Беларуская Служба

Запрашаем у Штольню „Ахрова” у Злотым Стоку (ФОТА)

03.01.2020 17:22
Штольня „Ахрова” была адкрытая для турыстаў у 2017 годзе і лічыцца адной з прыгажэйшых у Польшчы.
Аўдыё
  • Штольня „Ахрова” была адкрытая для турыстаў у 2017 годзе і лічыцца адной з прыгажэйшых у Польшчы.
 ,   .
Штольня „Ахрова”, Злоты Сток .Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Сёння я запрашаю Шаноўнае Спадарства пазнаёміцца з чарговым цікавым аб’ектам для наведвання ў Ніжняй Сілезіі. Гаворка ідзе пра штольню „Ахрова”(Ochrowa), якая ўваходзіць у склад турыстычнага комплексу „Шахта золата” у гарадку Злоты Сток (Złoty Stok).


Шахта золата ў Злотым Стоку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Шахта золата ў Злотым Стоку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

„Ахрова” была адкрытая для турыстаў у 2017 годзе. Яна лічыцца адной з прыгажэйшых штольняў у Залатых гарах (Złote Góry) і адначасова адной з найбольш таямнічых. З гэтым падземным лабірынтам звязаныя шматлікія легенды. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй горнай прамысловасці, ведае, што такая падзея, як адкрыццё новай штольні, адбываецца раз у некалькі дзясяткаў або больш гадоў.

Работы, звязаныя з падрыхтоўкай штольні для турыстычнага руху, пачаліся на пачатку 2013 года. Зацікаўленне адкрывальнікаў было тым большае, што на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў штольня заставалася цалкам затопленай. Гэта рабіла аб’ект недаступным як для турыстаў, так і даследчыкаў.

Хутка аказалася, што праца камандаў даследчыкаў у штольні была цалкам абгрунтаванай. Пасля асушэння калідораў перад іх вачыма з'явіўся казачны пейзаж. Старыя, больш чым 300-гадовыя падземныя тунэлі зіхацелі ў святле ліхтароў цудоўнай палітрай чырвоных, аранжавых і жоўтых колераў.

Адкрывальнікі, бродзячы ў вадзе і гразі, паступова і карпатліва адкрывалі новыя калідоры гэтага старажытнага горнага аб’екта.


Штольня „Ахрова”, Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Штольня „Ахрова”, Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Сцены і столь штольні пакрытыя аранжавай охрай, якая ўзнікла ў выніку эрозіі багатай у жалеза горнай пароды. Паводле некаторых, менавіта так могуць выглядаць пячоры на Марсе, які таксама называюць „Чырвонай планетай”.

Аднак не толькі незвычайны колер вылучае штольню „Ахрова” сярод іншых падобных аб’ектаў у Польшчы. Падчас геалагічных працаў аказалася, што ў штольні знаходзіцца крыніца, вада якой багатая ў жалеза і мыш’як. Яшчэ да Першай сусветнай вайны, то бок у 1908 годзе, гэтая крыніца была прызнаная агульным мясцовым здабыткам.


Герб гарадка Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Герб гарадка Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Сцены пячоры з крыніцай цягам стагоддзяў пакрылі хемагенныя адклады розных адценняў чырвонага, аранжавага і жоўтага колераў.

Іншым сенсацыйным адкрыццём быў велізарны сталактыт (Schwertmannit) даўжынёй 48 сантыметраў і шырынёй 28 сантыметраў. У сваю чаргу, у ніжняй частцы шахты была адкрытая вертыкальная горная выработка, глыбінёй у некалькі метраў з арыгінальнай сістэмай драўляных труб для дрэнажу.Такую сістэму можна пабачыць выключна на гравюрах з XVI стагоддзя аўтарства Георга Агрыколі (Georgius Agricola).


Інфармацыйная дошка, штольня „Ахрова”, Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Інфармацыйная дошка, штольня „Ахрова”, Злоты Сток. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Цяпер штольня „Ахрова” – гэта цудоўна захаваны запаведнік горнай прамысловасці ў Польшчы, якім пасля 5 гадоў карпатлівай працы даследчыкаў, могуць палюбавацца турысты з Польшчы і замежжа. На іх чакае больш за 100-метровы падземны маршрут.


Штольня „Ахрова”, мапа. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Штольня „Ахрова”, мапа. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Перад уваходам у штольню знаходзіцца крыніца, з якой можна напіцца вады. Жалеза і мыш’як надаюць вадзе чырванаваты колер і характэрны смак.


Штольня „Ахрова”, мапа. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Штольня „Ахрова”, мапа. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Наведваць штольню можна выключна з гідам. Білет каштуе каля 15 злотых. Працягласць экскурсіі – прыкладна 30 хвілінаў.

kopalniazlota.pl/Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу