Прафесійнае выгаранне закранае ўсё больш працаўнікоў у Польшчы. Паводле даследавання арганізацыі UCE Research і платформы ePsycholodzy, 78,3 працэнта эканамічна актыўных палякаў маюць прынамсі адзін сімптом выгарання. Тры гады таму гэты паказчык складаў 65,3 працэнта – чытаем у выданні "Forsal".
Часцей за ўсё рэспандэнты скардзяцца на працяглую стомленасць і недахоп энергіі, адсутнасць задавальнення ад працы, абыякавае стаўленне да абавязкаў, раздражняльнасць і зніжэнне прадукцыйнасці.
Псіхолагі адзначаюць, што выгаранне не ўзнікае раптоўна. Арганізм на працягу многіх месяцаў можа падаваць папераджальныя сігналы — гэта бессань, галаўны боль ці напружанне мышцаў. Аднак людзі часта іх ігнаруюць, пакуль не аказваюцца, што яны проста не ў стане нармальна функцыянаваць.
Праблема тычыцца не толькі кіраўнікоў або людзей, якія працуюць па шмат гадзін у дзень. Усё часцей яна закранае і маладых працаўнікоў. Мяжа паміж працай і асабістым жыццём у нашыя часы вельмі размытая, калі працоўныя абавязкі пераносяцца на вечары, выходныя і адпачынак. Паводле Еўрастата, палякі ў сярэднім працуюць 40,5 гадзіны на тыдзень — гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўрасаюзе. Эксперты папярэджваюць, што наступствы адчуе і рынак працы: можа расці колькасць бальнічных, цякучасць кадраў, канфлікты і зніжацца прадукцыйнасць.
Псіхолагі заклікаюць не ўспрымаць выгаранне як прыкмету слабасці. Важна своечасова рэагаваць на першыя сімптомы і ствараць на працоўных месцах умовы, у якіх чалавек можа адкрыта сказаць, што яму патрэбная дапамога.
Паводле даследавання, амаль 48% палякаў узялі б бальнічны з-за прафесійнага выгарання, калі б такая магчымасць існавала. Аднак само выгаранне ў Польшчы не з'яўляецца аўтаматычнай падставай для бальнічнага — рашэнне прымае лекар на падставе стану здароўя пацыента.
нг