Летам 1939 года ў Польшчы людзі разумелі, што вайна з Германіяй — гэта толькі пытанне часу. Рознага роду патрабаванні і ўльтыматумы Берліна адносна Варшавы пачаліся ўжо вясной і, нягледзячы на дыпламатычныя захады Польшчы, было бачна, што Гітлер імкнецца да канфрантацыі. У сувязі з гэтым у Польшчы ўзмацніліся патрыятычныя настроі, асабліва сярод маладых людзей, якія падтрымлівалі дзяржаўныя ўлады. Менавіта на гэтай хвалі з’явілася ідэя стварэння атрадаў «жывых тарпедаў» — феномену ў маштабе Еўропы.
29 чэрвеня 1939 года першыя «жывыя тарпеды» прынялі прысягу. Хто ж такія «жывыя тарпеды»? Пра ўсё па парадку.
У маі 1939 года Уладзіслаў Бажычка, Эдвард і Леан Лютастаньскія апублікавалі зварот у друку, у якім паведамілі, што перад абліччам непазбежнай вайны яны гатовыя быць «жывымі тарпедамі». Да такога ж кроку яны заклікалі іншых маладых людзей.
Паводле гісторыкаў, гэтая ініцыятыва ўзнікла аднак некалькімі гадамі раней і была звязаная з дзейнасцю польскай контрразведкі сярод маладых, патрыятычна настроеных грамадзян. Першы выпадак датуецца 1937 годам, калі малады чалавек Станіслаў Хаецкі напісаў ліст маршалу Эдварду Рыдзу-Смігламу, у якім заявіў, што гатовы аддаць жыццё за радзіму.
У 2016 годзе Эльжбета Шумец-Зяліньска выдала кнігу пад назвай «Жывыя тарпеды. 1939», у якой апісала гэта грамадскі феномен. У студыі Польскага радыё яна расказала пра пачаткі акцыі (архіўны запіс Польскага радыё).
— Акцыя, датычная «жывых тарпед», пачалася ў 1939 годзе, 6 мая, пасля знакамітай прамовы ў Сейме міністра замежных справаў Бэка, у якой ён заявіў, што Польшча не згодзіцца на тое, каб яе пазбавілі доступу да Балтыкі. На наступны дзень у газеце Ilustrowany Kurier Codzienny з’явіўся зварот трох маладых людзей. Браты Лютастаньскія і іх швагер Бажычка жылі ў Варшаве. У звароце яны заявілі, што гатовыя аддаць жыццё за сваю краіну ў якасці «жывых тарпедаў». Гэта былі маладыя мужчыны, якія вырашылі аддаць жыццё за сваю краіну. Трэба памятаць, што вясна 1939 года — гэта час, калі Еўропа была ахопленая «вайной нерваў», а рэальная вайна лунала ў паветры. Праз некалькі дзён пасля агрэсіўнай прамовы Адольфа Гітлера ў Рэйхстагу з прамовай выступіў міністр Бэк. Гэтае выступленне аб'яднала палякаў вакол ідэі абароны. Грамадзяне былі рашуча настаўленыя абараняць сваю радзіму, якая была незалежнай толькі 21 год. Маладыя людзі ведалі, што гэта — шлях у адзін бок, яны ведалі пра тое, што не вернуцца. Гэта былі смелыя людзі, не фанатыкі — яны разумелі, які выбралі шлях змагання з Германіяй, якая станавілася ўсё больш агрэсіўнай і высоўвала чарговыя патрабаванні. А праз некалькі тыдняў пачалася вайна.
Набор маладых людзей у атрады «жывых тарпедаў», як абагульнена называлі падраздзяленні камікадзэ, першапачаткова праводзіўся спантанна як грамадзянская ініцыятыва, якая прадугледжвала збор заявак рэдакцыямі і ваенізаванымі і грамадскімі арганізацыямі ў Польшчы. З часам, з-за значнага грамадскага зацікаўлення і водгуку, заяўкі пачала прымаць армія. Больш за тое, у чэрвені 1939 года ў складзе Другога дэпартамента Генеральнага штаба Войска Польскага (вайсковая разведка і контрразведка) быў створаны аддзел «жывых тарпедаў». Яго задачай была падрыхтоўка добраахвотнікаў для выканання асабліва небяспечных баявых задач у ваенны час, у прыватнасці, для дыверсійных аперацый. 29 чэрвеня першыя добраахвотнікі прынялі прысягу, а вось 30 чэрвеня 1939 года пачалі фармавацца спецыяльныя штурмавыя і дыверсійныя падраздзяленні ў складзе пяхотных ды паветраных сіл.
Найбольш вядомым і добра задакументаваным стаў набор, праведзены Ваенна-марскімі сіламі Польшчы. Нягледзячы на тое, што ўнутраныя правілы ВМС не ўтрымлівалі магчымасці выкарыстання камікадзэ, марское камандаванне прымала заяўкі добраахвотнікаў. Дарэчы, гэта быў адзіны на той час у свеце выпадак, калі ўзброеныя сілы адкрыта прымалі ў атрады самагубцаў цывільных асоб незалежна ад узросту і полу.
Паводле гісторыкаў, ВМС атрымалі заяўкі 83 кандыдатаў. Тады ж пачаліся эксперыментальныя работы над 16 прататыпамі спецыяльных катараў. Планавалася, што абраная група будзе накіраваная на двухмесячныя курсы падрыхтоўкі, якія пачнуцца 12 кастрычніка 1939 года. Аднак з-за пачатку Другой сусветнай вайны курсы не адбыліся.
Адзіным вядомым гісторыкам выпадкам выкарыстання камікадзэ стала абарона Варшавы ў 1939 годзе. Мэр горада Стэфан Стажынскі заклікаў жыхароў сталіцы арганізаваць атрад грамадзянскай абароны, мэтай якога была ліквідацыі нямецкіх ДЗАКаў. Каля 1 тыс. добраахвотнікаў выказалі гатоўнасць узрываць нямецкія кулямётныя пазіцыі.
Паводле даследавання польскіх гісторыкаў, да 31 жніўня 1939 года каля 4 тыс. 700 чалавек выказалі жаданне ўступіць у атрады «жывых тарпедаў», у тым ліку каля 150 жанчын. Большасць з іх былі маладымі людзьмі ва ўзросце 18-28 гадоў, якія жылі пераважна ў гарадах і звычайна працавалі дробнымі дзяржслужачымі або ў сферы абслугоўвання.
Каля 330 чалавек былі адабраныя для падрыхтоўкі да ўдзелу ў небяспечных баявых задачах Войска Польскага.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл