Анджэй Пачобут нагадаў, як 8 снежння 1991 года ў Віскулях сабраліся кіраўнікі трох савецкіх рэспублік. Вынік гэтай сустрэчы, стаў канцом СССР:
— Засталося вельмі шмат рэляцый і ўспамінаў з гэтай сустрэчы, з таго перыяду, і для мяне найбольш яскравымі былі ўспаміны Вячаслава Кебіча, тагачаснага прэм'ера Беларусі. Ён прыкладна так гэта апісваў:
Па-першае ён туды прыйшоў, не ведаючы дакладна, якім будзе вынік гэтай сустрэчы і якая яе мэта. Па-другое, калі ён зразумеў, паведаміў пра мэту сустрэчы кіраўніку КГБ, які быў побач. Кіраўнік КГБ яму сказаў, ці разумее ён, што адбываецца, што гэта называецца дзяржаўным пераваротам. Кебіч сказаў, што разумее. І калі Кебіч падпісваў фінальныя дакументы, ён паглядзеў на начальніка КГБ, які пакруціў галавой. Ну і ў выніку ўсіх гэтых пакручванняў галавой Савецкі Саюз разваліўся.
На думку Андрэя Пачобута, Аляксандр Лукашэнка першым з новаабраных кіраўнікоў постсавецкіх краін адчуў хвалю грамадскіх настальгічных настрояў па СССР і менавіта гэтым падкупіў вялікую частку насельніцтва.
— Гэта першы выпадак на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, калі ўладу атрымлівае чалавек, які адкрыта агучвае антызаходнія лозунгі, які выкарыстоўвае антызаходнюю, антыдэмактычную рыторыку, які агучвае патрэбу аднаўлення Савецкага Саюза.
Аляксандр Лукашэнка адчуў гэтую хвалю грамадскіх настрояў, якой наогул стаў тварам. Таму Аляксандр Лукашэнка і перамог у 1994 годзе. Яго першая біяграфія называлася «Выпадковы прэзідэнт». Але калі сёння, праз 32 гады, мы ўсё яшчэ гаворым пра Аляксандра Лукашэнку, то відавочна, што нічога выпадковага не было. Гэта была шырэйшая з'ява.
Чаму ж са сконам СССР не сканаў чалавек савецкі?
На думку Пачобута таму, што каштоўнасці, на якіх грунтуецца гэтая ідэнтычнасць, перадаюцца праз сям'ю, праз розныя інстытуты, у тым ліку праз школу, якая зусім не змяніла сваёй аўтарытарнай сутнасці пасля развалу Савецкага Саюза. Савецкі чалавек гэта не пра нацыянальнасць, а пра ўласцівасці.
Дык якія ўласцівасці ў савецкага чалавека?
— Лёгка здагадацца — аўтарытарызм, гэта значыць прыхільнасць да моцнай рукі, надзея на моцную руку, што моцная ўлада можа вырашыць усе праблемы. Акрамя гэтага комплекс няпаўнавартасці асобы. Перакананне, што імперыя, магутная ўлада — гэта тое, што каштоўнае і вышэйшае, маральна вышэйшае за дэмакратычную дзяржаву, якая пабудавана на хлусні. Акрамя гэтага перакананне, што не варта паўстававаць, трэба паслядоўна прыстасоўвацца.
Па меркаванні Пачобута, прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй, прыхільнікаў жорсткай рукі можна сустрэць ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках.
А галоўны канфлікт у Беларусі, як лічыць Пачобут, палягае ў канфлікце чалавека з савецкімі каштоўнасцямі супраць людзей дэмакратычных, заходніх, еўрапейскіх настрояў:
— І гэты канфлікт каштоўнасцей, які працягваецца ў Беларусі ад моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі, гэта значыць канфлікт паміж каштоўнасцямі савецкага чалавека на самай справе і з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, еўрапейскімі каштоўнасцямі, заходнімі каштоўнасцямі, ён сапраўды працягваецца на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза і вынікі гэтага канфлікту розныя. Напрыклад, былая Грузія, што развівалася ў заходнім кірунку, здавалася, што гэта дзяржава ўжо пераадолела ўсе праблемы, Цяпер Грузія развіваецца ў процілеглым кірунку і ўсё часцей параўноўваецца з Беларуссю. Так што гэты канфлікт працягваецца.
Адной з прычын вайны ва Украіне Пачобут называе той самы канфлікт каштоўнасцяў. І пакуль ён актуальны для ўсяго нашага рэгіёна, журналіст не бачыць магчымасці прыязнага, таварыскага суіснавання рознапалярных суседзяў:
— Чаму Расія ўспрымае выбар украінцаў як пагрозу? Сутнасць у тым, што аўтарытарная дзяржава сярод іншага мяркуе, што эліта не мяняецца, што грамадства не мае магчымасці, нават права мяняць эліту, што эліта сама ажыццяўляе сваю замену, гэта значыць улада, калі адзін раз трапіла да чалавека, то яна ў яго руках, а потым ён вырашае, як перадаць гэтую ўладу. Тут у нас фундаментальны канфлікт, ці грамадства, як ва Украіне, можа вырашаць сваю долю, ці грамадства павінна падпарадкоўвацца эліце і быць паслухмяным.
Ці зможа сканчэнне вайны Расіі сукпраць Украіны спыніць канфілікт каштоўнасцяў?
Адрэй Пачобут, лічыць, што не:
— Нават сканчэнне гэтай вайны не азначае, што канфлікт, які ляжыць у аснове гэтай вайны, канфлікт каштоўнасцей, канфлікт паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам ці таталітарызмам, што ён знікне. На мой погляд, трэба рыхтавацца да таго, што гэты канфлікт на працягу многіх гадоў будзе вызначаць адносіны паміж Усходам і Захадам, паміж Еўропай і Азіяй.
Ці зможа Беларусь быць Еўропай, толькі часткай заходняй цывілізацыі? Ці можа спыніцца гэты цывілізацыйны канфлікт?
Не гледзячы на аптымізм, Анрэй Пачобут лічыць, што для гэтага спатрэбіцца даволі шмат часу:
— Бо калі геаграфічна сёння Беларусь з'яўляецца часткай Еўропы, то палітычна гэта частка Азіі і частка тых узораў, якія былі прыўнесены азіяцкімі сатрапамі. Таму гэты канфлікт, на маю думку, непазбежны. Форма яго можа быць вельмі розная.
Як аптыміст я спадзяюся, што мы не будзем мець вялікай вайны, але вялікае сяброўства таксама немагчымае, немагчымая перазагрузка. І сапраўднае паляпшэнне зносін выглядае немагчымым.
У Захада ёсць досвед халоднай вайны і, здаецца, менавіта адтуль варта сёння чэрпаць натхненне.
Падрыхтавала Аксана Колб
Цалкам лекцыю Анджэя Пачобута на ўрачыстым адкрыцці навучальнага года Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта 15 кастрычніка 20206 года слухайце ў нашым аўдыё