Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Розніца відавочная». У Беларусі няма дзяржаўнай падтрымкі адукацыі польскай меншасці, ва Украіне — ёсць

22.09.2026 20:08
Для маладых палякаў з Беларусі захаванне мовы і тоеснасці – гэта важнейшая задача, паколькі ў краіне няма дзяржаўнай сістэмы падтрымкі адукацыі нацыянальнай меншасці, як ва Украіне.
Аўдыё
  • Паланійныя дэбаты з удзелам маладых палякаў з Беларусі і Украіны
   .
Анджэй Пачобут падчас дэбатаў. Фота: Наталля Грышкевіч / Беларуская служба Польскага радыё

Надоечы ў Любліне прайшлі Паланійныя дэбаты з удзелам маладых палякаў з Беларусі і Украіны. Абмеркаванне вялося вакол пытанне пра тое, якой павінна быць польская адукацыя за межамі краіны. Ці галоўная яе задача — захоўваць польскую мову, гісторыю і культуру? Ці, можа, школа павінна перш за ўсё рыхтаваць маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці краін, дзе яны жывуць?

Удзельнікі сустрэчы ў Любліне – маладыя палякі з Беларусі і Украіны – спрачаліся ў фармаце оксфардскіх дэбатаў вакол тэзісу: «Польская школа за мяжой павінна больш рыхтаваць да грамадзянскай дзейнасці ў краіне пражывання, чым толькі да захавання ідэнтычнасці». Арганізатары прапанавалі абмеркаваць гэтае пытанне без простых адказаў і супрацьпастаўлення аднаго падыходу другому.

Украінская каманда абараняла пастаўлены тэзіс, а беларуская прадстаўляла контраргументы.

Аліна Дзівішак, польская школа ў Львове: Для нас польская школа – гэта не толькі месца, дзе мы вучым польскую мову, гісторыю і культуру. Дзякуючы гэтаму, мы адчуваем сувязь з Польшчай. Мы не хочам гэтага мяняць. Пры гэтым, школа павінна рыхтаваць нас жыць у сваёй краіне, дзе мы нарадзіліся. Тут мы будзем пазней вучыцца ў ВНУ, працаваць і прымаць важныя жыццёвыя рашэнні. Таму польская школа павінна вучыць, якія ў людзей правы і абавязкі, як дзейнічае самакіраванне, як весці размовы з іншымі людзьмі. Мы сустракаем людзей з іншымі поглядамі, школа павінна вучыць нас, як слухаць іншых і шукаць розныя рашэнні.

Каманда маладых палякаў з Беларусі сканцэнтравала сваю ўвагу вакол тэзісу аб захаванні нацыянальнай тоеснасці, важнейшым элементам якой з’яўляецца родная мова.

Бажэна Толкач з Мінска: Гаворка ідзе пра карысць ад вывучэння мовы і ведання традыцый свайго народа. Польская школа вучыць мове, якая з’яўляецца важнейшым аспектам тоеснасці. Мова захоўвае спадчыну народа або групы. Мова ўплывае на тое, як мы бачым свет, яна ўдзельнічае ў працэсе будавання нашай свядомасці. Таму страта роднай мовы ў працэсе асіміляцыі часта вядзе да крызісу ідэнтычнасці. Мы яшчэ дзеці, мы не разумеем палітыкі. На маю думку, польская школа павінна казаць перш за ўсё пра культуру і гісторыю.


Уршуля Старакевіч-Краўчык. Уршуля Старакевіч-Краўчык.

Дэбаты зладзіў Фонд дапамогі палякам на ўсходзе, а фінансавую падтрымку аказаў Інстытут развіцця польскай мовы. Гэта не першыя дэбаты, якія адбыліся ў рамках дадзенага праекта, - адзначае дырэктарка інстытута доктар навук Уршуля Старакевіч-Краўчык (Urszula Starakiewicz-Krawczyk).

