Беларуская Служба

42 гады таму славутая саляная шахта ў гарадку Вялічка была ўнесеная ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

11.09.2020 17:24
 Гэта адзіная ў свеце шахта солі, якая з сярэдневякоўя бесперапынна працуе па сённяшні дзень.
Аўдыё
  • 42 гады таму славутая саляная шахта ў гарадку Вялічка была ўнесеная ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
Wieliczka
Wieliczka Image by Dimitris Vetsikas from Pixabay

42 гады таму славутая саляная шахта ў гарадку Вялічка была ўнесеная ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта адзіная ў свеце шахта солі, якая з сярэдневякоўя бесперапынна працуе па сённяшні дзень.

У спіс Сусветнай спадчыны саляная шахта ў гарадку Вялічка (размешчаны каля Кракава) была ўнесеная 9 верасня 1978 года. Але гісторыя здабычы солі ў Польшчы вельмі доўгая. У краіне існавалі дзве асноўныя саляныя шахты – у гарадку Бохнія і менавіта ў Вялічцы. Абодва населеныя пункты знаходзяцца на поўдні Польшчы. Дарэчы, у мінулыя часы, як вядома, соль была вельмі дарагой – яе служыла ня толькі для салення, але таксама была таварам. Цягам шматлікіх гадоў соль з Вялічкі была найбуйнейшай крыніцай даходаў польскіх каралёў.

Пра саляную шахту ў Вялічцы расказана шмат – у тым ліку і ў нашым эфіры не раз гучалі перадачы, прысвечаныя гэтай тэме. Няма нічога дзіўнага – гэта настолькі арыгінальны аб’ект, што пра яго можна гаварыць бясконца. А вось што пра саляную шахту паведамляла Польскае радыё ў сваім эфіры ў 1983 годзе.

- У розных польскіх гістарычных дакументах і хроніках месцам цудоўнага адкрыцця залежаў солі называюцца гарадкі Бохнія і Вялічка. Першая згадка пра знойдзены вялікі кавалак солі ў кшталце бочкі адносіцца да 1290 года. Соль адкрылі менавіта ў Вялічцы. Аднак крыніцы паведамляюць пра адкрыццё солі ў Бохніі на 40 гадоў раней – у 1250 годзе. У некаторых манастырскіх дакументах гаворыцца, што на польскіх землях соль здабывалі ўжо на пачатку 12-га стагоддзя. Усе сярэдневяковыя гісторыкі і летапісцы паведамлялі, што да моманту здабычы солі ў Бохніі і Вялічцы яе варылі – гэта значыць, соль выраблялі, выпарваючы саляны раствор.

Пачынаючы з Сярэднявечча і па сённяшні дзень на шахце ў Вялічцы здабыта 20 млн тон солі. Падчас эксплуатацыі былі праробленыя падземныя калідоры, агульная працягласць якіх складае 300 км. Цяпер саляная шахта – гэта турыстычны аб’ект, хоць там надалей здабываецца соль у невялікай колькасці. Сёння кожны можна спусціцца ўніз і ўбачыць, як выглядае месца здабычы солі і працы даўніх гарнякоў. Дарэчы, адзін з французскіх падарожнікаў некалькі вякоў таму назад напісаў, што «саляная шахта Вялічкі – гэта знакамітае месца, не менш слаўнае чым егіпецкія піраміды. Гэта таксама прыклад працавітасці палякаў».

Саляную шахту можна наведаць з экскурсаводам. Прычым на выбар прапаноўваецца некалькі моў экскурсій.

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу