Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кангрэс «Здароўе палякаў»: абмяркоўваюць бяспеку пацыентаў і дзяржаўных фінансаў, якія прызначаюцца на ахову здароўя

25.11.2026 09:47
Гаворка між іншым пра неабходнасць аднавіць фармацэўтычную вытворчасць у Еўропе, каб зменшыць залежнасць ад паставак з Індыі і Кітая.
Аўдыё
  • Кангрэс «Здароўе палякаў» .
   .   .
Кангрэс «Здароўе палякаў» . Выступае Генрык Скаржыньскі. PAP/Albert Zawada

На гэтым тыдні (з 23 па 25 лістапада) у Польшчы праходзіць кангрэс, прысвечаны здароўю жыхароў краіны. Удзельнікі мерапрыемства засяроджваюцца не толькі на прафілактыцы захворванняў, але таксама на праблемах фінансавання сістэмы аховы здароўя, якая паглынае ўсё большую частку бюджэтных сродкаў.

Як падрыхтаваць польскую сістэму аховы здароўя да крызісных сітуацый і якія змены неабходныя, каб больш эфектыўна прадухіляць захворванні і лепш выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы? Гэта пытанні, якія абмяркоўваюць удзельнікі VIII кангрэса «Здароўе палякаў».

Вядучы дэвіз сёлетняга кангрэса — «Бяспека як аснова здароўя палякаў», пра што на пачатку сустрэчы нагадаў яе ініцыятар оталарынголаг і хірург прафесар Генрык Скаржынскі (Henryk Skarżyński).  

— Мы будзем абмяркоўваць, між іншым, бяспеку, разглядаць гэтае паняцце з розных пунктаў гледжання. Гаворка ідзе пра бяспеку чалавека — як ён жыве, як ён кантралюе свае паводзіны, як узаемадзейнічае з акружэннем. І таксама пра тое, якім чынам людзі могуць уплываць на іншых людзей, і, адпаведна, уплываць на іх бяспеку. За бяспеку нашага здароўя адказваем мы самі, а таксама людзі, якія выбралі гэта сваёй прафесіяй — дадаў прафесар.

На ягоную думку, у сістэме аховы здароўя грошы — гэта не самае галоўнае, хаця сучасная медыцына патрабуе вялікіх укладанняў. Аднак падчас кангрэса пытанне фінансавых сродкаў не стаіць на першым плане.  

— Таксама важна тое, каб быць адважным і прымаць складаныя, але неабходныя арганізацыйныя рашэнні, каб больш рацыянальна выкарыстоўваць даступныя кадры і сродкі. Адзін з прыкладаў — трансфармацыя сістэмы бальніц. Важнейшай задачай гэтай сістэмы з’яўляецца бяспека пацыентаў, а не ўтрыманне кожнаю цаной структуры ўстановы. За наша здароўе адказваем мы самі — мы, грамадзяне, але таксама тыя, хто падрыхтаваны ў прафесійным плане, каб аказваць нам дапамогу, утрымліваць нас у добрым стане здароўя максімальна доўга.

Лекары па традыцыі карыстаюцца ў Польшчы павагай за тое, што яны дапамагаюць хворым. Аднак, на жаль, на працягу апошніх гадоў дзяржаву страсянулі вялікія скандалы, звязаныя з медычным асяроддзем. У выніку павага да лекараў пахіснулася. Дактары зарабляюць усё больш, затое некаторыя бальніцы тонуць у даўгах менавіта з-за таго, што большую частку сваіх бюджэтаў ім даводзіцца выдаткоўваць на заробкі медперсаналу. Магчыма, таму ў сваім выступленні намеснік прэм'ер-міністра і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) прапанаваў павышаць зарплаты медыцынскіх работнікаў толькі на ўзровень інфляцыі, а не больш.

— Я б заклікаў усе палітычныя асяроддзі, каб пасля максімальнага павышэння заробкаў супрацоўнікам сістэмы аховы здароўя задумацца над тым, ці магчыма перайсці на іншы механізм павышэння зарплаты — каб заработная плата медыцынскіх работнікаў расла кожны год згодна з паказчыкам інфляцыі. Такі механізм працуе ў іншых бюджэтных установах.

Паводле міністра, раней рэзкае павышэнне заробкаў лекараў і медсясцёр было неабходна, каб скараціць розніцу ў аплаце працы гэтай прафесійнай групы паміж Польшчай і іншымі краінамі Еўропы. Цяпер жа Польшча ўваходзіць у лік лідараў паводле ўзроўню заробкаў медыкаў.

Касіняк-Камыш папярэдзіў, што ў некаторых бальніцах на заробкі персаналу ідзе да 90% усіх выдаткаў. У доўгатэрміновай перспектыве сістэма аховы здароўя не вытрымае такой фінансавай нагрузкі.

На кангрэсе «Здароўе палякаў» закранаецца не толькі бяспека сістэмы аховы здароўя, але і забеспячэнне пацыентаў лекамі, падрыхтоўка службаў да крызісных сітуацый і прафілактыка захворванняў.

Міністр аховы здароўя Яланта Сабераньска-Грэнда (Jolanta Sobierańska-Grenda) казала пра важнасць клопату аб пацыенце, каб ён адчуваў сябе камфортна ва ўстановах аховы здароўя. Але палітыкі не павінны забываць пра рацыянальнасць выдаткаў у гэтай галіне, — адзначыла міністр.

— На маю думку, адвага і адказнасць — гэта тое, што патрэбнае сёння пацыенту. Але важная таксама адказнасць за 274 мільярды злотых — такая сума ў бюджэце на будучы год прызначана на ахову здароўя. Гэта самы буйны артыкул у дзяржаўным бюджэце. Мы павінны клапаціцца пра тое, каб гэтыя сродкі размяркоўваліся на дапамогу пацыентам як мага больш адказна і рацыянальна.  

Выступоўцы казалі таксама пра неабходнасць аднавіць дзейнасць фармацэўтычнай вытворчасці ў Еўропе, каб зменшыць залежнасць ад паставак лякарстваў з Індыі і Кітая. У сувязі з клопатам пра бяспеку пацыентаў, вытворчасць актыўных рэчываў для лекаў трэба пераносіць у Еўропу, у тым ліку, па меры магчымасці, у Польшчу.

нг