Пацярпелы ў выніку тэракту ў Кракаве паліцыянт Якуб Кулік выйшаў з бальніцы. Паліцыя апублікавала ў сацыяльных сетках ліст з падзякай за падтрымку і просьбай пра павагу да прыватнасці — піша Onet. Куліка перавялі ў іншую бальніцу, дзе ён будзе праходзіць рэабілітацыю. Адкрыты ліст апублікаваны на старонцы Галоўнага ўпраўлення паліцыі Кракава ў Facebook.
— Шаноўныя, я хацеў бы шчыра падзякаваць вам за ўсе словы падтрымкі, паведамленні, лісты, малюнкі, зробленыя дзецьмі, збор сродкаў і ўсе жэсты салідарнасці. Я глыбока крануты праявамі дабрыні. Кожны з гэтых жэстаў неверагодна важны для мяне і дае мне вялікую сілу ў гэты цяжкі час, — напісаў Кулік.
— Аднак зараз я хацеў бы засяродзіцца ў першую чаргу на тым, што для мяне найважнейшае — маім выздараўленні і выздараўленні майго сябра, майго напарніка, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Я таксама шчыра прашу паважаць маю прыватнасць, прыватнасць маёй сям'і і блізкіх мне людзей. Гэта надзвычай цяжкі час для ўсіх нас, і нам вельмі патрэбны спакой і прастора, каб засяродзіцца на тым, што сапраўды важна. Таму я прашу вашага разумення і прашу ўлічыць, што ў гэты час я не гатовы размаўляць з прадстаўнікамі СМІ або каментаваць падзеі, якія адбыліся, — дадаў ён.
7 лістапада на Галоўнай рыначнай плошчы Кракава адбыўся напад з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. У выніку нападу загінулі шэсць чалавек, 15 атрымалі раненні, у тым ліку двое паліцэйскіх. Сёмай смяротнай ахвярай стаў 24-гадовы стралок, які памёр у бальніцы ад раненняў, нанесеных падчас затрымання.
нг