Беларуская Служба

Тацяна Нядбай: Творчась стала сродкам тэрапіі для беларусаў, каб пераасэнсаваць пакуты, перанесеныя ў зняволенні

03.07.2026 08:06
У апошнія гады ў Беларусі назіраецца новы грамадска-культурны феномен — уздым лагернай літаратуры.
Аўдыё
  • У Беларусі назіраецца ўздым лагернай літаратуры
"Турэмны зборнік" фота: Л.Вялічка

З аднаго боку, гэта вынік таго, што ў лукашэнкаўскай Беларусі за кратамі апынуўся шэраг прафесійных пісьменнікаў, якія працягвалі там пісаць. Творчасць дапамагае ім перажываць гэтыя пакуты. З другога боку, творчасць стала сродкам тэрапіі для простых людзей, каб пераасэнсаваць свае пакуты, перажытыя ў зняволенні.

За доўгія гады праўлення Лукашэнкі беларусы траплялі ў месцы зняволення і пакідалі сведчанні пра гэта. Так паўставалі кнігі ўспамінаў пра турму, роздумаў. Толькі ў выдавецтве ПЦ «Вясна» выйшла 10 зборнікаў турэмных твораў беларускіх аўтараў. Сярод аўтараў Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Фядута, Алег Груздзіловіч, Павел Севярынец ды іншыя. Некаторыя выданні выходзілі яшчэ ў Беларусі, але малымі накладамі, большасць даступная ў электроннай версіі на сайце «Камунікату», які пакуль не працуе, а таксама ёсць аўдыяверсіі на старонцы audioboock. Больш падрабязна пра феномен сучаснай беларускай лагернай літаратуры мы запыталіся ў рэдактаркі серыі кніг «Беларуская турэмная літаратура» Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алены Лапцёнак.

— Пасля 2010-га году, калі ў Беларусі цягам году зʼявілася каля 60-те палітвязняў, і за кратамі аказаліся такія пісьменнікі, як Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, а Мікола Дзядок, па-мойму, ужо адбываў пакаранне на той момант, Павел Севярынец, то бок гэта людзі, якія пісалі. Безумоўна, знаходзячыся ў турме, рэфлексія патрабавала нейкага выхаду, і яны штосьці занатоўвалі, і пасля так нарадзіліся турэмныя кнігі. Мы паглядзелі, што гэта добрая ідэя — абʼяднаць іх у адну серыю і паказаць, што не проста хтосьці выдаў адну кніжку, а што гэта — тэндэнцыя, што людзі знаходзяцца за кратамі, чаму яны там апынуліся, што яны апісваюць. Напрыклад, Зміцер Дрозд — гісторык, які падрыхтаваў том з усімі дакументамі як архівіст. Мы зрабілі пераклад толькі ягоных каментароў, сам дзённік не перакладалі, і ў такім выглядзе ён змешчаны ў нашай турэмнай серыі. Ён апавядае пра турму ў Беларусі, пра ўмовы ўтрымання ў нашай пенітэнцыярнай сістэме, таму, безумоўна, гэта літаратура факту, гэта гістарычны твор, які застанецца не толькі для таго, каб яго чыталі, але і для будучых даследаванняў.

У святле падзей апошніх 6 гадоў маштабы з’явы турэмнай літаратуры могуць быць нашмат большымі, перакананая старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Тацяна Нядбай.

— Усяго маштабу мы не ведаем і дагэтуль. Магчыма, будзем ведаць пасля, калі зможам апрацаваць інфармацыю ад усіх палітычных вязняў, нават ад тых пра каго мы сёння не ведаем. Кажучы пра лагернае пісьмо, тут трэба дзяліць на дзве катэгорыі. Гэта прафесійныя пісьменнікі, якія аказваюцца за кратамі і працягваюць сваю творчую дзейнасць за кратамі, і гэта іншыя людзі, якія ў звычайным жыцці не зʼяўляюцца пісьменнікамі, але творчасць дапамагае ім перажываць гэтыя пакуты. Творчая праца становіцца для іх ратункам і свайго роду тэрапіяй. Яны ў вершах або празаічных творах выказваюць свой боль, апісваюць сітуацыі. На выхадзе мы атрымліваем літаратурныя творы рознай якасці.

Ці варта спадзявацца на новага Быкава, беларускага Шаламава, чалавека, які сутыкнуўся з трагічным досведам, адкрые ў сабе талент пісьменніка?

— Вядома. Той жа самы Максім Знак, гэта адзін з маіх улюбёных прыкладаў, які да 2020-га году таксама пісаў, але пісьменніцкая ідэнтычнасць не была для яго адной з ключавых, як мне падавалася. Я кажу, гэта не з ягоных словаў, а столькі за свайго ўражання. Разам з тым, ягоны поспех «Зэкамерона» натхняе Максіма на тое, што, магчыма, яму варта апісаць іншы свой досвед, тым больш, што гэта не шараговы нават для палітычных вязняў досвед інкамунікада, некалькі гадоў без камунікацыі з вонкавым светам, гэта вельмі жорсткая сітуацыя. І калі ён зможа аднавіць хаця б частку твораў, якія ён пісаў, калі ён зможа зафіксаваць той свой досвед, я думаю, што гэта можа быць вельмі цікавы літаратурны даробак не толькі як сведчанне турэмнага жыцця, але як літаратурны твор. Тут таксама ёсць такая складанасць, што ў людзей у турме ёсць вольны час, бо яны не могуць нічым іншым займацца, і яны пачынаюць чытаць і пісаць, і гэта пісьмо становіцца формай і выжывання. У звычайным жыцці, пасля вызвалення, гэтыя людзі вымушаны выжываць, ім трэба зарабляць, ім трэба плаціць за кватэру, ім трэба неяк утрымліваць сябе і сямʼю, і гэта тое, што пазбаўляе людзей прасторы для пісання. Тут пытанне ў тым, каб у гэтых людзей знайшлася дадатковая матывацыя, каб напісаць нанова свае тэксты пра свой досвед. Калі зоркі сыдуцца, калі, можа быць, будзе знешняя магчымасць у выглядзе рэзідэнцыі, тады я думаю, што мы зможам разлічваць і на новых Быкавых.

Сапраўднай праблемай для публікацыі новых турэмных сведчанняў стала канфіскацыя рукапісаў лукашэнкаўскімі турэмшчыкамі. Гэта адмысловая форма катаванняў, якую ўжывае рэжым, кажуць адмыслоўцы.

Юры Ліхтаровіч