Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ксенія Галубовіч: Многія людзі яшчэ не да канца разумеюць, што такое акупацыя

27.11.2026 06:00
Самае важнае для беларускай журналісткі сёння — перамога над Расіяй.
Аўдыё
  • Ксенія Галубовіч пра выбар прафесіі, працу ва Украіне і вяртанне ў Беларусь
 .  2026 .
Ксенія Галубовіч. Лістапад 2026 г.Беларуская служба Польскага Радыё

Звычайна гэтыя людзі знаходзяцца па той бок камеры, мікрафону, за кадрам, але я лічу, што гэта несправядліва. І таму мы сустрэліся ў студыі Беларускай службы Польскага радыё з журналістскай, фатографам, дакументалісткай Ксеніяй Галубовіч. 

«Помню, як на рэшту маглі даць ірыскі ў хлебнай краме»

Раскажы, калі ласка, пра сябе. Адкуль ты? Як прайшло тваё дзяцінства? Наогул, як ты пайшла ў прафесію?

— Я з Мінска. Хаця, напэўна, самым родным месцам ўсё роўна лічу сваю вёску, бо праводзіла там кожнае лета, ўсё жыццё. І яна мне даражэйшая, напэўна, чым Мінск. А я па ёй сумую больш.

Вучылася ў беларускай гімназіі, потым у Коласаўскім ліцэі, які ліквідавалі і паступіла на рэжысуру, калі скончыла гімназію.

Мне заўсёды падабалася кіно, хаця на самай справе ў апошніх класах я хацела паступаць на журфак. І там была смешная гісторыя, што я напісала кароткую нататку, бо для паступлення ж трэба было мець публікацыі. Нататку пра нейкую выставу мастацкую, на якой дзяўчына малявала Мінск, і я дзесьці напісала ў гэтай рэцэнзіі «Сталінскі праспект», і мне гэта выправілі і сказалі, што ўсё роўна такую назву прыбяруць. І я падумала: «Ну, калі ў нас існуе цэнзура нават у такіх выпадках, напэўна, я не хачу на журфак». І таму вось праз гэты выпадак перадумала і пайшла на рэжысуру.

Што было ў тваім дзіцінстве самым такім яскравым? Ці было яно шчаслівым?

— Нармальнае было дзяцінства, як у дзяцей, якія нарадзіліся ў 1988-м, яшчэ ў Савецкім Саюзе. А таму помню нават першыя выбары 1994 года. 

Я помню, як на рэшту маглі даць ірыскі ў хлебнай краме каля дома. Ну, розныя такія моманты, якія цяпер людзям не зразумець. А потым, канешне, насталі гады такой абсалютнай беднаты, калі было ўсё вельмі цяжка, у тым ліку з працай. Або ў цябе быў  бізнес, або ўсё было дрэнна — у той перыяд было цяжкавата. Але мне здаецца, што ў нас у сям'і, прынамсі я не помню такога, каб грошы былі на першым месцы і з-за іх недахопу мы рабілі трагедыю.

Мне здаецца, ў мяне ў цэлым сям'я, у якой не лічаць, што, каб быць шчаслівым, трэба быць багатым.

«Хадзіць з кветкамі — гэта нескладана»

Ты даволі даўно працуеш, шмат чаго зрабіла, была пераможцай аднаго з прэстыжных міжнародных фотаконкурсаў. Што ў тваёй працы найбольш табе падабаецца?

— Гісторыі людзей. Сустракаць розных неверагодных людзей з іх гісторыямі і мець магчымасць расказаць пра іх большай колькасці людзей, расказаць, паказаць, паспрабаваць зразумець, дапамагчы людзям зразумець адзін аднаго. Ну, напэўна, гэта самае цікавае.

Скажы, калі ласка, што найбольш запомнілася, што найбольш уразіла за гэтыя гады працы?

