Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Наркотыкі можна заказаць з дастаўкай у аўтаматычную паштовую скрыню? Так, гэта ўжо рэальнасць

01.09.2026 22:09
Нельга верыць дылерам, што яны прадаюць «бяспечныя і правераныя» наркотыкі, паколькі гэта няпраўда.
.
Наркотыкі. MÍRIAM Guasch Arrazola /pixabay.com/CC0 Public Domain

Наркотыкі ўсё часцей трапляюць да атрымальнікаў у пасылках, заказаных у інтэрнэце, піша «Rzeczpospolita». Іх таксама можна набыць ў даркнэце, а заказ атрымаць у кур'ера або ў паштовай скрыні, аплаціўшы яго праз імгненную аплату (BLIK) або крыптавалютай.

Падчас аперацыі «Крышталь», праведзенай паліцыяй і падатковай адміністрацыяй у чэрвені, было праверана больш за 2500 пасылак, у якіх было выяўлена 93 кілаграмы наркотыкаў.

Эксперты, на якіх спасылаецца газета, лічаць, што для эфектыўнай барацьбы з гэтым відам дзейнасці патрабуецца спалучэнне дадзеных, сабраных у інтэрнэце, лагістыкі, фінансаў і традыцыйнай разведвальнай працы. Кожная анлайн-здзелка пакідае лічбавы след.

«Атрымальнік не бачыць дылера, але, парадаксальна, прадавец пакідае ў сеціве значна больш слядоў, чым тады, калі здзелка адбываецца выключна тварам у твар», — адзначае былы афіцэр паліцыі Томаш Саф'яньскі (Tomasz Safjański).

Большасць асоб, якія купляюць і спажываюць наркотыкі, маюць як залежнасць, так і псіхічныя расстройствы. А польскі рынак навадняюць адносна танныя сінтэтычныя наркотыкі.

«Сітуацыя вельмі трывожная. Наркабізнес адчувае сябе выдатна, а тое, што затрымлівае паліцыя, гэта толькі вяршыня айсберга», — кажа былы дырэктар Нацыянальнага цэнтра супрацьдзеяння наркаманіі доктар Пётр Яблоньскі (Piotr Jabłoński).  

На думку эксперта, барацьба паліцыі з наркатрафікам — гэта важная справа, але, з іншага боку, патрэбна шырокая прафілактыка, каб абмежаваць попыт. Пакупнікі таксама не павінны верыць дылерам, калі тыя кажуць, што прадаюць «бяспечныя і правераныя» наркотыкі, паколькі гэта няпраўда. 

нг