Беларуская Служба

Гісторык: «Цуд на Вісле» не быў цудам

15.08.2020 09:13
«Варшаўская бітва стала істотным чыннікам не толькі захавання незалежнасці Польшчы, але таксама чыннікам захавання незалежнасці краінаў Балтыі».
Аўдыё
  • Пра ход і значэнне Варшаўскай бітвы 1920 года разважаў гісторык, прафесар Польскай акадэміі навук Войцех Матэрскі.
Obraz Cud nad WisłąFoto: Jerzy Kossak, reprodukcja
Obraz "Cud nad Wisłą"Foto: Jerzy Kossak, reprodukcja.

У жніўні 1920 года маладая польская дзяржава апынулася пад пагрозай знішчэння – Чырвоная Армія наблізілася да Варшавы, заходнія дыпламаты імкліва пакідалі польскую сталіцу.

Нягледзячы на лічбавую перавагу Чырвоная армія была разбітая і хаатычна кінулася на ўцёкі. У Польшчы пра тыя падзеі гаворыцца не інакш як Cud nad Wisłą (па-беларуску «Цуд на Вісле»).

Прафесар Польскай акадэміі навук, гісторык Войцех Матэрскі адказвае на пытанне, ці сапраўды ў жніўні 1920-га года пад Варшавай адбыўся цуд, ці ўсё ж такі перамога палякаў была вынікам паспяховай тактыкі камандаванне і слабага, дэзарганізаванага тылу Чырвонай Арміі:

-Трэба звярнуць увагу на некалькі нюансаў. Сапраўды, РККА хуткім тэмпам ішла наперад, тылы не паспявалі. Гэта стала адной з прычын паспяховага контрудара польскай арміі.

Крыху вернемся да самой назвы «Цуд на Вісле». Яна ўвайшла ў масавы ўжытак толькі ў сярэдзіне 1920-ых гадоў. Першапачаткова назва «Цуд на Вісле» ужывалася ў іранічным сэнсе. Яе прыдумаў прыхільнік польскай нацыянал-дэмакратыі (палітычных апанентаў маршала Пілсудскага) публіцыст Станіслаў Строньскі.

Называючы Варшаўскую бітву «Цудам на Вісле», Строньскі намагаўся адабраць ваенны поспех у маршала Юзафа Пілсудскага. Націск пастаўлены на цуд, «каталіцкая дзяржава перамагла, дзякуючы вышэйшай сіле», а не ваеннаму генію маршала.

Ужыванне назвы «Цуд на Вісле» з іранічнага кантэксту перайшло ў нейтральнае, менавіта так яно і функцыянуе дагэтуль. Зараз паняцце «Цуд на Вісле» ужываецца для акрэслення падзеяў Варшаўскай бітвы, якая стала пачаткам контратакі польскіх сілаў.

Спадар прафесар, калі гэта не цуд, чаму ж тады палякі перамаглі ў Варшаўскай бітве?

-Было некалькіх асноўных прычынаў ваеннага поспеху палякаў на палях Варшаўскай бітвы.

Па-першае, польскія дэшыфратары, крыптолагі раскрылі савецкія шыфры. Сёння гэта справа добра вядомая, дзякуючы працам Гжэгажа Новіка. Польскія крыптолагі перахватвалі сотні радыёграм, якія курсавалі паміж штабам і асобнымі часткамі РККА. Каштоўная інфармацыя істотна аблягчыла абарончыя задачы і паспрыяла эфектыўнай контратацы.

Па-дургое, 15-16 жніўня 1920 г. быў праведзены паспяховы флангавы манеўр з боку ракі Вепш, які адсек асноўныя сілы бальшавікоў, сканцэнтраваныя каля Варшавы. Перадавыя часткі РККА былі акружаныя і адрэзаныя ад тылоў. І гэта стала ключавым момантам бітвы. На першай лініі Чырвонай Арміі наступіла поўная дэзарганізацыя, армія паспешна адступала на поўнач і на ўсход.

Варта памятаць, што часткі Чырвонай арміі адступалі і на тэрыторыю Усходняй Прусіі. Адтуль, на падставе патаемнай дамовы паміж немцамі і бальшавікамі, чырвонаармейцы перакідваліся ў Літву. Паводле нормаў міжнароднага права, яны павінны былі быць разброеныя ды інтэрнаваныя. Аднак немцы гэтага не рабілі, спрыяючы бальшавікам.

Калі гаворым пра перамогу ў Варшаўскай бітве – безумоўна гэта не быў цуд, але наступства вельмі складанага і добра прадуманага тактычнага манеўра Польскага войска. І тут на роўні поспех трэба падзяліць паміж шэфам Генштаба Войска польскага генералам Тадэвушам Развадоўскім і маршалам Юзам Пілсудскім.

Спадра прафесар, не толькі ж палякі баранілі Варшаву ад бальшавікоў у 1920 годзе.

-У Польшчы мы прывыклі да разуменне той вайны, асабліва каманіі лета 1920 года, як вайны двух бакоў. Аднак з польскага боку ваявалі войскі шырокай кааліцыі. Варта пералічыць часткі арміі Украінскай Народнай Рэспублікі, таксама былі рускія часткі генерала Пермікіна, якія падпарадкоўваліся «трэцяй Расіі» Савінкава. Пералічаныя войскі значным чынам не паўплывалі на ход бітвы. Аднак факт таго, што на баку Польшчы ваявалі расяяне, казакі, украінцы і беларусы з народнай арміі генерала Станіслава Булак-Булаховіча, меў вялікае прапагандысцкае і сімвалічнае значэнне.

Якое значэнне Варшаўская бітва 1920 года мела для лёсу народаў Усходняй Еўропы?

-Безумоўна Варшаўская бітва 1920 года адыграла важную ролю ў тым, што спыніла марш Чырвонай Арміі на Еўропу, а таксама аказала лёсавызначальны ў плыў на становішча суседніх краінаў. На жаль не Беларусі і Украіны, але напэўна краінаў Балтыі – Літвы, Латвіі і Эстоніі. У значнай ступені яны змаглі захаваць сваю незалежнасць, дзякуючы прысутнасці на мапе незалежнай Польшчы, што стала магчымым пасля Варшаўскай бітвы.

Такога чынніку не было ў краінах Закаўказзя і тамтэйшыя рэспублікі – Арменія, Грузія і Азербайджан палі пад націскам 11-ай Арміі РККА і былі саветызаваны.

Варшаўская бітва стала істотным чыннікам не толькі захавання незалежнасці Польшчы, але таксама чыннікам захавання незалежнасці краінаў Балтыі.

Пра ход і значэнне Варшаўскай бітвы 1920 года разважаў гісторык, прафесар Польскай акадэміі навук Войцех Матэрскі.

Слухайце аўдыё!

З гісторыкам Войцехам Матэрскім размаўляў Эдуард Жолуд.

 

 

На партале пра Варшаўскую бітву можна праверыць, як разбіць савецкі шыфр

20.07.2020 11:38
З нагоды 100-й гадавіны Варшаўскай бітвы Польскае радыё разам з Бюро праграмы «Незалежная» падрыхтавала прынагодны партал bitwa1920.gov.pl.

Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю да 100-годдзя Варшаўскай бітвы

22.07.2020 14:44
«Спыніўшы наступ Чырвонай Арміі на Захад, палякі прадухілілі распаўсюджванне камуністычнай рэвалюцыі на Еўропу і тым самым знішчэнне заходняй цывілізацыі».