Перад тым, як прадставіць Іну Кулей аўдыторыі, я ўсё думала, кім яе прадставіць: удавой Аляксандра Мілінкевіча, жонкай, грамадскай дзяячкай, лагапедам, юрыстам... Але ў выніку вырашыла спытаць у яе самой, кім яна сябе адчувае больш.
— Мне хацелася б, каб слова «удава» не ўжывалася, таму што яго цяжка чуць, цяжка ўсведамляць. Таму — жонка, напэўна, так яно будзе заўсёды. Але на сёння я канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта рашэннем рады ад 29 верасня.
А як чалавек?
— Якая я? Напэўна, самае галоўнае — эмацыйная, але моцная, прынцыповая. Верная сябрам, жыццю, прынцыпам, ну і адданая радзіме, краіне.
«Бацькі кахалі адзін аднаго і пражылі разам 56 гадоў»
Раскажыце пра сваё дзяцінства. Якім яно было? Што вам найбольш запомнілася?
— Шчаслівае дзіцінства, таму што бацькі, якіх ужо няма, і тата, і мама, любілі мяне. Я адзіная дачка. Я гадавалася, можна сказаць, у шчаслівай сям'і, таму што бацькі вельмі кахалі адзін аднаго і пражылі разам 56 гадоў. Хадзілі за ручку, паўсюль былі разам. Таму гэта быў такі цудоўны прыклад на ўсё жыццё.
А што запомнілася? Што выхоўвалі, негледзячы на тое, што я дачка пракурора, і ў сям'і быў дабрабыт, у стаўленні да іншых людзей з пачуццём тактоўнасці. Стараліся, каб гэта не выдзялялася ні ў адзенні, ні ў паводзінах. І заўсёды гаварылі пра тое, што ўсе людзі роўныя, нягледзячы на тое, якія ў іх прафесіі, спецыяльнасці, які дастак ёсць у хаце. І таму вось з гэтым я вырасла: спачатку трэба падумаць, ці не раніць гэта чалавека, звяртаючыся да яго.
Хто з бацькоў аказаў на вас найбольшы ўплыў, на ваш характар, на вашы жыццёвыя прынцыпы?
— Абодва. Мама мела дастаткова моцны характар, можна сказаць, была такім кіраўніком у хаце, таму што яна была такім кіруючым чалавекам, але менавіта дома. Аднак у размовах, напрыклад, з іншымі людзьмі яна з вялікай павагай ставілася да бацькі. І нават іншым людзям, калі хтосьці прасіў штосьці перадаць ці сказаць, то яна гаварыла: "Я Феліксу Іванавічу гэта перадам, я скажу". Хаця ў доме яны былі абсалютна роўныя.
Тата быў чалавекам, які цікавіўся шмат чым па жыцці. Ён самавучка, іграў на фартэпіяна і на баяне. І захапляўся гэтым. У нас было шмат кніг, і такія велізарныя альбомы «Малюнак і жывапіс». І ён вывучаў іх. Гэта сёння можна адкрыць інтэрнэт і пабываць у любым музеі свету. А калісьці па гэтых кніжках ён вывучаў жывапіс. Запісваў і класічную музыку, і цікавыя навінкі такой сучаснай папулярнай музыкі. І на гэтым усім я гадавалася.
«Заплечча для любога дзіцёнка, для любога чалавека»
Як гэта дапамагала вам пасля ў жыцці? Што давала сілы, каб захаваць сябе і захаваць тое асноўнае, што ёсць ў чалавеку — годнасць?
— Канечне, дапамагала. Па-першае, гэта заўсёды апора для любога дзіцяці, для любога чалавека — адчуванне дома, любові бацькоў, прыняцця імі, цябе такой, якая ты ёсць. Яны былі заўсёды гатовыя дапамагчы і словам, і справай. Гэта, напэўна, дае ўпэўненасць, падмурак. Ну і плюс заўсёды можна было параіцца: як вы думаеце, а вось калі так пайсці ці калі так. Гэта таксама вельмі важна.
Хаця, канешне, бацькі ўжо пасля падлеткавага ўзросту не маюць такога ўплыву на нас, на дзяцей, але ўсё роўна гэта адчуванне еднасці з домам проста дае ўнутраную раўнавагу.
А па-другое, тыя прынцыпы і каштоўнасці, якія былі закладзеныя ў дзяцінстве. Мама ў мяне была настаўніцай беларускай мовы. А тата ў часы Перабудовы арганізоўваў курсы беларускай мовы ў пракуратуры і міліцыі.
І вось гэта таксама база, яны дома маглі гаварыць і чыста па-беларуску, і на трасянцы, напрыклад, з бабулькамі на лаўцы. Былі сваімі, як кажуць, і людзі іх абіралі не з-за высокага рангу, а з-за павагі.
