Кардынал Стэфан Вышыньскі быў прымасам Польшчы ў 1948-1981 гадах, душпастырам, а таксама дзяржаўным дзеячам і стратэгам. Яно называюць «прымасам тысячагоддзя», для многіх ён быў аўтарытэтам і адной з найвялікшых фігур у гісторыі Польшчы ў 20 стагоддзі.
Узначальваючы Касцёл у Польшчы падчас камуністычнага рэжыму, кардынал Стэфан Вышыньскі стаў духоўным і маральным лідарам нацыі. Сваім стаўленнем і актыўнасцю ён неаднаразова казаў і паказваў, што Касцёл абараняе людзей ад злоўжыванняў з боку ўладаў. Ён змагаўся за годнасць і свабоду кожнага чалавека, створанага па вобразу Божаму.
Прымас Вышыньскі бачыў неабходнасць будаваць духоўнае жыццё і паглыбляць веру, каб унутрана ўмацаваныя людзі маглі супрацьстаяць паўсюднаму тэрору камуністычнай ідэалогіі. Ён казаў, што патрэбна «праграма для духа нацыі»:
-Недастаткова эканамічнай, гаспадарчай праграмы, вытворчасці. Нам патрэбны дух. А дух павінен мець праграму, узмоцненую верай і любоўю, хрысціянскай маральнасцю, якую нічога ў свеце не зможа замяніць.
У сваім вучэнні кардынал Вышыньскі надаваў вялікую ўвагу нацыі, якая, на яго думку, мела прыярытэт перад дзяржавай. Ён сказаў, што нацыю заўсёды трэба разглядаць у адносінах да радзімы, якая звязана з зямлёй, гісторыяй нацыі і яе культурай, мараллю і сацыяльнай любоўю, а таксама эканомікай і працай чалавека.
Прымас тлумачыў, што дабро нацыі не з'яўляецца абстрактным паняццем, а тычыцца кожнага чалавека:
-Мы на столькі моцна звязаныя з народам, што не рвем з ім сувязі. Дабро Рэчы Паспалітай няхай будзе на першым месцы. Гэта значыць дабро грамадзян. Дабро кожнага чалавека – у айчыне, народзе, дзяржаве. Дабро Рэчы Паспалітай не вісіць дзесці ў паветры. Яно знаходзіцца ў кожным з вас.
Другой асобай, якая была бэатыфікаваная, з’яўляецца маці Лізавета Ружа Чацка. Яна была заснавальніцай школьна-адукацыйнага цэнтру для сляпых у Лясках пад Варшавай.
Ружа Чацка нарадзілася ў арыстакратычнай сямʼі, была багатай, усебакова адукаванай графіняй. З дзяцінства ў яе былі праблемы са зрокам. Ва ўзросце 22 гадоў у выніку выпадку яна цалкам страціла зрок. Гэты момант вызначыў яе жыццёвы шлях.
Дыягназ стаў для Ружы трагедыяй. Як кажуць сёстры з кангрэгацыі, заснаванай Маці Лізаветай, Бог адказаў на гэты боль, паклікаўшы яе служыць сляпым у Польшчы – гаворыць сястра Марыя Стэла Чуба з ордэну служачых Крыжа сясцёр-францішканак.
-Доктар Гепнэр сказаў маладой Ружы, якая не магла пагадзіцца са стратай зроку вельмі моцныя словы, якія вызначылі яе жыццёвы шлях. Ён сказаў, што Ружа ніколі не будзе бачыць. Гэта было сказана дастаткова жорстка, каб яна перастала ездзіць па лекарах, паколькі тут няма чаго ратаваць. І дадаў: Лепш займіцеся сляпымі ў Польшчы, якіх тут шмат і якімі ніхто не займаецца. Для яе гэта быў шок. Дзяўчына закрылася ў сваім пакоі на тры дні і перажывала гэтыя цяжкія словы. Ружа была веруючай, таму яна размаўляла з Богам. Думаю, што калі яна сказала Богу тое, што чуе, то апынулася перад праўдай і Бог адказаў на яе боль праз доктара.
На працягу 10 гадоў Ружа Чацка рыхтавалася да працы са сляпымі, ездзіла па Еўропе і знаёмілася з установамі, якія даглядаюць інвалідаў. У 1911 г. заснавала Таварыства па доглядзе за сляпымі. Затым па яе ініцыятыве ўзніклі яслі, школа ці бібліятэка для сляпых.
-За гэтыя 10 гадоў яна таксама вывучыла Алфавіт Брэйлы па француску, вярнулася ў Польшчу і прыстасавала алфавіт да польскай мовы. Заснавала школу, праводзіла варштаты. Ружа Чацкая блізка да сэрца прыняла думку французскага невідучага Морыса дэ Ла Вэзерана, каб чалавек сляпы быў патрэбным і самастойным. І на гэтым Ружа Чацкая засяродзілася. Сустрэла пана Дашэўскага, які падарыў, тут у Лясках, зямлю. У 1915 годзе яна паехала да сям’і ва Украіну і ваенныя дзеянні яе там затрымалі. Там Ружа была тры гады. За гэты час яна прыняла манаскія абеты. І ў Варшаву вярнулася як сястра Лізавета. Для яе было вельмі важна, што да ідэі, каб сляпы чалавек быў патрэбным, яна дадала тое, што сляпыя павінны змірыцца са сваім калецтвам, аў гэтым можа дапамагчы вера. Таму яна заснавала манаскі ордэн служачых Крыжа сясцёр-францішканак. І гэты ордэн павінен выконваць гэтую мэту. Каб невідучы чалавек умеў прыняць сваю інваліднасць і меў глыбокую веру, бо яна сама яе мела.
Сёстры з ордэну служачых Крыжа сясцёр-францішканак надалей працягваюць справу Лізаветы Ружы Чацкай і займаюцца адукацыяй невідомых дзяцей.