Бег восенню, калі надвор'е пагаршаецца, для многіх становіцца выклікам, калі казаць пра вопратку. Важна, каб не было холадна падчас размінкі, а ўжо падчас бегу наадварот было не горача. Як сумясціць гэтыя рэчы? Пра гэта на хвалі Чацвёртай праграмы Польскага радыё расказваў трэнер па бегу Павал Крохмаль.
Гэта добрае пытанне, кажа ён. І дадае, што шмат залежыць у тым ліку ад будовы цела.
— Худы чалавек хутчэй замерзне, больш масіўны значна лепш справіцца з такой тэмпературай. Калі справа даходзіць да выбару адзення, я б спачатку пачаў з тыпу трэніроўкі, якую мы запланавалі. Напрыклад, калі мы робім трэніроўку «бег-хада», дзе я спачатку бегаю, а потым іду, то мне трэба быць гатовым да таго, што падчас хады мне будзе холадна, бо падчас бегу можа стаць цяплей. Трэба ўлічваць таксама інтэнсіўнасць. Такім чынам, калі я раблю звычайную прабежку або лёгкі бег, мне зноў будзе крыху холадна. Калі я раблю інтэнсіўны бег пры тэмпературы 10 градусаў, я, напэўна, апрану футболку, шорты і, магчыма, нешта адзену на вушы, бо ведаю, што інтэнсіўнасць вельмі высокая, а таму маё цела перагрэецца ў іншым адзенні. Але калі б я рабіў звычайную трэніроўку, я яшчэ б апрануў спартыўную талстоўку, каб сагрэцца. Гэта добры варыянт, бо яе заўсёды можна зняць, расшпіліць або закасаць рукавы.
Перад бегам трэба зрабіць размінку. У гэтым выпадку таксама ўсё залежыць ад умоваў, ад месца, дзе праводзіцца размінка. Павал Крохмаль гаворыць, што стандартная размінка павінна доўжыцца каля пяці хвілін.
— Можна разагрэцца дома, каб павысіць тэмпературу цела. Напрыклад, калі я размінаюся перад трэніроўкай на стадыёне, я раблю гэта ў спартыўных штанах, але перад самой трэніроўкай здымаю доўгія штаны ці куртку. Але калі б я выходзіў на прабежку з кватэры, я б, напэўна, апрануў тонкія доўгія легінсы, цішотку і добрую талстоўку. Думаю, пры тэмпературы 10 градусаў Цэльсія я б таксама надзеў павязку на вушы, бо не люблю ветра па вушах, але зноў жа, гэта асабістыя перавагі. Некаторыя людзі носяць бейсболку, а іншым, магчыма, з больш доўгімі валасамі, шапка не вельмі патрэбна. Можна разагрэцца на лесвічнай пляцоўцы, дзе прахалодней. Увогуле, на лесвіцы можна рабіць шмат практыкаванняў: падымацца на пальцах ног, хадзіць уверх і ўніз па прыступках. Нам таксама трэба звярнуць увагу на час размінкі, бо занадта доўгая размінка, напрыклад, калі мы размінаемся на вуліцы 10-15 хвілін у адным месцы, і пры гэтым ветрана і ідзе дождж, размінка не прынясе вялікай карысці, бо мы хутчэй замерзнем, чым сагрэемся.
Павал Крохмаль гаворыць, што спартыўная вопратка павінна быць зробленая з адмысловых тканін. Найгоршым матэрыялам, калі казаць пра спорт, з’яўляецца бавоўна. Падчас заняткаў спортам раней ці пазней бягун пацее, не кажучы ўжо пра дождж. Бавоўна не адводзіць вільгаць, у выніку бягун будзе бегчы ў пастаянна мокрай вопратцы. Таму бавоўна аўтаматычна адпадае.
Самым папулярным з’яўляецца паліэстар. Калі казаць пра спартыўную вопратку, то застаецца выбраць: 100%, 90% ці 80%. Паліэстар насамрэч зʼяўляецца самым універсальным матэрыялам у спартыўнай вопратцы, таму ён проста сустракаецца ў найбольшай колькасці спартыўных тавараў, гаворыць трэнер па бегу.
Павал Крохмаль раіць глядзець не выключна на склад тканін у вопратцы, але праверыць, ці вам прыемна дакранацца да гэтай тканіны, як вы сябе ў ёй адчуваеце, ці гэта больш тоўсты ці тонкі матэрыял.
— Найбольш распаўсюджаны матэрыял — гэта эластан, які цягнецца. Легінсы маюць лайкру ці нейкі від эластану, і гэта менавіта тое, што трэба для таго, каб матэрыял быў эластычным, асабліва там, дзе нашы цягліцы расцягваюцца або напружваюцца. Яшчэ адзін прадукт, які я нядаўна пачаў тэставаць, — гэта модал. Гэта спецыяльная тканіна, калі мы выкарыстоўваем вырабы з модала, наша адзенне не пахне непрыемна. Апошнім часам папулярнай стала мерыносавая воўна. Яна мае ўнікальную ўласцівасць. Яна сагравае нас зімой і астуджвае ў больш цёплых умовах. Аднак, калі б мы выбралі 100% мерыносавую воўну, на мой погляд, гэта было б крыху заўчасна. Трохі шкада насіць такое адзенне пры такіх тэмпературах. Часта ў нас ёсць адзенне, камбінаванае, напрыклад, 10 або 20% мерыносавай воўны, што зʼяўляецца добрым спалучэннем з поліэстарам, тым больш, што ёсць рэальная розніца ў цане. Варта інвеставаць у добры варыянт, таму што ён праслужыць значна даўжэй. Калі я гляджу на сваю вопратку, я ўжо не памятаю, калі апошні раз быў у краме, каб купіць талстоўку, куртку ці цішотку.
Такім чынам няма аднаго адказу, як правільна апрануцца на бегавую трэніроўку восенню. Усё залежыць ад віду бегу, месца размінкі, будовы цела. Найбольш універсальным выйсцем будуць два слаі вопраткі: напрыклад, цішотка і спартыўная талстоўка, цішотка і куртка.
Czwórka/ав