— Увогуле, да 2020 года я не хацела працаваць з вострымі палітычнымі, ваеннымі тэмамі. Мне падабаліся тэмы пра здароўе людзей, пра ментальныя праблемы, хоспісы, бальніцы, анкалогію. Падабаліся — можа гэта няправільнае слова. Але гэта было маё. У мяне атрымлівалася працаваць з такімі людзьмі, знаходзіць да іх падыход, мне здавалася. Плюс я і валанцёрыла шмат у розных такіх арганізацыях. Гэта было не толькі ў межах працы.

А вось пасля 2020-га года, напэўна, як і ўсіх, больш за ўсё ўразіла, Акрэсціна. Калі адтуль выходзілі на трэцюю, па-мойму, ноч хлопцы, і ў якім яны былі стане, і што там адбывалася, гэта, напэўна, адны з такіх самых запамінальных дзён і начэй у жыцці.

Мне, дарэчы, больш запомніліся напэўна зусім не пратэсты з кветкамі, не той марш самы вялікі, які ўсе ўспамінаюць з такім захапленнем. Мне хутчэй запомніліся тыя першыя ночы, калі людзі былі гатовыя будаваць барыкады, прыносіць кактэйлі Молатава. Ва ўсіх былі нейкія аптэчкі, бінты...

Мяне гэта больш уразіла, таму што хадзіць з кветкамі — гэта нескладана. А пайшлі з кветкамі і сабралася столькі тысяч чалавек толькі дзякуючы тым людзям, якія не пабаяліся ў першыя некалькі дзён выйсці без кветак. Таму я лічу, што гэта было самае важнае ў тым пратэсце.

«Калі Расія не прайграе, то Беларусі ў хуткім часе можа не быць»

Што на сёння для цябе самае важнае?

— Перамога над Расіяй. На першым, на другім, на трэцім месцы — перамога над Расіяй. Без гэтага нічога больш не будзе. Я магу марыць пра ўсё астатняе колькі заўгодна, але без гэтага першага пункта нічога не будзе.

Расія не перастане кантраляваць Беларусь у тым выглядзе, у якім яна зараз існуе. І калі Украіна не пераможа, калі тая расійская фашысцкая дыктатура, якая там існуе, не разваліцца — то... Калі Расія не прайграе, мы ўжо не будзем казаць пра нюансы, ці разваліцца яна там на мноства частак, ці застанецца ў такіх жа межах. Гэта справа ўжо тых народаў, не мая. Мне цікава, што будзе з Беларуссю. І вось калі Расія не прайграе, то, я баюся, што Беларусі ў хуткім часе можа не быць.

Ты вельмі часта бываеш ва Украіне і бачыш шмат што знутры. Па тваіх уражаннях, па тваіх адчуваннях, ці можа Украіна не перамагчы?

— Украіна, тут  цяжка  сказаць, што мы ў гэта ўкладаем, але я думаю, што не можа. Таму што ёсць грамадства ў цэлым. Не будзем казаць, што тут думаюць людзі, якія выехалі. А нехта і да вайны выехаў, а нехта ўцёк ад мабілізацыі. Ну, гэта іх думкі, яны выбралі, няхай жывуць за мяжой. Мне важней, што думаюць людзі, якія там засталіся. Дык вось там ёсць абсалютны кансэнсус у грамадстве. Большасць людзей разумее, што калі Украіна прайграе, то на гэтым спыніцца яе існаванне.

Таму людзі разумеюць, за што яны змагаюцца, што гэта альбо мы будзем існаваць, альбо нас не будзе. Кожны змагаецца за сваё жыццё, за свой дом і за сваю будучыню, будучыню сваіх нашчадкаў.

«Ва Украіне я не адчуваю сябе эмігрантам»

А што цябе ўражвае ўнутры Украіны?

— Уражвае ўсё. Сёння якраз перад тым, як выйсці на гэта інтэрв'ю, ўключыла Жадана і там была такая фраза ў песні, што ва Украіне так многа зброі і любові. І мне здаецца, гэта вельмі добрая характарыстыка краіны. Сапраўды, шмат зброі, вайны, але настолькі ж многа любові, узаемадапамогі.

