Навукоўцы знайшлі фрагмент сківіцы жывёлы, якая жыла на тэрыторыі сучаснай Грэнландыі больш за 215 млн гадоў таму.
Прафесар Томаш Сулей з Інстытута палеабіялогіі Польскай акадэміі навук і кіраўнік экспедыцыі ў Грэнландыі адзначае, што знойдзены фрагмент ніжняй сківіцы – самы старажытны зуб з двума каранямі. Вучоны тлумачыць, што на гэтай падставе быў праведзены параўнальны аналіз трываласці зубоў самых старажытных і пазнейшых відаў млекакормячых:
-Выяўлены намі фрагмент уяўляе сабой зубы, якія займаюць прамежкавае становішча паміж насякомаеднымі і траваеднымі млекакормячымі, таксама выяўленымі ў Грэнландыі, але ў значна больш маладых пластах. Такім чынам мы маем прамежкавую форму, яна акурат і была тым звяном, якога не хапала. Гэта вельмі рэдкі выпадак у палеанталогіі, які дазваляе дакладна прадэманстраваць плаўны пераход ад вузкіх зубоў насякомаедных млекакормячых да шырокіх і плоскіх зубоў траваедных млекакормячых.
Экспедыцыя польскіх палеантолагаў у Грэнландыю была арганізавана ў 2014 годзе. Фрагмент старажытнай жывёлы, падобнай на землярыйку, выявіў доктар Гжэгаж Нядзьвецкі з Упсальскага універсітэту.
Навукоўцы назвалі новы від Kalaallitkigun jenkinsi. «Калааліткігун» на грэнландскай мове азначае «грэнландскі зуб», а слова «джэнкінсі» паходзіць ад імя амерыканскага палеантолага Фарыша Джэнкінса, які быў піянерам экспедыцый у Грэнландыю.
IAR/эж