Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Максім Знак: Уся краіна — гэта вялікая калонія

04.10.2026 09:00
Якой будзе Беларусь, залежыць ад саміх беларусаў і крыху ад геапалітыкі, — лічыць экс-палітвязень Максім Знак.
Аўдыё
  • Максім Знак: Я хачу вярнуцца ў Беларусь
 .
Максім Знак.Беларуская служба Польскага радыё

Адвакат, кандыдат юрыдычных навук Максім Знак правёў у зняволенні больш за пяць гадоў. Увесь гэты час ён змог на ўласныя вочы назіраць — якой з'яўляецца прававая сістэма, створаная рэжымам Лукашэнкі.

Вы змаглі убачыць сістэму знутры. Вам як юрысту, напэўна, было цяжка назіраць усе тыя здзекі над правам?  

— Якая гэта сістэма, я яскрава зразумеў на судзе. І пасля я ўжо не пісаў ніякіх скаргаў. У мяне было 39 дысцыплінарных пакаранняў, прызначаных з усімі магчымымі парушэннямі. Я іх фіксаваў, але скаргі не пісаў. Я проста звяртаў увагу на парушэнні. Напрыклад, мне напісалі, што я не выканаў загад у такі-та час, а самі пішуць, што загад быў аддадзены праз гадзіну пасля гэтага часу. Усе мае парушэнні падобнага кшталту. 

Тое, што я іх фіксаваў, адзначалі дадатковымі пакараннямі, але юрыдычна я нічога не афармляў, таму што гэта недарэчна. 

Таму не сказаць, каб я вельмі пакутваў, разумеючы, што сістэма не працуе. Для мяне гэта было як факт, і кожнае новае пацверджанне мяне не абурала.

А што тычыцца таго, што я пабачыў сістэму знутры, гэта сапраўды так. Мне здаецца, я пісаў у прадмове да «Каланістаў», што ў нас турэмная ідэалогія, лад жыцця, і вертыкальна і гарызантальна, ва ўсіх кірунках распаўсюджваецца. То-бок, калі мы, напрыклад, памяняем вопраткай ахоўнікаў і злачынцаў, то  мы не зможам іх адрозніць. Яны аднолькава размаўляюць, у іх такія ж інтарэсы, гэта як бы адна суполка.

І калі мы паглядзім уверх ад узроўня вартаўніка да узроўню міністра, як ім аддаюцца загады, як яны на гэта рэагуюць, як яны практыкуюць вось гэту крымінальную ідэалогію, у сэнсе нейкіх каштоўнасцяў, якія дэкларуюцца, то мне здаецца, яны аднолькава выглядаюць і наверсе, і ўнізе. Таму гэта мадэль не проста турэмная, гэта мадэль рэжыму. 

Уся краіна — вялікая калонія. Я раней не бачыў гэтага элементу, не быў знаёмы з крымінальнай культурай. І мне было незразумела, чаму падчас нарады ў Лукашэнкі чалавек устае і прымае ўсе папрокі, маўчыць і глядзіць долу. І гэта тое самае, што і ў крымінальнай традыцыі. 

І такіх дробязей ў размовах, нейкіх учынках, пытаннях, якія задаюцца, зараз я бачу паўсюль. Таму для мяне відавочна, што турэмны складнік прысутнічае ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уся вертыкаль улады пабудаваная на турэмных традыцыях.

Максім Знак лічыць, што шмат для каго гэта турэмная ідэалогія абсалютна натуральная. Ёй прасякнута амаль усё беларускае грамадства. Тым не менш, пры першай жа магчымасці ён хацеў бы вярнуцца ў Беларусь.

У якую Беларусь вы б хацелі вярнуцца?

— У вольную, незалежную, гэта відавочна. У Беларусь, якая не з'являецца турмой, як мінімум. Прычым не толькі для мяне асабіста, а ў глабальным сэнсе. Што да гэтага можа прывесці? Шмат розных рэчаў. Але спадзявацца, што гэта адбудзецца без нашага ўдзелу, таксама не варта.

Мне здаецца, што асноўную ролю ў гэтым, як бы прыкра нам не было, будуць адыгрываць тыя, хто знаходзіцца ўнутры, хто застаецца ў Беларусі. Таму што большасць беларусаў застаецца ў Беларусі. І там ёсць жыццё, ёсць розныя падзеі, на якія яны рэагуюць. І яны таксама былі на Плошчы, на вуліцах. Калі мы кажам, што гэта была нацыя, што нас было 80 адсоткаў. І  менавіта ад нас залежыць, якой будзе Беларусь. Ну і крышачку ад геапалітыкі.

Аксана Колб

Больш на гэтую тэму: Беларусь