Беларуская Служба

«Ясна Гура рабіла з палякаў супольнасць і народ»

23.08.2020 12:34
26 жніўня адзначаецца свята Маці Божай Чэнстахоўскай.
Аўдыё
  • «Ясна Гура рабіла з палякаў супольнасць і народ»
Санктуарый Ясна ГураMlynekBarbara/pixabay.com/CC0

Санктуарый на Яснай Гуры вядомы ва ўсім свеце, а для палякаў гэта выключнае месца.

Ясна Гура ў розныя, асабліва ў трагічныя моманты польскай гісторыі была для палякаў выключным месцам – месцам-сімвалам і пунктам адліку. Людзі там маліліся, шукалі падтрымкі і пачуцця бяспекі. Пра значэнне санктуарыя на Яснай Гуры мы будзем размаўляць з Монікай Рагазіньскай, журналісткай, вандроўцай, аўтаркай кнігі «Паляванне на Маці».

Яна расказвае, што калі ў 2018 годзе яна прыехала на Ясну Гуру то пабачыла незвычайныя сцэны.

-Гэта быў дух салідарнасці. Я пабачыла санітарны пункт. На двух радах крэслаў сядзяць людзі з параненыя нагамі, а іх на сваіх каленях трымаюць медыкі і перабінтоўваюць іх. Калі я бачыла гэтыя забінтаваныя ногі і твары людзей, то я быццам бы дакранулася да неба. Адчула велізарныя спакой, радасць, ясныя вочы, кавалак неба на зямлі. Ёсць лекары, медсёстры, якія спецыяльна бяруць водпускі, каб служыць гэтым людзям. Я выступала перад людзьмі, якія зрабілі неверагодны высілак, і я бачыла шчаслівыя твары.

Кніга «Паляванне на маці» расказвае, якую ролю Ясну Гура адыграла для ўзнікнення незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць». Моніка Рагазіньска кажа, што ў Чэнстахове яна пабачыла «працяг» сваёй кнігі.

-Я пабачыла, што пілігрымкі – гэта вялікая школа мужнасці і вялікая школа салідарнасці, таму што адныя другім дапамагаюць. У пілігрымку збіраюцца людзі з розных бакоў, розных прафесій, адукацыяй, узросту, а да Яснай Гуры даходзіць супольнасць, польскі народ. Гэта неверагодна.

За ўсім гэтым стаіць вера. Ясная Гура важнай была для палякаў здаўна – гаворыць нашая суразмоўца.

-Ясна Гура – гэта такое месца, якое заўсёды аб’ядноўвала народ. Нават не столькі аб’ядноўвала, колькі рабіла з палякаў супольнасць і народ. У 1909 годзе адбылося апаганьванне абраза, калі скралі папскія кароны, былі абадраныя каштоўныя камяні, упрыгожанні. У 1910 годзе Папа рымскі падарыў новыя кароны і была каранацыя. Уявіце сабе, якія гэта былі часы. Павозкі, тэлефонаў няма, а на Ясну Гуру прыязджае мільён чалавек з трох розных краін, бо Польшча была ж падзеленая. Гэта былі ж межы, кардоны, нават розныя мовы. Гэта былі палякі, якія ў складзе розных войскаў стралялі адзін у аднаго. Праз чатыры гады пачнецца Першая сусветная вайна. Гэтыя людзі збіраюцца ў Чэнстахове і там фарміруецца народ. І такія моманты ў польскай гісторыі з’яўляюцца відавочнымі.

Санктуарый адыграў немалую ролю падчас змагання з камунізмам. Яснагурская клятва польскага народу была сфармуляваная Прымасам тысячагоддзя, кардыналам Стэфанам Вышыньскім у поўнай ізаляцыі, у якой ён правёў два гады. Злучнікам паміж ім і санктуарыем на Яснай Гуры была група жанчын, якая здолела вынесці тэкст клятвы. 26 жніўня 1956 году словы клятвы прагучалі ў прысутнасці мільёна чалавек.

-У 1956 годзе на Яснай гуры сустракаецца мільён чалавек і ўсе пачынаюць адчуваць, што яны адзін народ, што яны ствараюць супольнасць веры. Яны маюць пачуццё бяспекі. Ясна Гура прычынялася да таго, што чалавек адчуваў сябе свабодным, бо хрысціянская рэлігія дае велізарную ўнутраную свабоду. Свабодныя людзі скідваюць з сябе страх, падымаюць галовы. Людзі потым разыходзяцца, а Яснагорская клятва – гэта душпастырская праграма, якая выхоўвае чалавека для гэтай свабоды. У прынцыпе, гэта праграма, якую потым пераймае «Салідарнасць».

Журналістка кажа, што гэта выключнае месца. Санктуарый на Яснай Гуры з’яўляецца адным з чатырох найбольш наведвальных, куды прыбываюць мільёны чалавек. Але гэта адзіны, у якім не было аб’яўлення. Нягледзячы на гэта, палякі з самага пачатку ведалі, што гэта выключнае месца.

-Ужо ў XV стагоддзі людзі ведалі, што гэта святое месца і трэба туды пілігрымаваць. Кароль Ягела пісаў да папы, што там адбываецца таямніца цудаў. Ян Длугаш у сваёй хроніцы пяць гадоў пасля Грунвальдскай бітвы піша, што Маці Божая на гэтым абразе быццам бы глядзіць як жывая. Людзі вельмі рана, як толькі з’явіўся абраз, ведалі, што гэта незвычайнае месца і пачалі пілігрымаваць ужо тады.

Моніка Рагазіньска кажа, што, прыязджаючы ў Чэнстахову, яна адчувае радасць, што яна дома.

У Польшчы месяц жнівень традыцыйна з’яўляецца месяцам пілігрымах у санктуарый Ясна Гура ў Чэнстахове. Штогод туды прыбывалі дзясяткі тысяч людзей, тысячы прыходзілі пешшу. Сёлета пілігрымаў з-за пандэміі значна менш, а традыцыйныя пешыя пілігрымкі праходзяць у меншай форме.

ав



Больш на гэтую тэму: Багацце веры