Познаньская рымска-каталіцкая дыяцэзія прадала кампаніі забудоўніка JHM Development зямлю, на якой размешчаны Мальтанскі мікрараён з сотнямі жыхароў. Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza, якая выявіла супярэчнасці ў дакументах, на падставе якіх Ватыкан дазволіў продаж.
Гаворка пра больш як 12 гектараў зямлі ў Познані, за некалькі кіламетраў ад цэнтра горада. 29 студзеня 2026 года парафія святога Яна Ерусалімскага за мурамі прадала ўчастак архідыяцэзіі, якая ў той жа дзень перадала яго забудоўніку за 421 млн злотых (96 млн еўра). Гэта стала рэкорднай здзелкай на рынку нерухомасці Познані.
Паводле кананічнага права, продаж касцельнай нерухомасці патрабуе згоды Ватыкана. Аднак у дакуменце Апостальскай сталіцы ад 2019 года ўчастак апісваўся як тэрыторыя з некалькімі часткова забудаванымі аб’ектамі і альтанкамі, прызначанымі для зносу. Таксама сцвярджалася, што зямля не прыносіць даходу, а жыхары знаходзяцца там незаконна.
Пры гэтым у дакуменце не згадвалася, што каля 260 сем’яў мелі дамовы арэнды з парафіяй і плацілі за карыстанне зямлёй. Познаньнская архідыяцэзія адмовілася паказаць выданню Gazeta Wyborcza дакументы, дасланыя ў Ватыкан, і не адказала, ці атрымала Апостальская сталіца поўную і праўдзівую інфармацыю перад тым, як дазволіць продаж.
эж