Людзі па-іншаму ставяцца да нейкіх вельмі простых радасцяў, якія раней, магчыма, не заўважалі б. Гэта ўражвае.

Што засмучае ці радуе ў эміграцыі?

— Па-праўдзе мала што радуе. Эміграцыя ўвогуле даволі нерадасная рэч. Проста тут ёсць два выбары. Або ты прыняў гэта, што ўсё, я тут будую новае жыццё і спрабуеш не называць гэта эміграцыяй, а проста спрабуеш называць гэта новым жыццём. Або — не.

У мяне атрымліваецца не вельмі. Так атрымліваецца, што ва Украіне я не адчуваю сябе эмігрантам. Калі я прыязджаю туды, я адчуваю сябе фактычна як дома. Тут (у Польшчы) я заўсёды адчуваю сябе эмігрантам. І гэты дыскамфорт унутраны, ён як бы ўсю радасць жыцця трошкі забірае.

Але, канешне, сябры і сустрэчы з сябрамі радуюць. Нейкія мерапрыемствы, але ўсё менш на іх хаджу, бо яны таксама перасталі прыносіць задавальненне.

Чаму?

— Не ведаю. Ну, можа, бывае. Хіба што канцэрт, таму што ўвогуле без музыкі жыць не магу. Я музыку слухаю многа і дома, і ўсюды. І гэта такая проста нейкая вельмі чыстая эмоцыя. Сустрэчы, дзе людзі расказваюць пра свае перажыванні, боль, пра эміграцыю — на такое я не хаджу. Быццам бы тое ж і ў мяне, я не бачу сэнсу для сябе.

«Зняццё санкцый дапаможа Расіі яшчэ больш выкарыстоўваць Беларусь у вайне»

Заўсёды лічыцца, што журналіст мае абавязак фіксаваць, што адбываецца і ў прынцыпе не павінен выказваць сваё меркаванне, сваё стаўленне да чагосьці. Але я якраз так не лічу.

І таму хацела б пачуць тваё меркаванне, найперш пра тое, што зараз адбываецца ў эмігранцкім асяроддзі. Як ты ставішся да ідэі перамоваў з Лукашэнкам, якую выказвае частка эмігранцкага асяроддзя?

— Я не вельмі разумею, што людзі, якія хочуць гэтых перамоў, укладаюць у слова «перамовы». Можа, яны шчыра лічаць, што Лукашэнка ўсё яшчэ суб'ект, што ён можа нешта вырашаць без Пуціна. Я так не лічу.

Большасць санкцый, як людзі ведаюць, уведзеныя за самалёт (з Пратасевічам на борце) і за вайну. І зняцце любых такіх санкцый, там з банкаўскай сістэмы, з мілітарнай сістэмы і гэтак далей — дапаможа Расіі яшчэ больш выкарыстоўваць Беларусь у вайне. А таму я не разумею пра што тады перамовы.

Вось Эстонія цалкам зачыніла мяжу з Расіяй, таму што там зноў спрабавалі зрабіць тэракт на заводзе дронаў, і там ужо пісалі, што гэта ГРУ і гэтак далей. І чаму нехта думае, што калі адбываюцца такія рэчы, калі ўжо ёсць правакацыі па ўсёй Еўропе, ў розных краінах, то можна аддзяліць Беларусь ад гэтага трэка, што Расія не можа сваіх грушнікаў праз беларускую мяжу ў Еўропу адпраўляць, што яна не будзе карыстацца іншымі калідорамі? Не. Гэта ўсё працуе разам, і таму Еўропа адчувае вялікую небяспеку.

Канешне ўсім шкада людзей. І мне шкада людзей, у мяне сядзяць там людзі, якіх я б вельмі хацела бачыць на волі, але гэта не будзе працаваць. Гэта бессэнсоўны канфлікт зараз, які раздуўся ў грамадстве. Таму што, па-першае, Еўропа проста не будзе гэтага рабіць. Гэта абсурд.

