Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Праваабаронцы разам з Анджэем Пачобутам звяртаюцца да прэм'ер-міністра Польшчы па пытанні беларусаў

04.08.2026 17:48
У адкрытым лісце аўтары апісваюць цяжкую сітуацыю беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • Адкрыты ліст да прэм'ер-міністра Польшчы
Amnesty International
Amnesty International By The logo may be obtained from Amnesty International., Fair use, https://en.wikipedia.org/w/index.php?curid=58687938

Самы вядомы ў Польшчы былы палітычны вязень беларускага рэжыму — Анджэй Пачобут  падпісаўся пад адкрытым лістом да польскіх уладаў. Гаворка ідзе пра складаную прававую сітуацыю грамадзян Беларусі ў Польшчы ў выніку Дэкрэта № 278, які быў прыняты ў Беларусі некалькі гадоў таму.

У адкрытым лісце прэм'ер-міністру Дональду Туску ад імя арганізацыі Amnesty International, пад якім падпісаўся Анджэй Пачобут, аўтары апісваюць складаную сітуацыю беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі. Нагадаем, у 2023 годзе грамадзяне Беларусі страцілі магчымасць падаўжаць або атрымліваць пашпарты ў консульствах за мяжой. На гэта ў сваёй кампаніі звяртаюць увагу праваабаронцы, — гаворыць каардынатарка кампаніі Amnesty International Яанна Расткоўска (Joanna Rostkowska).

 Гэта кампанія пад назваю «Страчаная штодзённасць», яна тычыцца грамадзян Беларусі. Мы згадваем палітычных зняволеных, якія знаходзіцца ў турме за свае погляды і не могуць нармальна жыць. Але гэтая страта звычайнага, паўсядзённага жыцця датычыць і людзей, якія жывуць за межамі Беларусі, але маюць праблемы з дакументамі. Праблема ўзнікла ў 2023 годзе, калі Лукашэнка прыняў указ, у выніку якога грамадзяне Беларусі не могуць падаўжаць свае пашпарты за межамі сваёй краіны.

— Многія лічаць, што такім чынам беларускі кіраўнік адпомсціў беларусам за пратэсты 2020 года. З якімі цяжкасцямі сустракаюцца асобы, якія не могуць аформіць дакументы за мяжой, а тэрмін дзеяння пашпарта закончыўся?

— Адсутнасць магчымасці падарожнічаць, але не толькі. Гэты закон быў уведзены, як вы сказалі, з помсты, каб ускладніць жыццё людзям за мяжой або прымусіць іх вярнуцца ў краіну. Для некаторых людзей гэта не праблема, але той, хто выступаў супраць уладаў, не можа вярнуцца ў Беларусь, паколькі невядома, чым гэта закончыцца. На што ўплывае пратэрмінаваны пашпарт, акрамя магчымасці выехаць за мяжу? Гэта звычайныя рэчы, пра якія мы нават не думаем, калі ў нас ёсць дакументы. Гэта пошук легальнай працы, паступленне ў ВНУ, візіт да ўрача. Мы чулі расповед чалавека, які быў вымушаны ўцякаць ад рэпрэсій у Беларусі. У Польшчы ён закахаўся, але не можа ажаніцца, таму што ў яго няма дакументаў. Мы чулі шмат гісторый пра тое, як цяжка адкрыць банкаўскі рахунак. Калі не ўдасца натрапіць на прыязнага чалавека ў банку, гэта сапраўды цяжка. Гэта таксама пытанне арэнды кватэры. Адзін чалавек не мог паехаць у Беларусь на пахаванне маці. Гэта штодзённыя справы, якія перашкаджаюць нармальна жыць.

— А што, на вашу думку, можа зрабіць польскі ўрад, як можна аблегчыць сітуацыю беларусаў у Польшчы?

