Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Удзельнікі Першага кангрэса інфармацыйнай бяспекі будуць вучыцца распазнаваць прыёмы маніпуляцыі інфармацыяй

17.09.2026 17:43
Настаўнікі і студэнты з'яўляюцца адной з ключавых мэтавых груп кангрэса і семінараў. 
Аўдыё
  • Першы кангрэс інфармацыйнай бяспекі ў Беластоку
:
Фота:https://reinfo.pl

Кожны з нас кожны дзень сутыкаецца з вялікай колькасцю інфармацыі, і не заўсёды нам удаецца адрозніць праўду ад хлусні ці маніпуляцыі — свядомай або выпадковай. Эксперты, якія прафесійна займаюцца інфармацыяй, вырашылі аб'яднаць намаганні па процідзеянні дэзінфармацыі, каб розныя арганізацыі і ўстановы мелі магчымасць абмяняцца ведамі, поглядамі і вопытам.  

Пагрозы, звязаныя з маніпуляцыяй, кагнітыўнымі інфармацыйнымі атакамі ўплываюць не толькі на грамадскую дыскусію, але могуць таксама аказваць негатыўны ўплыў на нацыянальную бяспеку, дэмакратычныя працэсы, эканоміку ў цэлым, устойлівасць і стабільнасць грамадства. На думку экспертаў, у Польшчы ўсё яшчэ бракуе платформы, якая аб'яднўўвала б розныя асяроддзі і дапамагала супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі. Істотным крокам у напрамку стварэння такой платформы павінен стаць Першы кангрэс інфармацыйнай бяспекі. Адным з яго арганізатараў з’яўляецца Інстытут Заменгофа (Instytut Zamenhofa). Пра мэты мерапрыемства гаворыць старшыня інстытута Павел Прус (Paweł Prus).

— Мы разумеем неабходнасць больш рашучых і скаардынаваных дзеянняў з боку Польшчы па процідзеянні дэзінфармацыі. Раней не было адзінай пляцоўкі, дзе маглі б сустрэцца эксперты з палітыкамі і прадстаўнікамі СМІ. Таму мы вырашылі арганізаваць мерапрыемства, спадзеючыся, што яно стане рэгулярнай падзеяй — штогадовым месцам сустрэчы вядучых польскіх экспертаў, якія займаюцца даследаваннем дэзінфармацыі і барацьбой з ёй. Цікавасць да кангрэса была настолькі высокай, што нам удалося скласці насычаную праграму на два дні. Першы дзень будзе прысвечаны дыскусіям па аналізе і ацэнцы праблемы - асноўныя вектары кагнітыўных нападаў, пагрозы, з якімі мы сутыкаемся, і метады распаўсюду дэзінфармацыі; у другі дзень увага пераключыцца на пошук сродкаў процідзеяння і канкрэтных рашэнняў. Акрамя галоўнай сцэны, дзе пройдуць экспертныя дыскусіі, будзе працаваць і мультымедыйная пляцоўка прэзентацый і выступленняў па розных тэмах: скажам, дэзінфармацыя ў сферы клімату, аховы здароўя і тэхналогій, а таксама вопыт іншых краін у барацьбе з гэтай праблемай.

Па словах нашага госця, кангрэс ахоплівае шмат практычных ведаў – удзельнікі змогуць навучыцца, як свядома шукаць інфармацыю, як праводзіць так званы фактчэкінг. Акрамя таго, за ходам падзеі можна будзе сачыць праз інтэрнэт. Удзел у кангрэсе бясплатны.

— З абедзвюх сцэн будзе анлайн-трансляцыя. Акрамя таго, у праграме кангрэса прадугледжаны семінары для ўдзельнікаў на месцы, прысвечаныя распазнаванню дэзінфармацыі і азнаямленню з базавымі інструментамі праверкі фактаў. Мы імкнёмся не толькі навучыць удзельнікаў выяўляць дэзінфармацыю, але і даць ім сродкі для праверкі інфармацыі. Майстар-класы адбываюцца ў Беластоку на працягу двух дзён кангрэса, яны адкрытыя для ўсіх. Але мы разумеем, што адлегласць можа стаць перашкодай. Таму мы таксама плануем правесці анлайн семінары пасля завяршэння кангрэса – серыю бясплатных заняткаў яшчэ ў гэтым годзе.

