Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Новая кар’ера пасля пяцідзесяці. Поспех жанчын, якія не пабаяліся пачаць усё спачатку

20.08.2026 14:50
Часопіс «Forbes Women» апублікаваў спіс «50 пасля 50», прысвечаны жанчынам, якія кардынальна змянілі сваё прафесійнае жыццё.
Fobes Women -
Fobes Women - вокладкакрыніца: www.forbes.pl

Польскі часопіс «Forbes Women» апублікаваў спіс «50 пасля 50», прысвечаны жанчынам, якія пасля пяцідзесяці гадоў кардынальна змянілі сваё прафесійнае жыццё і дасягнулі поспеху.

Яшчэ трыццаць гадоў таму людзі ва ўзросце ад 45 да 64 гадоў складалі 29 працэнтаў працоўнай сілы ў краінах АЭСР — Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Сёння іх ужо 41 працэнт. Аднак, нягледзячы на рост значэння вопыту, узроставая дыскрымінацыя застаецца сур’ёзнай праблемай.

Паводле міжнароднага даследавання «Breaking the Age Code», 95 працэнтаў жанчын пасля пяцідзесяці гадоў лічаць эйджызм распаўсюджанай з’явай, а дзве траціны сутыкаліся з ім асабіста або былі яго сведкамі.

Галоўны рэдактар «Forbes Women» Кацярына Дэмбэк падкрэслівае: вопыт — гэта капітал, а не абмежаванне, а на смелыя рашэнні ніколі не позна.

Сярод гераінь спісу — Галіна Бабло. Яна 45 гадоў працавала прадаўшчыцай, а мастацкі талент адкрыла толькі пасля выхаду на пенсію падчас заняткаў арт-тэрапіі. За тры гады жанчына стварыла каля трох тысяч твораў, якія дэманстраваліся на выставах у Польшчы, Чэхіі і Славакіі.

Яшчэ адзін прыклад — Ганна Грэнь. У 55 гадоў яна закрыла ўласную бухгалтарскую фірму і стала пісьменніцай. Сёння яна з’яўляецца аўтаркай папулярных дэтэктыўных раманаў і адной з вядомых прадстаўніц польскага рэгіянальнага дэтэктыву.

У сваю чаргу Анэта Гінтоўт пасля шматгадовай працы суддзёй вырашыла змяніць прафесію і адкрыла ўласную адвакатскую кантору. Цяпер яна выкарыстоўвае досвед, атрыманы па абодва бакі судовай залы, спецыялізуючыся ў тым ліку на сямейным праве і абароне асабістых правоў грамадзян.

яс