Я лічу, што некаторымі людзьмі, ў тым ліку тымі хто падпісаў гэты ліст, проста скарысталіся. Можна і так назваць. і потым яны гэта зразумеюць і ім будзе вельмі непрыемна. І мне вельмі шкада, што так робіцца, таму што гэта сапраўды харошыя, добрыя людзі. А ў нас любяць карыстацца людзьмі.

І я думаю, што гэта яшчэ ад таго, што ў Еўропе ўвогуле, у Польшчы можа менш, існуе трэнд на касмапалітызм, за ўсё харошае супраць усяго дрэннага. І спецыфічны пацыфізм: калі мы не дадзім грошы на зброю, вайна скончыцца. 

Калі не даваць зброю Украіне, яна не проста прайграе. Вайна не скончыцца, вайна да вас прыйдзе. Яны, абсалютна не разумеюць, што адбываецца. Частка гэтых людзе жыве ў ружовых акулярах. Пры тым большасць з іх нельга назваць, напэўна, нейкімі дрэннымі людзьмі. Проста яны не разумеюць рэальнасць,як  па мне.

«Пасля развала Савецкага Саюза мы скарысталіся шансам не правільна»

Як ты думаеш, ці зможа Беларусь аднавіцца? Ці зможа стаць сапраўды еўрапейскай незалежнай, свабоднай краінай?

— Думаю, зможа і зможа нават даволі хутка. Варта ўзгадаць, напрыклад, Берлінскую сцяну і штазі, як жыла і колькі гадоў усходняя частка Германіі. Але ж як толькі разбурылі сцяну, свабода яна хлынула адразу. Я думаю, што чым больш якраз людзі кансервуюцца ў нейкай такой прыгнечанай несвабодзе, тым больш потым квітнеюць.

Галоўнае правільна скарыстацца гэтым шансам, бо пасля развала Савецкага Саюза мы скарысталіся ім не правільна. Наменклатура засталася тая ж, мы не зрабілі ніякай ілюстрацыі. Трэба было зрабіць хаця б мінімум, каб гэтыя людзі не займалі больш кіруючыя пасады, дзяржаўныя пасады, калі яны былі звязаныя з сур'ёзнымі злачынствамі і парушэннем правоў людзей. Пасля Савецкага Саюза гэтага не зрабілі. І таму вельмі хуценька ўсё адкацілася назад у той жа савок.

Вось, калі наступны раз мы гэта зробім, то шансы вялікія стаць абсалютна нармальнай еўрапейскай краінай у нас ёсць.

«Польшча–Беларусь–Украіна. Мне здаецца, вось такі саюз быў бы ідэальным»

Ты бачыш Беларусь у Еўрасаюзе ці асобна, ці ў нейкім іншым аб'яднанні? 

— На самай справе мне падабаецца Беларусь асобна ад любых аб'яднанняў. А ў гэтым свеце цяжка не быць ні з кім у саюзе, калі ты даволі невялікая краін сярод такіх розных суседзяў. І гэта будзе, зноў жа, залежыць ад таго, у што ператворыцца Расія, наколькі яна будзе пагрозай для Беларусі.

Таму нейкі саюз усё роўна павінен быць з правільнымі партнёрамі. Не ведаю, ці будзе існаваць увогуле Еўрасаюз у такім жа выглядзе на той момант, таму што зараз так шмат усяго мяняецца, што, мне здаецца, многія саюзы будуць трошкі мадыфікавацца. Гэта залежыць таксама ад таго, прыйдзе вайна ў ЕС у бліжэйшыя гады, ці не.

Таму трэба дачакацца тага моманту. І мы паглядзім яшчэ, якія будуць варыянты саюзаў. Мне падабаецца саюз, напрыклад, з Балтыйскімі краінамі. Таксама — Польшча, Беларусь, Украіна. Украіна — адна з самых моцных армій цяпер. Польшча — адна з самых моцных эканомік. Усе гэтыя краіны культурна нам вельмі блізкія. Мне здаецца, вось такі саюз быў бы ідэальным.