— Сённяшнія дэбаты – гэта працяг праекта, які ідзе ўжо тры гады. У гэтым годзе дэбаты адбываюцца ў трынаццаці краінах. Задача праекта – паказаць моладзі, што польская мова можа быць чымсьці больш, чым толькі сродкам зносін дома, што гэта можа быць мова мараў і імкнення дасягнуць чагосьці ў жыцці. Гэта таксама выдатная нагода, каб паказаць, што моладзь у такіх адносна блізкіх дзяржавах, як Беларусь і Украіна, мае зусім розныя ўмовы, таму няма адзінага ўзору, як быць палякам за межамі Польшчы. У Беларусі гэтыя ўмовы экстрэмальна цяжкія, таму я ўдзячная ўсім, хто ў Беларусі не забывае пра польскую мову і стараецца клапаціцца пра свае карані.

Журналіст і актывіст польскай меншасці з Беларусі Анджэй Пачобут звярнуў увагу на тое, што для маладых палякаў з Беларусі захаванне мовы і тоеснасці – гэта важнейшая задача, паколькі ў краіне няма дзяржаўнай сістэмы падтрымкі адукацыі нацыянальных меншасцяў, як ва Украіне.

— Вельмі істотна, што польская моладзь з Беларусі прымае ўдзел у такіх дэбатах. Вядома, што цяжка параўноўваць, калі з Украіны прыязджае моладзь, якая вучыцца ў польскай школе, што ўваходзіць у дзяржаўную сістэму адукацыі. Гэта нармальная школа, дзе навучанне адбываецца на польскай мове, а наша школа – грамадская, дзе дзеці пасля заняткаў у звыклай дзяржаўнай школе прыходзяць на нейкі час і вучацца польскай мове і культуры. Розніца валодання мовай была відавочнай, яна паказвае, наколькі важна існаванне адукацыі для меншасці ў рамках дзяржаўнай сістэмы, чаго ў Беларусі няма. Падчас дэбаты гэтая розніца была бачнай.

Дэбаты паказалі, што польская моладзь як з Украіны, так і Беларусі, умее прадстаўляць свае погляды на роднай мове. Гэта для іх была цяжкая задача, беручы пад увагу, што яны жывуць паза межамі Польшчы,  падкрэсліў дырэктар Цэнтра Усходняй Еўропы Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне прафесар Валенты Бaлюк (Walenty Baluk).

— Узровень валодання польскай мовай вельмі добры ў камандаў – як з Беларусі, так і Украіны. Канешне, гэтая мова не дасканалая, але ж моладзь толькі вучыцца гаварыць па-польску, думаць па-польску і прадстаўляць свае погляды. Гэта будзе дадатковы козыр, незалежна ад таго, дзе гэтыя маладзёны будуць жыць. Тэма дэбатаў была вельмі цікавая, але і складаная. Што больш важна – нацыянальная тоеснасць ці грамадзянская актыўнасць? Адна каманда павінна была бараніць гэты тэзіс, а іншая – аспрэчваць. Аднак яны згадзіліся, што важная і нацыянальная свядомасць, і грамадзянская пазіцыя. Мы – еўрапейцы, для нас актыўная пазіцыя важная, але нацыянальная тоеснасць не выключае грамадзянскай пазіцыі.

Глеб, студэнт Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне: Сапраўды прыемна, што Польшча падтрымлівае моладзь, у тым ліку з Беларусі, што моладзь можа выступіць і прадставіць свой пункт бачання. Вельмі цяжка размаўляць па-польску, калі гэтая мова не з'яўляецца тваёй роднай. Удзельнікі дэбатаў трымаліся вельмі добра, яны прадставілі свае аргументы. Гэта быў вельмі карысны досвед.  

Пасля дэбатаў адбыўся падлік галасоў, каб вызначыць адказ на пытанне, хто на іх перамог. Лічыліся як галасы суддзяў: прадстаўнікоў польскай меншасці за мяжой, прадстаўнікоў польскага боку – выбітных экспертаў у розных галінах, так і слухачоў, прысутных у залі пасяджэнняў. Мінімальнай колькасцю галасоў перамагла каманда з Беларусі. Віншуем!

нг