Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Многія анкалагічныя захворванні перасталі быць смяротнымі, але поспех лячэння залежыць ад важнага фактару

25.08.2026 16:47
Пацыенты часта звяртаюцца да лекара надта позна.
Аўдыё
  • Медыцына ўсё лепш спраўляецца з лячэннем анкалагічных захворванняў.
  -     .
Каляровыя стужкі - сімвал барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. Фота: Pixabay.com/Gwen_30

Калі чалавек чуе дыягназ «анкалогія», пад ім падкошваюцца ногі. Усё яшчэ многія мяркуюць, што рак – гэта заўсёды прысуд, шлях у адзін канец. І таму здараецца, што людзі зацягваюць з візітам у лекара, паколькі баяцца пачуць страшны дыягназ. А ў сённяшняй рубрыцы пойдзе гаворка пра тое, што медыцына ўсё лепш спраўляецца з лячэннем. 

У медыцыне ідзе сапраўдная рэвалюцыя. Анкалагічныя захворванні перасталі ўжо быць смяротнымі. Пры гэтым, вельмі важна, каб рак быў выяўлены на ранняй стадыі, ад гэтага залежыць поспех лячэння, - адзначае Агнешка Дольна (Agnieszka Dolna) з фонду Алівія (Fundacja Alivia), які займаецца дапамогай пацыентам з анкалогіяй.    

— Я з вамі згодная, што адбываецца рэвалюцыя. Медыцына хутка развіваецца, і рак сапраўды становіцца хранічным захворваннем. На жаль, людзі ўсё яшчэ паміраюць ад раку, але не таму, што лячэнне неэфектыўнае, а таму, што пацыенты звяртаюцца па дапамогу занадта позна. Калі рак выявіць у самым пачатку, яго можна вылечыць. Нядаўна мы правялі даследаванне, якое паказвае, што толькі чвэрць пацыентаў звярнуліся па медыцынскую дапамогу на I стадыі, якая дае шанец на поўнае выздараўленне. Больш чым у паловы апытаных была ўжо II або III стадыя, а ў кожнага пятага пацыента быў пастаўлены дыягназ на запушчанай стадыі, часта з метастазамі. Такім чынам, мы ўсё яшчэ звяртаемся да лекара занадта позна.

А чаму так адбываецца? Ці гэта празмерная загружанасць сістэмы, ці часцей страх пацыентаў перад хваробай, якія адцягваюць візіт?

— З аднаго боку, ёсць людзі, якія бачаць сімптомы, але баяцца, што нешта выявяць. У іх блізкія памерлі ад раку, не было поспехаў у лячэнні, таму яны баяцца. І гэта просты спосаб паўтарыць сямейную гісторыю. З іншага боку, многія людзі проста не заўважаюць сімптомаў або шукаюць іншую прычыну. Акрамя таго, існуе праблема, што пацыент сутыкаецца з сістэмнымі перашкодамі, як доўгія чэргі да лекара, на абследаванне і лячэнне. Мы, у Фондзе Alivia, вядзём маніторынг магчымасці абследавацца ў анкалогіі. Гэта праект onkoscanner.pl. На гэтым сайце пацыент можа знайсці месца, дзе ён можа хутка прайсці абследаванне, на якое яго кіруе лекар. Не заўсёды гэта бальніца каля дому, але варта пашукаць, каб прайсці тэсты як мага хутчэй.

Усе больш-менш ведаюць, як неабходна жыць, каб прадухіліць развіццё анкалогіі. Вядома, што трэба рацыянальна харчавацца, пазбягаць дрэнных звычак, як цыгарэты і алкаголь, штодзённа рухацца. Пры гэтым, цяпер нас залівае такая вялізная хваля розных парад з усіх бакоў, што цяжка разабрацца, што правільна, а што прыносіць больш шкоды, чым карысці. Была спроба ўвесці прадмет “медыцынская адукацыя” у школе, але няўдачная. Ці, на вашую думку, трэба вучыць дзяцей пра здароўе з самых ранніх гадоў?

 Так, асновы здаровага ладу жыцця неабходна прасоўваць з дзяцінства, ад дашкольнай адукацыі. На маю думку, не абавязкова, каб гэта быў асобны прадмет. Адпаведныя веды можна прадстаўляць, напрыклад, на ўроках біялогіі. Гаворка ідзе пра здаровае харчаванне, здаровыя звычкі, ролю фізічных практыкаванняў у падтрыманні здароўя, якія аналізы трэба праводзіць, праблему дрэнных звычак – чаму цыгарэты, наркотыкі ці алкаголь такія шкодныя. Скажам, мы асацыюем курэнне тытуню выключна з ракам лёгкіх, а курэнне адказвае амаль за 30% усіх смерцяў ад раку. Спажыванне алкаголю таксама павышае рызыку. Няправільнае харчаванне, атлусценне і празмернае спажыванне чырвонага мяса, тлушчу і цукру цесна звязаны з ракам тоўстай кішкі. Наступная справа – стрэс, які адчуваюць не толькі дарослыя, але і дзеці. Хранічны стрэс праз розныя метабалічныя працэсы спрыяе аслабленню імунітэту арганізма і паніжэнню яго здольнасці спраўляцца з нішчэннем ракавых клетак.

Працэс лячэння анкалогіі бывае складаны. І вельмі дарагі. А што, калі ад раку пакутуе чалавек без польскага грамадзянства? Мы чуем пра шмат выпадкаў, калі хварэюць беларусы, якія выехалі ў Польшчу. Дарэчы, некаторыя выпадкі могуць быць звязаны з вялікімі стрэсам, які перанеслі людзі. Што б вы ім параілі замежнікам?

 Перш за ўсё, неабходна пераканацца, што ў вас ёсць страхоўка. Страхоўку маюць асобы, якія легальна працуюць у Польшчы, што было б аптымальнай сітуацыяй. Існуе таксама магчымасць набыць медыцынскую страхоўку ў Нацыянальным фондзе аховы здароўя (NFZ). Яна каштуе каля 900 злотых. Усе мы пакутуем ад розных хвароб, але лячэнне грыпу ў прыватнага лекара нядорага, а лячэнне раку каштуе сотні тысяч злотых. Таму варта аформіць страхоўку ў NFZ ці ў камерцыйнай страхавой кампаніі. На жаль, нельга аформіць страхоўку заднім чыслом, калі ўжо ёсць хвароба. Пры гэтым, у цяжкіх сітуацыях мы прапануем нашу дапамогу ўсім, хто легальна пражывае ў Польшчы. Напрыклад, праводзім збор сродкаў на партале onkozbiórka.pl. Мы дапамагаем пацыентам збіраць грошы. Гэтыя сродкі можна прызначыць на кампенсацыю выдаткаў, звязаных з лячэннем.

Неабходна памятаць, што некаторыя віды анкалогіі перадаюцца праз гены з пакалення ў пакаленне. Адным з прыкладаў з'яўляецца мутацыя гена BRCA1-2. Гэтая мутацыя адказвае за рак малочнай залозы, рак яечнікаў і рак прастаты ў мужчын. У гэтым выпадку здаровы стыль жыцця можа не прадухіліць захворвання. Таму варта прайсці генетычнае тэставанне.

нг