Усе кажуць пра чароўную лічбу ў 10 тысяч крокаў. Ці яна сапраўды працуе? Ці для нас будзе горш, калі крокаў будзе менш? І ці здарыцца нешта надзвычайнае, калі мы перавысім яе?
Пра гэта на хвалі Польскага радыё размаўлялі трэнеры Агата Дамброўска-Палюх і Бартэк Палюх.
— Гэта маркетынгавы ход. Ён паявіўся ў момант стварэння ў 90-х японскага крокамера, назва якога была ў пэўнай ступені маркетынгавай хітрасцю. І гэта не значыць, што на адзін крок менш не будзе станоўча ўплываць на здароўе, але ідэя, безумоўна, добрая.
Ці з'яўляюцца 10 тысяч крокаў нейкай мэтай, якая важная для нашага здароўя? Ці даказана, што калі мы зробім прыблізна столькі крокаў, то гэтая магічная лічба ўплывае на наша функцыянаванне, на наша здароўе?
— Даследаванні паказалі, што каля сямі тысяч крокаў у параўнанні з двума тысячамі значна зніжае рызыку смерці, таму гэты маркетынг усё ж звязаны са здаровымі звычкамі. Хадзьба сапраўды дае нам шмат пераваг і дапамагае нам у жыцці. Не важна, мы не павінны прайсці роўна 10 тысяч крокаў, мы можам зрабіць крыху менш. Таксама важна, каб мы падыходзілі да гэтага разумна, таму што мы ведаем, што ў кожнага з нас, верагодна, ёсць шмат розных задач, і варта проста выконваць гэтыя задачы такім чынам, каб мы таксама маглі рабіць гэтыя крокі. Так што гэта, безумоўна, таго варта. Не абавязкова 10 тысяч. Вельмі станоўчыя вынікі ўжо пацверджаны для прыкладна сямі тысячаў крокаў з пункту гледжання іх уплыву на наша здароўе. Хадзіць, безумоўна, варта, і лепш мець больш крокаў на гадзінніку, чым менш. Але з іншага боку, не трэба занадта напружвацца, бо ў адзін дзень мы можам зрабіць больш крокаў, а ў наступны — крыху менш. Важна тое, каб была тэндэнцыя, каб мы проста працягвалі рухацца, — гаварыў Бартэк Палюх.
Крокамеры апошнія гады сталі модным гаджэтам. Аднак трэба памятаць, што ёсць шмат дармовых прыкладанняў у тэлефонах, якія дапамогуць маніторыць нашу актыўнасць. Прычым госці Польскага радыё адзначаюць, што калі для некага добры крокамер будзе зʼяўляцца дадатковай матывацыяй, то гэта добры і патрэбны гаджэт.
Апошнія гады назіраецца бум на бег, як індывідуальны, так і рознага віду марафоны. А што з хадою? Ці мы таксам ахвотна ходзім, як бегаем, ці ўсё ж гэта не да канца ацэненая фізічная актыўнасць?
— Я думаю, што мы недаацэньваем хаду, бо часам не цалкам усведамляем яе станоўчы ўплыў на наша агульнае здароўе. Гэты рух, хада і крокі — гэта не толькі разважанні пра сваю фігуру, фізічную форму і гэтак далей, рэчы, звязаныя з пэўнай дысцыплінай, але і пра тое, што, на маю думку, зʼяўляецца вырашальным у сучасным свеце, у комплексным падыходзе да здароўя. Супакойванне галавы, запаволенне тэмпу, зніжэнне стрэсу, які ў нашы дні ёсць паўсюль, мы ўсе спяшаемся. Спакойная, прыемная прагулка сапраўды можа дапамагчы нам супакоіць галаву і дасягнуць больш высокага ўзроўню пазітыўнай энергіі. Для гэтага неабходная няспешная прагулка, а не вельмі хуткі бег, які можа выклікаць невялікае павышэнне ўзроўню карцізола. Такім чынам, усё залежыць ад нашай галоўнай мэты, чаго мы хочам дасягнуць. Бег — гэта добра, хада — гэта вельмі добра. Важна ведаць, што, калі і як мы хочам гэта рабіць.
Згаданы карцізол мае шанец зменшыцца менавіта падчас прыемнай хады, дадае Агата Дамброўска-Палюх.
— Калі мы ствараем сабе правільныя ўмовы — гэта значыць, калі наш розум расслаблены, калі ў нас ёсць магчымасць, давайце на хвіліну выйдзем на вуліцу, адключымся ад усіх раздражняльнікаў, паслухаем спеў птушак — нават некалькі хвілін могуць знізіць узровень карцізола, а адначасова мы робім карысныя крокі.
Трэнер Бартэк Палюх звяртае ўвагу, што важна комплексна падыходзіць да фізічнай актыўнасці. Найлепш, каб заняткі былі рознага віду.
— Я б заклікаў усіх шырэй зірнуць на сваё цела, бо яно складаецца з многіх элементаў. Важна таксама правільна ўмацоўваць мышцы, косці і паляпшаць кардыярэспіраторную форму. Усе гэтыя аспекты палепшаць наша агульнае самаадчуванне, і, як мы ўжо згадвалі, вельмі важна, каб мы таксама адчувалі задавальненне ад заняткаў. Тады мы будзем ахвотней іх выконваць, тады мы выпрацуем добрыя звычкі, і тады ўсе гэтыя станоўчыя эфекты будуць назапашвацца, нават узмацняцца.
Вось толькі некаторыя карысці ад хады. Хада ўтрымлівае сэрца ў добрай кандыцыі. Яна дапамагае страваванню. Даследаванні пацвярджаюць, што хада павышае творчыя здольнасці і дапамагае спраўляцца з праблемамі. Хада можа дапамагчы прадухіліць дэпрэсію. Дапамагае быць больш адкрытымі, экстравертнымі і менш неўратычнымі. Хада лепшая для нашага метабалізму, чым трэніроўкі ў трэнажорнай зале. Невялікая колькасць фізічнай актыўнасці на працягу дня лепш рэгулюе наш метабалізм, чым кароткія, інтэнсіўныя, але рэдкія перыяды фізічных практыкаванняў.
Czwórka/ав