вельмі хуткія і радыкальныя перамены. Беларускае грамадства перажыло маштабную урбанізацыю, людзі пераехалі ў гарады, змяніўся лад жыцця, змянілася сацыяльная структура.

Але тыя каштоўнасці і культурныя сэнсы, якія існавалі ў сялянскім свеце, не памерлі. Яны працягваюць жыць. Проста сёння трэба ўмець іх убачыць і распазнаць у новых формах.

Мадэратар сустрэчы з прафесаркай Ганнай Энгелкінг, гісторык Аляксей Ластоўскі, падкрэсліў, што разуменне таго, як фармаваўся беларускі менталітэт і сістэма каштоўнасцяў, дапамагае лепш асэнсаваць працэсы, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве сёння, а кніга «Калгаснікі» моцна ў гэтым дапамагае.

Слухайце аўдыё!

эж

 

«Варшаўскі мост». Пад Вільняй беларускія гаворкі саступаюць месца польскай і рускай мовам

29.05.2026 11:11
Мірослаў Янковяк апісаў апошнія беларускія гаворкі ў кнізе, выдадзенай Інстытутам літоўскай мовы.