Каму такія веды па выяўленні фальшывай інфармацыі перш за ўсё патрэбныя? Несумненна, кожны чалавек час ад часу можа стаць ахвярай дэзінфармацыі. Чым раней чалавек навучыцца адсейваць няпраўду, пазнаваць маніпуляцыю, тым больш свядомым членам дэмакратычнага грамадства ён будзе. Гэтыя веды трэба распаўсюджваць, у прыватнасці, сярод вучняў у школе, а перш крок – даць адпаведныя інструменты настаўнікам.

 Настаўнікі і студэнты з'яўляюцца адной з ключавых мэтавых груп кангрэса і семінараў. Мы заклікаем іх удзельнічаць у мерапрыемстве, каб яны маглі перадаць атрыманыя веды сваім вучням. Таму сардэчна запрашаем настаўнікаў прыехаць у Беласток ці сачыць за каналамі Інстытута Заменгофа: там будзе інфармацыя пра бясплатныя дыстанцыйныя майстар-класы, якія, імаверна, пачнуцца пазней у гэтым годзе — у кастрычніку або лістападзе.

Апошнім часам мы назіраем, як уздымаецца хваля нянавісці да ўкраінцаў у Польшчы, агулам да расійскамоўных, беларусы таксама трапляюць у гэту групу і могуць стаць ахвярай атакі. Напэўна часткова гэта віна расійскай ці беларускай прапаганды, але ж не толькі.

 Калі Расія напала на Украіну, польскае грамадства праявіла вялікую актыўнасць у дапамозе ваенным бежанцам і салідарнасці з Украінай. Аднак у наступныя гады мы назіралі шэраг маштабных дэзынфармацыйных кампаній. Сапраўды, у апытаннях грамадскай думкі заўважаецца змена настрою. Аднак у рэальных штодзённых кантактах паміж палякамі і ўкраінцамі нічога істотнага не змянілася. Адзіная рэальная змена палягае ў тым, што пасля той першай хвалі салідарнасці нас на працягу многіх гадоў пастаянна атакуюць наратывам, накіраваным на тое, каб палякі адмаўляліся ад дапамогі Украіне. На жаль, гэтыя варожыя намаганні сапраўды даюць вынік: мы бачым, як з году ў год у Польшчы зніжаецца гатоўнасць дапамагаць Украіне, хаця на самой справе няма ніякіх рэальных падстаў для такой істотнай змены. На мой погляд, гэта перад усім вынік дэзінфармацыі, прапаганды і разнастайных аперацый па ўздзеянні ў інтэрнэце, да якіх вельмі ўспрымальная значная частка польскага грамадства.

Эксперты адзначаюць, што кагнітыўныя атакі і хваля дэзінфармацыі таксама часта датычаць тэхналагічнага развіцця, медыцыны ды экалогіі. Мы папрасілі нашага госця прывесці прыклады.

 Калі гаворка ідзе пра медыцынскую дэзінфармацыю, асноўны наратыў датычыць вакцынацыі, у прыватнасці, каб пераканаць грамадскасць у тым, што прышчэпкі небяспечныя. У сферы тэхналагічнай дэзінфармацыі мэтай часта з'яўляецца запаволенне тэхналагічнага прагрэсу. Напрыклад, у Польшчы мы сталі сведкамі аперацый уплыву, накіраваных на разгортванне інфраструктуры хуткаснага інтэрнэту (5G). Распаўсюджвалася інфармацыя, што гэтая сучасная тэхналогія быццам бы ўяўляе рызыку для здароўя. Асабліва цікавыя таксама кампаніі, звязаныя з кліматам. Гэтыя атакі накіраваны супраць пераходу ад выкапнёвага паліва да абнаўляльных крыніц энергіі, такіх як вецер або сонечная энергія. Дэзінфармацыя спрабуе сцвярджаць, што эканоміка не можа функцыянаваць без нафты і газу, і што абнаўляльныя крыніцы энергіі не з'яўляюцца жыццяздольным рашэннем для такой эканомікі, як польская. Гэтыя атакі звычайна маюць канкрэтную мэту: змяніць грамадскую думку, адкласці пэўныя дзеянні або пераканаць грамадскасць у тым, што нешта — напрыклад, тэхналагічны прагрэс або пераход да больш чыстай энергіі — патэнцыйна шкоднае, тым самым выклікаючы грамадскі супраціў, які запавольвае прагрэс. 

Першы кангрэс інфармацыйнай бяспекі адбудзецца ў Беластоку 22 і 23 верасня. За працай мерапрыемства можна будзе сачыць анлайн. Месца правядзення кангрэса абрана невыпадкова. Беласток знаходзіцца блізка да тэрыторый, якія маюць вырашальнае значэнне для бяспекі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку мяжы Еўрапейскага Саюза з Беларуссю. 

нг