У Польшчы звяртаюць увагу на праблему варожасці паміж палякамі і ўкраінцамі. Прыклад ідзе зверху — сур’ёзны канфлікт у міждзяржаўных адносінах пачаўся, калі прэзідэнт Караль Наўроцкі пазбавіў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы — Ордэна Белага арла. Такім чынам польскі лідар адказаў на прысваенне Зяленскім звання “герояў УПА” аднаму з украінскіх ваенных падраздзяленняў. Але ў польскім грамадстве варожасць да ўкраінцаў з'явілася значна раней. І не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым палітыкі.
Пазбаўленне Зяленскага Ордэна Белага арла пашырыла антыўкраінскія настроі ў Польшчы, але гэты працэс пачаўся значна раней, тэндэнцыя назіраецца ўжо даволі доўгі час. Ёсць нямала прадстаўнікоў як палітычнай сцэны, так і медыйнай сферы, якія карыстаюцца стомленасцю палякаў ад вялікага наплыву іншаземцаў, асабліва ўкраінцаў, і спрабуюць збіць на гэтай тэматыцы палітычны капітал і папулярнасць у сеціве.
Кіраўнік Рады міністраў Польшчы Дональд Туск заклікаў палітыкаў спыніць антыўкраінскую прапаганду. Гэта рэакцыя прэм’ер-міністра на падзеі, якія мелі месца на днях у горадзе Бельска-Бяла (Bielsko-Biała). Мужчына напаў на двух украінскіх падлеткаў у аўтобусе грамадскага транспарту. Праўда, агрэсар абмежаваўся толькі слоўнай атакай, але яна выклікала грамадскі рэзананс.
На думку Туска, прыклад негатыўнага стаўлення да ўкраінцаў даюць некаторыя безадказныя палітыкі.
— Калі хтосьці хоча плыць на хвалі нейкіх негатыўных настрояў, негатыўнага стаўлення да ўкраінцаў, дык такі палітык з’яўляецца для мяне ворагам грамадства. Агіднае здарэнне мела месца ў Бельску-Бялай. Я не ведаю ніводнага прыстойнага чалавека, які б не асудзіў такіх паводзін, як у адносінах да гэтых украінскіх дзяўчынак. На жаль, гэта доказ таго, што падбухторванне людзей прыносіць жахлівыя наступствы. Так нельга сябе паводзіць.
Мужчыну, які абразіў украінскіх дзяўчат, затрымала паліцыя. Ён з’яўляецца супрацоўнікам Муніцыпальнага аўтобуснага прадпрыемства ў Бельску-Бялай. Кампанія абвясціла аб рашэнні звольніць яго з працы.
Пра пашырэнне антыўкраінскіх настрояў казаў і намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Шыманьскі (Tomasz Szymański). Ён згодны з прэм’ерам, што адказнасць за гэта нясуць некаторыя палітыкі.
— Перш за ўсё адказнасць за гэта павінны ўзяць на сябе палітыкі, не выкарыстоўваць сітуацыі дзеля будавання сваёй палітычнай папулярнасці. Мы бачым, што ёсць палітычныя сілы, якія будуюць папулярнасць на крызісе ў адносінах з украінцамі, будуюць сваю сілу на распальванні варожасці ў адносінах да ўкраінцаў. І здарэнне ў Бельску-Бялай стала квінтэсэнцыяй таго, што мы назіраем у апошні час — падбухторвання палякаў супраць украінцаў. На жаль, у выніку расце агрэсія, і нават дзеці не могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.
Палітыкі і грамадскія арганізацыі павінны актыўна супрацьстаяць антыўкраінскім наратывам у інтэрнэце, — кажа Каміль Смагажэўскі (Kamil Smogorzewski), дырэктар па камунікацыях Еўрапейскага аналітычнага цэнтру Res Futura. На ягоную думку, эскалацыя такога кантэнту можа прывесці да актаў гвалту, прыкладам чаго з'яўляецца напад на ўкраінскіх дзяцей у Бельску-Бялай.
