Беларуская Служба

Пірацкі флот і крыж каралевы Сафіі: беларуская экспедыцыя ў Капенгаген

24.06.2026 13:20
 Арганізатары падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не пра рэстаўрацыю ці навуковую экспедыцыю ў класічным сэнсе, а пра сімвалічны жэст вяртання ўвагі да страчаных або раз’яднаных культурных сэнсаў.
Аўдыё
  • Пірацкі флот і крыж каралевы Сафіі: беларуская экспедыцыя ў Капенгаген
 ()
Капенгаген (ілюстрацыя)Shhutterstock/Frank Fischbach

Гэты праект задумваецца як мастацка-гістарычная акцыя і адначасова як публічны флэшмоб. Ён спалучае даследаванне спадчыны, перформанс і ўдзел людзей, якія хочуць стаць часткай незвычайнай “вандроўкі па слядах гісторыі”. Арганізатары падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не пра рэстаўрацыю ці навуковую экспедыцыю ў класічным сэнсе, а пра сімвалічны жэст вяртання ўвагі да страчаных або раз’яднаных культурных сэнсаў.

— Марыя, вы аб’явілі, што збіраецеся выпраўляцца першым беларускім пірацкім флотам у Данію па крыж каралевы Сафіі. Патлумачце, што гэта за ініцыятыва.

— 22 жніўня мы плануем выправіцца першым беларускім пірацкім флотам у Капенгаген па крыж княгіні Сафіі, каралевы Даніі. Існуе вельмі цікавая тэорыя, што дацкі крыж — адзін з галоўных сімвалаў Даніі — мог трапіць туды як падарунак ад князя Валадара сваёй дачцэ Сафіі, якая была ў шлюбе з дацкім каралём і стала каралевай Даніі. Яе называюць маці дацкіх каралёў, бо абодва яе сыны сталі каралямі Даніі, а дочкі таксама ўвайшлі ў манаршыя сем’і.

Пазалетась я была ў Капенгагене і разам з мясцовымі беларусамі наведала музей, дзе захоўваецца гэты крыж. Ён, канешне, не такі, як крыж Еўфрасінні Полацкай, а нацельны крыжык. Але гэта ювелірная праца, і ёсць меркаванне, што гэта можа быць таксама і наш крыж. І яго ніхто не краў — Сафія прывезла яго ў Данію як падарунак.

Што датычыць першага беларускага пірацкага флоту — гэта авантура чыстай вады.

— А можна падрабязней пра гэтую авантуру?

— Так, але найперш пра крыж. Зараз вядзецца праца над рэплікай крыжа, бо мы, канешне, не будзем яго красьці ў датчан, але як піраты едзем не рабаваць, а вяртаць нашы скарбы. І вось гэта рэпліка крыжа цяпер робіцца ў Грузіі, і з ёй мы потым паедзем у Данію, каб “прыхіліць” яе да крыжа Сафіі.

У Данію мы збіраемся часткова плысці, часткова ехаць, а потым плануем прайсці шэсцем па Капенгагене да музея, дзе знаходзіцца сапраўдны крыж. Гэтаму крыжу больш за тысячу гадоў, і ён ужо выглядае як гістарычная каштоўнасць. Там адбудзецца працэдура “прыхілення” нашага крыжа да сапраўднага, а затым мы накіруемся да месца, дзе пахавана княгіня Сафія, каралева Даніі.

— А чаму менавіта піраты?

— Мне падабаецца, што гэтая супольнасць не была прывязаная да гістарычнай радзімы са сваімі правіламі. І паколькі ў беларусаў няма сваёй гісторыі пірацтва, то мы можам быць кім заўгодна — авангарднымі, тэатралізаванымі, адкрытымі да любой фантазіі, абы яна была станоўчай. У нас будуць пірацкія баі, пірацкая песня, Уладзімір Цесляр падараваў нам дызайн беларускага пірацкага сцяга.

Яшчэ дакладна не ведаю, як гэта ўсё будзе выглядаць, бо дзея плануецца як флэшмоб, але прапаную ўсім далучацца са сваімі ідэямі і прапановамі. Падзея адбудзецца 22 жніўня, а 23-га я перадам рэпліку крыжа ў музей “Вольнай Беларусі” ў Варшаве, каб ён быў афіцыйна на балансе. У кастрычніку мы зробім справаздачу: пакажам крыж, фатаграфіі, дакументальны фільм, і далей у гэтага крыжа пачнецца новае жыццё.

— Марыя, вы ўвесь час казалі “мы”. Распавядзіце, хто гэтыя “мы” — хто будзе піратамі, якія выправяцца за крыжам у Капенгаген?

— Я пакуль не ведаю, бо гэта флэшмоб — хто даедзе, той і будзе. Я раблю гэты праект сумесна з “Hrodna Life”, яны дапамагаюць з арганізацыйнай часткай і дакументацыяй. Удзельнікамі будуць усе жадаючыя.

Я адмыслова абрала канец лета, бо дзеці ўжо вярнуліся з канікулаў, але яшчэ не пайшлі ў школу. Таму можна будзе ўдзельнічаць цэлымі сем’ямі. Спадзяюся, што гэта можа стаць не толькі імпрэзай года, але і падзеяй пакалення.

— Ці ведаюць звычайныя датчане, адкуль паходзіць Соф’я і якая яе гісторыя?

— Гэта цікавае пытанне, бо ў іх няма адзінага погляду. Яны дапускаюць, што яна магла быць як з Ноўгарада, так і з Менска або Полацка. Няма і прамых доказаў, што крыж быў падораны менавіта яе бацькам, але мы абапіраемся на ўскосныя сведчанні. Асабіста мне вельмі блізкая думка, што гэта таксама частка беларускай гісторыі.

Дарэчы, яшчэ адна галіна праекта — мапа беларускіх скарбаў па свеце. Яна будзе ў інтэрнэце, і калі чалавек будзе ехаць у нейкую краіну, ён зможа паглядзець, якія беларускія скарбы там знаходзяцца.

— Марыя, а хто падтрымлівае вашу пірацкую вандроўку ў Капенгаген? Хто дапамагае матэрыяльна?

— Я атрымала грант на мінімальныя выдаткі: арэнду апаратуры для канцэрта, на забеспячэнне рыштункам тых, хто будзе ўдзельнічаць у двубоях, а таксама на сутачныя для музыкаў. Праўда, гэтых сутачных менш, чым саміх музыкаў, але многія натхніліся і гатовыя ехаць за ўласныя сродкі.

А на рэпліку крыжа я збірала грошы праз краўдфандынг, і 66 чалавек адгукнуліся — так мы і сабралі неабходную суму.

Павел ЗАЛЕСКІ