«Мару напісаць кнігу пра акупацыю»

Пра што ты сёння марыш? Што табе больш за ўсё хацелась б зрабіць у прафесіі, па жыцці, для Украіны, для Беларусі?

— Апошнія пяць гадоў мы рабілі фільм, які, я спадзяюся, зусім хутка выйдзе. Мы шукаем, дзе зрабіць прэм'еру. І канешне, я вельмі рада, што хаця б гэта ўжо закрытая тэма. Гэта фільм пра мігранцкі крызіс — беларускі і не толькі. Усё, што пачыналася тады ў 2021 годзе з тэрыторыі Беларусі. Не буду пакуль больш расказваць. Хай застаецца інтрыга.

Апошнім часам думаю напісаць кнігу У мяне назбіралася так шмат матэрыялаў, нейкіх цікавых сваіх думак. І я проста пакуль хаджу і думаю ў якой форме гэта бачу, бо, напрыклад, сама люблю чытаць кніжкі сюжэтныя. Уліса чытаць я не люблю, таму беларускую літаратуру зараз мала чытаю, там вельмі шмат такога аўтафікшна.

Напэўна, мая самая важная тэма за апошнія гады, асабліва з улікам паездак ва Украіну, гэта — акупацыя. І мне было б цікава гэта апісаць, бо многія людзі усё яшчэ вельмі дрэнна, не да каннца разумеюць, што такое акупацыя.

Калі тэрыторыя становіцца акупаванай, туды не трапляюць з большага СМІ, там немагчыма задаваць людзям пытанні, бо яны баяцца шчыра адказваць. Гэта тэрыторыя становіцца такой шэрай зонай, пра якую вельмі мала мы ведаем. І людзі бывае хочуць проста пра гэта быццам бы забыць, не думаць. Як зараз многія кажуць: жыцці людзей важней за нейкі там кавалак зямлі...

Але ніхто не хоча ведаць, колькі мільёнаў украінцаў пасля 2014-га былі вымушаныя пакінуць свае дамы, сваіх там бабуляк-дзядулек, могілкі, ўсё. І проста з торбачкай з'ехаць са сваіх месцаў.

І ў Беларусі зараз такая гібрыдная, але акупацыя. Таксама гэта шэрая зона інфармацыйная.

«Проста буду хадзіць і насалоджвацца»

Ці хочаш вярнуцца дадому? Як думаеш, калі?

— Канечне хачу. Па маіх адчуваннях, я думаю, не раней, чым праз два гады. З улікам таго, што зараз адбываецца на вайне, не думаю, што менш чым за два гады нешта кардынальна можа змяніцца. А максімум я не хачу агучваць. Хацелася б хоць калі-небудзь. Скажам так, я аптыміст, але ўмераны.

Што ты першае зробіш, калі вернешся?

— У вёску паеду адразу. Буду хадзіць па лесе, пагляджу, ці не згніла канчаткова хата. Буду спадзявацца, што не, таму што я збіралася яе рамантаваць перад тым, як прыйшлося з'язджаць. Проста буду хадзіць і насалоджвацца гэтым днём. На могілкі абавязкова схаджу.

Што для цябе Беларусь?

— Беларусь — гэта супольнасць людзей са сваім менталітэтам, са сваёй мовай, якая вернецца. Мы не адзіная краіна, дзе Расія з мовай змагалася. І я думаю, што ў нас цягам часу ўсё будзе нармальна са сваёй культурай. У нас яна асаблівая, троху падобная, напрыклад, на украінскую, але ўсё ж зусім іншая.

Я лічу, што як нацыя мы ўсё ж сфарміраваліся. Так, з праблемамі моўнымі, з праблемамі з культурай, але вось гэта нашая адметнасць яна ўсё ж такі ўжо ёсць.

Падрыхтавала Аксана Колб