Анджэй Пачобут абраў Беласток, як месца пражывання для сваёй сям'і, але не адмаўляецца ад планаў вярнуцца ў Беларусь, паведамляе сайт press.pl.
У аўторак падчас адмысловай урачыстасці, якая прайшла ў беластоцкім Гасцінным палацы, журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі падпісаў заяву на арэнду кватэры з муніцыпальнага жыллёвага фонду Асацыяцыі сацыяльнага жылля (TBS).
Мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі запэўніў, што заяўка былога палітвязня будзе разгледжана ў паскораным рэжыме, і ключы ад двухпакаёвай кватэры, плошчай 48 квадратных метраў, Анджэй Пачобут атрымае прыблізна праз тры тыдні.
— Тое, што ён абраў Беласток — вялікі гонар для нас. Мушу сказаць, што канкурэнцыя была, бо іншыя гарады таксама прапанавалі яму кватэры, але яны (кватэры – рэд.) знаходзіліся крыху далей ад усходняй мяжы, ад дыяспары, якая тут жыве. Тут (у Беластоку – рэд.) пражывае шмат палякаў з Беларусі і беларусаў, — сказаў Тадэвуш Трускаляскі.
Анджэй Пачобут падзякаваў мэру Беластока і ўсім, хто ўдзельнічаў у працэсе атрымання кватэры і хто так добразычліва ставіўся да яго сямʼі. Як паясніў, сам надалей мае намер паехаць у верасні ў свой дом у Гродне ў Беларусі, а кватэрай у Беластоку будуць карыстацца ягоныя дзеці. Анджэй Пачобут дадаў, што мае намер наведваць іх тут, калі будзе ў Польшчы.
Ураджэнец Гродна, журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут быў арыштаваны беларускімі ўладамі і зняволены 25 сакавіка 2021 года. Ён быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі за меркаванае «падбухторванне да нянавісці» і «рэабілітацыю нацызму». Нягледзячы на выключна жорсткія ўмовы ўтрымання, ён адмовіўся падпісваць просьбу аб памілаванні.
Ён быў вызвалены з турмы 28 красавіка 2026 года ў рамках міжнароднага абмену палоннымі пасля больш чым пяці гадоў за кратамі.
аз