 Просты крок, якога мы патрабуем у нашым лісце, падпісаным Анджэем Пачобутам, гэта падаўжэнне тэрміну дзеяння польскага дакумента для падарожжа на тэрмін да як мінімум трох гадоў. Цяпер гэты дакумент выдаецца толькі на год, а тэрмін афармлення часта зацягваецца на некалькі месяцаў, і нават даўжэй. Такім чынам, хтосьці можа толькі атрымаць дакумент, а ўжо неабходна падаваць дакументы, каб аформіць новы. Таму падаўжэнне тэрміну яго дзеяння з аднаго года да трох гадоў было б значнай палёгкай. Варта адзначыць, што польскі ўрад адрэагаваў на змены, уведзеныя ў Беларусі ў 2023 годзе. Польскае МУС спрасціла выдачу падарожнага дакумента грамадзянам Беларусі. Але гэтая пастанова падаўжаецца кожныя шэсць месяцаў. Гэта адбірае ў людзей пачуццё стабільнасці. Мы просім замацаваць гэтыя нормы ў законе, каб людзі кожныя шэсць месяцаў не турбаваліся аб тым, ці змогуць яны атрымаць дакументы паводле спрошчанай працэдуры.

— У Польшчы цяпер шмат замежнікаў, таму чыноўнікі не заўсёды спраўляюцца з вялікай колькасцю дакументаў. І, як вы сказалі, трэба чакаць доўга, а выдаецца дакумент для падарожжа максімальна на год. Таму можа аказацца, што чалавек страчвае легальны статус знаходжання.

 Гэта такое замкнёнае кола, бо для легальнага знаходжання ў Польшчы патрэбная карта побыту, а каб яе атрымаць, трэба прад'явіць дакумент, які пацвярджае асобу, у тым ліку часовы дакумент для падарожжа для замежнікаў. Але праблема таксама ў тым, што не ўсе ўстановы прызнаюць гэты часовы падарожны дакумент для замежнікаў дакументам, які пацвярджае асобу, хаця так павінна быць. Гэта важна для людзей, якія хочуць адкрыць банкаўскі рахунак, уладкавацца на працу, зняць кватэру, падарожнічаць. Такім чынам, цяжка нешта планаваць. Я шмат разоў чула, што хтосьці чакаў трыста з лішнім дзён, нават 400 дзён, каб атрымаць гэтыя дакументы. Што ў такой сітуацыі рабіць людзям?

— Вы таксама звяртаеце ўвагу на дзяцей грамадзян Беларусі, якія нарадзіліся ў Польшчы – бацькі не могуць атрымаць на іх дакументы.

 Калі дзіця нараджаецца ў Польшчы, у яго, акрамя пасведчання аб нараджэнні, няма дакументаў, таму немагчыма легалізаваць яго знаходжанне. Такім чынам, бацькі стаяць перад выбарам: вярнуцца ў Беларусь, каб атрымаць дакументы для свайго дзіцяці, і, магчыма, рызыкаваць быць затрыманымі, ці жыць без дакументаў.

— Вы папрасілі Анджэя Пачобута, каб ён далучыўся да вашых заклікаў. Гэта можа спрацаваць, паколькі цяпер спадар Анджэй мае вялікі аўтарытэт у Польшчы. А ці была ўжо рэакцыя на ваш ліст?

 Мы пакуль што не атрымалі адказу на наш ліст ад прэм'ер-міністра. Раней мы звярталіся ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, і МУС адказала, што вырашыць некаторыя з гэтых пытанняў, але, на жаль, адказы былі вельмі агульнымі. Таму мы працягваем уздымаць гэтае пытанне. Нядаўна мы сустрэліся, між іншым, з сенатарам Адамам Боднарам, каб звярнуць яго ўвагу на гэтую праблему. Неабходна прыцягнуць увагу як мага большай колькасці палітыкаў, каб яны маглі пачаць дзейнічаць. Многія беларусы, якія жывуць у Польшчы, кажуць, што хацелі б застацца тут і спадзяюцца, што змогуць гэта зрабіць. А спадар Анджэй Пачобут — надзвычай важная фігура, сапраўдны сімвал барацьбы за свабоду. Для яго вельмі важныя пытанні палякаў у Беларусі, а таксама беларусаў у цэлым. Гэта істотны голас, каб прыцягнуць увагу, у тым ліку прэм'ер-міністра, да гэтага пытання.

У адкрытым лісце адзначаецца, што звыш 140 000 беларусаў жывуць у Польшчы, уносячы свой уклад у развіццё эканомікі. Яны шануюць польскую культуру, хутка інтэгруюцца, вывучаюць мову. Неабходна, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы. Урад можа зрабіць рэальныя крокі ў гэтым кірунку. На сайце Amnesty International можна падпісаць адпаведную петыцыю. 

нг