— Будзе ўсё больш такіх падзей, калі палітыкі і грамадскія дзеячы не прымуць рашэння прапанаваць уласны наратыў, які супакоіць гэтыя негатыўныя эмоцыі. На жаль, у інтэрнэце немагчыма навязаць уласны наратыў у адказ на такія крайнія погляды. Калі крайне правыя палітыкі навязваюць свой наратыў, немагчыма перамагчы іх у сеціве, адказваючы на іх пастулаты. Неабходна быць “над” імі, супрацьпастаўляць ім іншыя, пазітыўныя тэмы. Тут вялізную ролю адыгрываюць эмоцыі, а пазітыўныя эмоцыі таксама могуць прабіцца.
Палітыкі нясуць частку адказнасці за такія падзеі, пацвердзіла віцэ-прэзідэнт Фонду «Актыўная дэмакратыя» Кінга Дагмара Сядляк (Kinga Dagmara Siadlak). Пры гэтым, яна заявіла, што грамадства не павінна дазваляць палітыкам сабой маніпуляваць.
— Палітыкі, за якіх мы галасуем, сваімі дзеяннямі могуць шкодзіць грамадству. Калі сярод людзей з'яўляецца ўсё больш варожасці, яны перастаюць размаўляць паміж сабою. А тое, што мы гаворым, перастае быць нашым поглядам, а становіцца воссю нашага жыцця, і мы не ў стане пачуць іншы пункт гледжання. Пры гэтым, палітычныя эліты паступаюць вельмі безадказна — яны не шукаюць спосабаў вырашэння праблем, а карыстаюцца імі. Гэта мне нагадвае больш спартыўныя спаборніцтвы, чым палітыку.
Каб прадстаўленне тэмы не было цалкам аднабаковым, трэба сказаць, што ўкраінцы ў Польшчы здзяйсняюць злачынствы. Але, часцей за ўсё гэта хуліганскія выхадкі і лёгкія правапарушэнні, чым сур’ёзныя парушэнні законаў. Напрыклад, шырокі грамадскі рэзананс выклікала справа ўкраінца, які злавіў рыбу — сама ў адным з варшаўскіх вадаёмаў. Пры гэтым, паведамлялася, што ён адпусціў рыбу назад у ваду. Іншы ўкраінец, вядомы блогер, пад’ехаў сваім дарагім аўтамабілем прама да возера Марское вока каля Закапанэ, дзе забаронены рух прыватных транспартных сродкаў. Аднак, улічваючы вялікую колькасць украінцаў у Польшчы (звыш мільёна чалавек), трэба адзначыць, што сярод такой вялікай групы іншаземцаў непазбежна будуць здарацца злачынствы. Толькі цяпер негатыўны фокус сышоўся менавіта на ўкраінцах. Гэта замкнёнае кола — калі расце ўзаемны недавер, людзі перастаюць ісці на кантакты з прадстаўнікамі дадзенай этнічнай групы, градус прадузятасці павышаецца. Гэта пацвердзіў украінскі блогер Дзяніс Лук’янаў, які ўжо шмат гадоў жыве ў Польшчы і ў сваіх відэа распавядае пра жыццё ў краіне.
— Мне расказваў знаёмы хлопец, які маладзейшы за мяне, што раней з полькамі знаёміўся без праблем, а цяпер — ужо не. І таксама нашы дзяўчаты ўжо не вельмі хочуць знаёміцца з палякамі.
Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы, у 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, у Польшчы было зафіксавана амаль 9,5 тыс злачынстваў на глебе нацыянальнай нянавісці, ахвярамі якіх сталі грамадзяне Украіны. Годам пазней іх колькасць перавысіла 11 тысяч, а ў мінулым годзе склала каля 10,5 тысячы. Так што нельга сказаць, што антыўкраінскія настроі рэзка выраслі апошнім часам.
нг