Выставы, канцэрты і сустрэчы ў цэлым свеце, прысвечаныя Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ – гэта самыя важныя планы Міністэрства культуры Польшчы на 100-ю гадавіну народзін Караля Вайтылы, якая прыпадае ў наступным годзе.
Намеснік міністра культуры Яраслаў Селін нагадаў у Першай праграме Польскага радыё, што 2020 год быў абвешчаны Сеймам папярэдняга склікання годам святога Яна Паўла ІІ:
- Гэта самы важны паляк у нашай тысячагадовай гісторыі. Пра гэта чвэрць веку гавораць палякі ў апытаннях. Таму 100-годдзе нараджэння самага важнага паляка павінна быць заўважана дзяржавай, а не толькі Касцёлам. У нас ёсць планы, звязаныя з гадавінай. Нядаўна мы адчынілі музей Яна Паўла ІІ у Вілянаве, які над гэтым таксама будзе працаваць. Будуць вялікія канцэрты, мерапрыемствы за мяжой, арганізаваныя Інстытутам Адама Міцкевіча.
Ухвала ў справе году святога Яна Паўла ІІ была прынятая ў палове чэрвеня бягучага году. Яе падтрымала большасць дэпутатаў. У дакуменце падкрэслена, што святы Ян Павал ІІ займае асаблівае месца ў гісторыі Польшчы і Еўропы.
- Яго рашучае нагадванне пра правы нашай Айчыны да свабоды сярод народаў Еўропы, яго практычная абарона правоў нашага народу зрабілі са Святога айца аднаго з найважнейшых бацькаў незалежнасці Польшчы, – чытаем у тэксце сеймавай ухвалы з 13 чэрвеня 2019 году.
ав