Таму потым з гэтымі прынцыпамі, з гэтымі каштоўнасцямі ты ідзеш па жыцці. І звяраеш іх з атачэннем, сябрамі, мужам ці жонкай. Ты проста глядзіш, наколькі гэта адпавядае твайму ўнутранаму сусвету.
«Гэта была такая сустрэча як маланка»
Раскажыце, як вы сустрэліся, як пазнаёміліся з Аляксандрам?
— Гэта ўжо быў другі шлюб. Першы муж — гэта бацька майго сына. Таксама цудоўны чалавек. І ў нас з Валодзем зараз цудоўныя адносіны. Мы сябруем сем'ямі, можна сказаць, з ягонай новай жонкай. І былі на вяселлях адзін у аднаго. У нас з ім добрыя захаваліся адносіны. Можа быць не ўсё супадала якраз вось па такіх прынцыповых рэчах, якія ў сумесным жыцці могуць не супадаць. І гэта адчуваецца з кожным годам можа быць больш і больш.
У нейкі момант абсалютна свядома, спакойна мы разышліся. Але, як бачыце, па жыцці ўсё роўна засталіся сябрамі. Мы смяяліся, што пераблыталі, напэўна, сяброўства і сужэнства. Але сын нарадзіўся і мы шчаслівыя, таму што цудоўны ў нас атрымаўся сын.
А з Аляксандрам мы сустрэліся, калі ўжо нашыя з Валодзем несупадзенні адбіліся на рэчах, з якімі, напэўна, ўжо мірыцца было немагчыма. Таму ўнутрана, прынамсі, з майго боку, мы расталіся раней, чым разышліся фактычна.
Калі ты ўжо не адчуваеш такой еднасці з чалавекам, з якім жывеш, напэўна, можаш азірнуцца на асяроддзе. Мы з Аляксандрам сустрэліся ў «Ратушы» ў Гародні, дзе ён пасля таго, як быў віцэ-мэрам, працаваў, быў старшынёй Грамадскага аб'яднання «Ратуша». А я ў гэты час была трэнерам, кансультантам амерыканскага фонду і прыехала ў Гародню з трэнінгам.
Гэта была такая сустрэча, напэўна, як маланка.
Адразу адчулі, што гэта ваш чалавек?
— Адразу. Хаця некаторыя рэчы на працягу першага часу нашага знаёмства не зусім супадалі, то бок штосьці было адпаведным, а штосьці не адпавядала і ва мне, і ў ім. Але самае галоўнае, напэўна, самыя базавыя такія каштоўнасці, адносіны да жыцця, яны былі вельмі блізкія.
Колькі вам было гадоў тады?
— Трыццаць сем. Аляксандру якраз толькі-толькі споўнілася пяцьдзясят. Нават яшчэ кветкі стаялі пасля святкавання яго юбілею.
«Трэба проста навучыцца з гэтым жыць»
Калі б вас папрасілі некалькімі словамі сказаць пра ваша з Аляксандрам сумеснае жыццё, што б вы сказалі?
— Гэта вялікае шчасце. Я б сказала, што не кожнаму так шчасціць. А мне пашчаціла практычна на 30 гадоў. Гэта вялікая радасць. І нават калі зараз Аляксандра ўжо няма, усё роўна гэта адчуваецца як шчасце.
Мне здаецца, вы яго яшчэ адчуваеце побач, яго плячо.
— Думаю, што гэта бясконцая рэч. Па-першае, каханне ніколі не скончыцца. А па-другое, нельга параўноўваць гэта канешне, але напэўна балючы факт, што яго няма — гэта як хранічная хвароба. Трэба проста навучыцца з гэтым жыць.
Я проста вучуся з гэтым жыць, таму што боль нікуды ўжо не дзенецца. Усведамленне, што яго няма, проста займае сваё месца і бывае, што боль вяртаецца альбо нахлынае праз пах, музыкц, месца ў той момант, калі ты абсалютна не чакаеш.
Але ты вучышся з гэтым жыць, таму што жыццё працягваецца і, напэўна, яно працягваецца недарма. Гэта значыць, ты мусіш штосьці зрабіць, ты мусіш да чагосьці яшчэ прыйсці. Таму ты жывеш і дзякуеш Богу за тое, што жывеш. Ну і, скажам так, трымаеш сябе. Асабліва пры людзях, таму што, часта бывае, што чалавек спачувае табе моцна, але не ведае, як сябе паводзіць. Ці то гаварыць нейкія банальныя словы, ці то кідаецца цябе абдымаць і так далей. Таму, канешне, я стараюся трымацца.
«Самае галоўнае — гэта Вольны беларускі ўніверсітэт»
Напэўна, зараз вы загружаеце сябе справамі. Што на сёння для вас з прафесійнай сферы больш важнае?
