Беларуская Служба

Барацьба з дэзінфармацыяй стане часткай сістэмы нацыянальнай бяспекі Польшчы

02.07.2026 16:16
Узорам для новай мадэлі сталі скандынаўскія краіны, дзе ўжо шмат гадоў развіваюць комплексную сістэму падрыхтоўкі грамадства да крызісных сітуацый.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock/Mego studio

Польскі ўрад мае намер зрабіць барацьбу з дэзінфармацыяй адным з ключавых элементаў нацыянальнай бяспекі. Адпаведную задачу атрымала новая ўпаўнаважаная ўрада Польшчы па ўмацаванні ўстойлівасці дзяржавы, намесніца міністра нацыянальнай абароны Магдалена Сабковяк-Чарнэцкая. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв'ю Defence24.

Паводле палітыка, супрацьдзеянне дэзінфармацыі павінна стаць неад'емнай часткай сістэмы нацыянальнай абароны, бо ўплыў на грамадскія настроі з'яўляецца адным з асноўных інструментаў гібрыднай вайны.

— Будаўніцтва ўстойлівасці дзяржавы — гэта таксама барацьба з дэзінфармацыяй. Першым элементам гібрыднай вайны якраз і з'яўляецца ўздзеянне на грамадскія настроі, — адзначыла Сабковяк-Чарнэцкая.

Новая сістэма будзе ўключаць адукацыйныя праграмы для школ, органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый і людзей сталага ўзросту. Асаблівую ўвагу плануюць надаць навучанню распазнаванню фэйкавых навін, пошуку надзейных крыніц інфармацыі і падрыхтоўцы грамадзян да дзеянняў у крызісных сітуацыях.

— Гаворка ідзе пра веды аб тым, што павінна быць дома, у заплечніку ці ў аўтамабілі і як паводзіць сябе ў выпадку пагрозы, — растлумачыла намесніца міністра.

Частку сродкаў з Фонду бяспекі і абароны змогуць атрымаць органы мясцовага самакіравання для развіцця грамадзянскай абароны і мясцовай устойлівасці. Паводле Сабковяк-Чарнэцкай, узорам для новай мадэлі сталі скандынаўскія краіны, дзе ўжо шмат гадоў развіваюць комплексную сістэму падрыхтоўкі грамадства да крызісных сітуацый.

Акрамя таго, урад Польшчы плануе пашырыць супрацоўніцтва паміж навукай, абароннай прамысловасцю і войскам, каб хутчэй укараняць новыя тэхналогіі і выкарыстоўваць досвед вайны ва Украіне.

эж