Беларуская Служба

Дзейнасць распачаў Клуб выпускнікоў Стыпендыі імя Каліноўскага

20.10.2020 22:02
У сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі ўсё больш студэнтаў вымушаныя з’ехаць у пошуку новых магчымасцей развіцця і падае заяўкі на праграму.
Аўдыё
  • Ціханоўская, Латушка і Мілінкевіч выказаліся наконт ролі студэнцкай супольнасці ў беларускім грамадстве.
Логатып Праграмы Каліноўскагакрыніца: https://studium.uw.edu.pl/

Беларускія студэнты, якіх рэпрэсуюць і адлічаюць з універсітэтаў, могуць звярнуцца па дапамогу ў Варшаўскі ўніверсітэт. У ВНУ ўжо шмат гадоў працуе стыпендыяльная праграма імя Каліноўскага, выпускнікі якой заснавалі ўчора Клуб выпускнікоў. На мерапрыемстве прысутнічала, між іншым, Святлана Ціханоўская.

Пасля выбарчых падзеяў 2006 года і рэпрэсіяў супраць студэнтаў, якія актыўна прымалі ўдзел у дэманстрацыях супраць Аляксандра Лукашэнкі, у Варшаве была заснаваная адмысловая праграма – Стыпендыя імя Кастуся Каліноўскага. На сённяшні дзень ініцыятыве ўжо 14 гадоў, а дзякуючы ёй больш за тысячу рэпрэсаваных і жадаючых атрымаць якасную адукацыю студэнтаў з Беларусі змаглі скончыць Варшаўскі ўніверсітэт. Актуальныя падзеі ў Беларусі падштурхнулі былых стыпендыятаў арганізавацца і стварыць Клуб выпускнікоў праграмы. Пра праграму, якая зноў пачала актыўна працаваць, расказаў кіраўнік Студыюму Ўсходнай Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі.

-Гэта новая праграма, у нас з’явіліся новыя сродкі на прыняцце тысячы студэнтаў. Яна дазваляе паступіць не толькі рэпрэсаваным і выключаным з універсітэтаў, але і тым, хто пацярпеў у дэманстрацыях пасля 9 жніўня. Прайшло 14 гадоў з часу, калі стартавала праграма. У нас некалькі сотняў выпускнікоў. Канешне, ведаем, што з тысячы, якая паступіла, не ўсе скончылі, але гэта не мяняе маштабаў праграмы. Такім чынам, прыйшоў час, каб афіцыйна адчыніць Клуб выпускнікоў праграмы імя Каліноўскага. Праз некалькі хвілін мы разам са спадарыняй Ціханоўскай зможам падпісаць сімвалічны дакумент аб стварэнні гэтага клуба.

На сустрэчы прысутнічалі, акрамя Ціханоўскай, Павел Латушка і Аляксандр Мілінкевіч. Яны казалі пра важнасць стыпендыі Каліноўскага ў дачыненні да развіцця маладога пакалення беларускіх навукоўцаў і выказалі сваю салідарнасць з рэпрэсаванымі студэнтамі на радзіме. Каб даведацца больш, слухайце аўдыёфайл.

Зараз праграма імя Каліноўскага стартавала ў новым фармаце. У сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі ўсё больш студэнтаў вымушаныя з’ехаць у пошуку новых магчымасцей развіцця. Яны змогуць падаць заяўку на ўдзел у праграме і знайсці свой прытулак у суседняй краіне. А з часам могуць і стаць чальцамі толькі што заснаванага Клуба выпускнікоў.

Альберт Ежы Вяжбіцкі