Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

BMW амаль за 50 тыс. еўра затрымалі ў Тэрэспалі: аўтамабіль шукалі ў Германіі

02.11.2026 13:45
Гэты выпадак незвычайны маршрутам: машына, якую шукалі ў Германіі, рухалася з Беларусі ў Польшчу — у адваротным кірунку ад звыклага для аўтакрыміналу маршруту з Захаду на Усход.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: twitter.com/Straz_Graniczna

На польска-беларускай мяжы ў Тэрэспалі польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Германіі, які спрабаваў уехаць у краіну на амаль новым кабрыялеце BMW M440i. Праверка паказала, што аўтамабіль знаходзіцца ў міжнародных базах як зніклая на тэрыторыі Германіі. Пра незвычайны выпадак паведамляе польскае выданне Auto Świat.

Інцыдэнт адбыўся  29  кастрычніка на аўтамабільным пункце пропуску ў Тэрэспалі. Супрацоўнікі Надбужанскага аддзела Памежнай службы Польшчы правяралі машыны, якія ўязджалі ў Польшчу з Беларусі. BMW не выклікала першапачатковых падазрэнняў: за рулём быў грамадзянін Германіі, а сам аўтамабіль быў зарэгістраваны ў гэтай краіне. Аднак пасля праверкі высветлілася, што машына, якой яшчэ няма двух гадоў, знаходзіцца ў вышуку.

Аўтамабіль ацанілі ў 220 тысяч злотых (каля 49,8 тысячы еўра). Яго канфіскавалі і перадалі на паліцэйскую стаянку. Памежная служба не паведамляе, пры якіх абставінах BMW знікла ў Германіі і як апынулася ў Беларусі. Таксама пакуль невядома, якім чынам нямецкі кіроўца атрымаў гэты аўтамабіль. Абставіны справы высвятляе паліцыя ў Тэрэспалі, магчыма, у супрацоўніцтве з замежнымі службамі.

Гэты выпадак незвычайны яшчэ і маршрутам: машына, якую шукалі ў Германіі, рухалася з Беларусі ў Польшчу — у адваротным кірунку ад звыклага для аўтакрыміналу маршруту з Захаду на Усход.

З пачатку года Надбужанскі аддзел Памежнай службы вярнуў ужо 150 транспартных сродкаў агульным коштам больш за 14 мільёнаў злотых (каля 3,17 мільёна еўра).

эж