— Самае галоўнае — гэта Вольны беларускі ўніверсітэт, таму што гэта справа, якую заклаў Аляксандр, якую я ведаю вельмі глыбока, бо мы былі разам, мы аднадумцы і ўсе справы, якія рабіліся ім, пачынаючы ад прэзідэнцкай кампаніі і закладання прэміі імя Васіля Быкава і Вольнага ўніверсітэта, гэта ўсё абмяркоўвалася разам. Хаця, канешне, гэта — ягоныя ініцыятывы. Але для мяне гэта не чужое, па-першае.
Па-другое, я сама і настаўніца, можна сказаць, і грамадскі дзеяч, таму я ведаю каштоўнасць гэтай навучальнай установы, яе перспектывы і, мы ўсёй камандай лічым, што мусім працягваць гэтую справу, падняць яе на ўзровень варты імя Аляксандра. Ужо дакладна чатыры чалавекі з розных установаў і інстытуцый гаварылі пра тое, што ўніверсітэт мусіць насіць імя Аляксандра Мілінкевіча. І мы хацелі б дасягнуць гэтага афіцыйна. Таму, канешне, будзем старацца, каб гэта развівалася.
Але працу лагапеда і дэфектолага я цалкам не кідаю. Зараз я працую толькі два разы на тыдзень у медыцынскім цэнтры «Астрамед». І больш не бяру пацыентаў онлайн. Па-першае, не хачу згубіць кваліфікацыю. А па-другое, у мяне ёсць беларускамоўныя пацыенты. Для іх гэта важна.
Хаця ўжо з'яўляюцца ў нас маладыя беларускамоўныя лагапеды, і гэта проста вельмі цудоўна. Ну, а тое, што ёсць такія дзеці, гэта, я лічу, — перспектыва будучай Беларусі і наша шчасце.
«Ён хацеў быць пахаваным на могілках у Берштах»
Чаго сёння вам больш за ўсё не хапае?
— Фізічнай прысутнасці. Таму што так я размаўляю з ім. Мне, здаецца, тое, што я раблю, нейкім чынам падтрымліваецца Аляксандрам. Я магу з ім і ў голас нават раіцца. А вось фізічнай прысутнасці — яе няма.
Калі з'явіцца магчымасць нам усім вярнуцца ў Беларусь, ці ёсць у вас у планах стварыць месца памяці Аляксандра ў Беларусі?
— Безумоўна. Таму што ў яго былі свае думкі пра тое, дзе б ён хацеў быць пахаваны. І гэта могілкі ў Берштах. Там ёсць магіла яго дзядулі, які быў кіраўніком мясцовага ТБШ, і ягонай бабулі Лідзіі, якая была яму не роднай бабуляй, але выхавала маленькага Аляксандра.
І яму хацелася, каб там быў радавы склеп. І ў гэтым склепе ён хацеў быць пахаваны. Канешне мы плануем, і дзеці гэта ведаюць. Калі можа мне пры жыцці гэта не ўдасца, то дзеці ведаюць, што ён хацеў быць там пахаваным. І мы спадзяемся, што надыдзе такі час, калі можна будзе спакойна перавезці труну.
Бо, як вы ведаеце, ў Польшчы магіла мураваная, таму труна захоўваецца. І мы спадзяемся, што будзе час, калі можна будзе яе перавезці.
«У Беларусь, у якой кожны чалавек адчувае сябе вольным духам»
Якая гэта будзе Беларусь? У якую Беларусь вы б хацелі прывезці, Аляксандр?
— У Беларусь, у якой ёсць пантэон сваіх герояў. Таму што Аляксандр — адзін з іх у тым сэнсе, што ён ужо ўвайшоў у гісторыю краіны, як і шмат хто з выбітных беларусаў, вядомых беларусаў, якія паклалі сваё жыццё, ці змагаліся за лепшую Беларусь.
У тую Беларусь, у якой кожны чалавек адчувае сябе вольным, ведае, што ён годны і каштоўны для дзяржавы сваёй, для самога сябе. Дзе яму не трэба хавацца, дзе ён падымае галаву высока, ведае, што ў яго ёсць перспектывы. Ведае, што і сабою, і сваёй краінай ён можа ганарыцца.
Спадзяюся, што мы ўсё ж дачакаемся і ўсе разам убачым плошчу Аляксандра Мілінкевіча ці вуліцу. І абавязкова яшчэ раз узгадаем яго цёплым словам. А вам я жадаю, каб усё ж боль не займаў усё ваша сэрца.
— Для Аляксандра ў маім сэрцы заўсёды ёсць сваё месца. Зараз я проста там дзверцы прычыніла, але калі трэба, я адчыняю і ведаю, што адтуль могуць выходзіць эмоцыі, радасць, шчасце.
Але ў гэтым сэрцы яшчэ ёсць і родныя, і блізкія, і Беларусь, і ўнучкі. І таму сэрца напоўненае, і гэта важна для кожнага чалавека.
Падрыхтавала Аксана Колб