Беларуская Служба

У Варшаве заканчваецца кліматычны саміт Togetair

23.04.2021 07:12
Калі Польшча хоча дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, то неабходна пачаць вельмі інтэнсіўную інвестыцыйную праграму ўжо сёння.
Аўдыё
  • Варшаве заканчваецца кліматычны саміт Togetair
     Togetair
У Варшаве заканчваецца кліматычны саміт TogetairPAP/Rafał Guz

Гэта маштабная падзея, якая з розных бакоў падыходзіць да кліматычных праблем і выклікаў. На працягу трох дзён прайшло каля дзясятка дэбатаў па ахове навакольнага асяроддзя і польскай кліматычнай палітыцы. 

Адна з дэбатаў мерапрыемства была прысвечана тэме справядлівай трансфармацыі. Эксперты і прадстаўнікі кампаній абмеркавалі працэс пераходу Польшчы ад вугалю да зялёных крыніц энергіі, каб рэгіёны, якія залежаць ад выкапнёвага паліва, не пакутавалі ад гэтага, а жыхары знаходзілі працу ў новых галінах эканомікі.

Старшыня Polska Grupa Energetyczna Войцех Дамброўскі сказаў, што пераўтварэнне энергіі непазбежна, бо гэтага чакаюць кліенты, якія хочуць жыць у чыстым наваколлі. Акрамя таго, як ён адзначыў, важную ролю адыгрывае эканоміка.

-Адным з асноўных чыннікаў вытворчасці энергіі з’яўляецца кошт CO2. А яго цана апошнім часам сягае рэкордаў. Некалькі дзён таму яна дайшла да чарговага рэкорду – 45 еўра за тону. Таму гэтая трансфармацыя – непазбежная.

Дырэктар Польскага эканамічнага інстытута Пётр Арак сказаў, што без трансфармацыі рахункі за электраэнергію будуць нават на 20% вышэйшыя. У той жа час ён падкрэсліў, што працэс адыходу ад вугалю не павінен суправаджацца шокавай тэрапіяй.

-Гэта значыць, каб некалькі сотняў чалавек, якія залежаць ад горназдабываючага сектара ў Сілезіі і іншых рэгіёнах Польшчы, не страцілі працы непасрэдна, а калі так, то каб яны мелі шанец на хуткую перакваліфікацыю. І гэта з пункту гледжання Польшчы, паводле мяне, самы вялікі выклік у часе, калі будзе праходзіць энергетычная трансфармацыя.

Пётр Арак дадаў, што шанцы знайсці новую працу ў новых сектарах «даволі высокія».

-Ужо сёння ў Польшчы не хапае манцёраў, напрыклад, электрападзарадак. Людзей перавучваюць, праводзяць курсы для беспрацоўных, паколькі не хапае некалькі тысяч чалавек на гэтых простых, але тэхнічных пасадах. І гэтых месцаў працы, звязаных з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, электракарамі, крыху іншымі аўтасэрвісамі ў недалёкай будучыні будзе больш.

Удзельнікі дэбатаў падкрэслілі, што пераўтварэнне энергіі – гэта не толькі выклік і рызыка, але і магчымасць для развіцця новых галін эканомікі.

Старшыня энергетычнай кампаніі Tauron Павел Странчыньскі на саміце сказаў, што калі Польшча хоча дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, то неабходна пачаць вельмі інтэнсіўную інвестыцыйную праграму ўжо сёння. Павел Странчыньскі дадаў, што мэтавым палівам, верагодна, будзе экалагічна выраблены вадарод.

-Усё ж сёння вадарод, пра які сёння гаворыцца, крыху як снежны чалавек. Гэта значыць, што ён дзесьці ёсць, але тэхналогіі эканамічна не абгрунтаваныя. Няма спраўнай, эфектыўнай вытворчасці зялёнага вадароду. Мы чакаем, што такая тэхналогія паявіцца.

Кіраўнік Tauronа заявіў, што ў перыяд укаранення эфектыўных тэхналогій зялёнага вадароду неабходна выкарыстоўваць прыродны газ у якасці пераходнага паліва.

-Газ павінен быць пераходным палівам. Па вельмі простай прычыне: газавыя інвестыцыі, якія мы цяпер пачынаем, мы ў стане хутка закончыць і аддаць у эксплуатацыю як мага хутчэй. Атамная энергетыка, якая была б натуральным спосабам балансавання моцы ў сістэме і кіравання электраэнергетычнай сістэмай, гэта пытанне будучыні.

Павел Странчыньскі падкрэсліў, што з кожным годам затрымкі ў прыняцці нарматыўных рашэнняў па трансфармацыі польскай энергетыкі цэлы працэс становіцца ўсё больш дарагім.

ав

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце