Беспрацоўе
Познань і Варшава маюць самы нізкі ўзровень беспрацоўя сярод польскіх гарадоў — 1,6% — паведамляецца на сайце Business Insider.
Зусім нядрэнна з працаўладкаваннем таксама ў Катавіцэ з прычыны невялікага беспрацоўя (1,8%), Уроцлаве (2,5%), Кракаве (2,8%) і Быдгашчы (2,8%).
З 16 прааналізаваных гарадоў толькі два мелі ніжэйшы ўзровень беспрацоўя ў сярэдзіне 2026 года, чым у канцы 2025 года — гэта Аполе (3,1%) і Люблін (4,3%).
Беласток — горад з найгоршымі паказчыкамі — там узровень беспрацоўя амаль у чатыры разы вышэйшы, чым у Варшаве і Познані. У сталіцы Падляскага ваяводства беспрацоўе складае 5,9%. У Лодзі і Кельцэ — прыкладна такі ж узровень.
Заробкі
З 16 гарадоў сем маюць сярэднія заробкі вышэйшыя за сярэдні заробак у краіне, які складае 9 401,58 злотых брута (па стане на чэрвень 2026 года). Самы малы заробак у Кельцэ — 7830 злотых. У Беластоку сярэдні заробак складае 7902 злотыя.
У Познані заробкі перавышаюць 10 000 злотых, у той час як жыхары Варшавы, Гданьска, Катавіцэ і Кракава зарабляюць у сярэднім больш за 11 000 злотых.
Жыллё
Парадак гарадоў цалкам змяняецца, калі параўноўваем заробкі з цэнамі на нерухомасць, што на практыцы дэманструе даступнасць жылля для мясцовых жыхароў.
Як адзначае эксперт па нерухомасці Марцін Драгамірэцкі, за апошнія шэсць месяцаў сярэдняя цана за квадратны метр павялічылася прыкладна на 1,9% ва ўсіх аналізаваных гарадах, акрамя Лодзі (-3,4%) і Любліна (без зменаў). Найбольшы рост, больш за 3 працэнты, назіраўся ў Беластоку, Катавіцэ, Жэшаве, Аполе і Кракаве.
Катавіцэ маюць найлепшыя суадносіны коштаў на кватэру і заробкаў — за адзін сярэдні заробак можна купіць больш чым адзін метр кватэры. Падобная сітуацыя ў Лодзі і Гожаве-Велькапольскім. У астатніх 13 польскіх гарадах на адзін квадратны метр кватэры прыходзіцца працаваць больш за месяц. У Беластоку за адну сярэднюю зарплату ў гэтым горадзе можна купіць 0,78 м2.
Традыцыйна найгоршыя суадносіны коштаў на кватэры да заробкаў назіраюцца ў Варшаве. Сярэдні заробак у сталіцы перавышае 11 000 злотых брута, а адзін квадрат кватэры каштуе каля 17 700 злотых.
Суадносіны не нашмат лепшыя ў Кракаве (0,69 квадратных метраў), Гданьску (0,72 квадратных метраў) і Уроцлаве (0,74 квадратных метраў).
яс