Беларуская Служба

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: Улады Беларусі разбураюць дзяржаву

07.10.2021 15:51
Бліжэйшым часам будзе прадстаўлена ў вольным доступе даследаванне настрояў грамадскай думкі ў Беларусі, праведзенае Chatham House.
Аўдыё
  • Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: Улады Беларусі разбураюць дзяржаву
Funkcjonariusze OMONu przed zatrzymaniem protestujących emerytów, którzy uczestniczyli w Marszu mądrości
Funkcjonariusze OMONu przed zatrzymaniem protestujących emerytów, którzy uczestniczyli w "Marszu mądrości"PAP/EPA/STR

Даследаванне было ў выглядзе анлайн-апытання з 23 ліпеня па 3 жніўня, апытвалі жыхароў гарадоў.

24 траўня 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў карэкціроўкі ў закон аб СМІ. Згодна з імі, у беларускіх СМІ і інтэрнэт-рэсурсах забаронена размяшчаць інфармацыю пра вынікі «апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі». Chatham House такой акрэдытацыі не мае, аднак яны змаглі правесці інтэрнэт-апытанне жыхароў Беларусі.

Размаўляем з сацыёлагам, старшым аналітыкам Цэнтра новых ідэй Генадзем Коршунавым, што ён даведаўся пра настроі беларусаў з гэтага сацыялагічнага даследавання.

– І трывожнасць за сваю бяспеку расце, і няўпэўненасць у будучым. Зразумела, гэта павялічваецца. І лічбы гэта добра адлюстроўваюць. Гэта з аднаго боку. З іншага боку – задавальненне ўладай – яго няма. Хутчэй недавер да ўладаў недзе нават гэта расце. Падтрымка пратэстаў застаецца. Калі казаць пра лічбы, то летам, у ліпені-жніўні падтрымка пратэстаў склала 37 адсоткаў, у студзені яна была 39. Памылка выбаркі – каля 39 %. То бок яна засталася фактычна на тым жа ўзроўні, што і на пачатку года. Што тычыцца патрабаванняў пратэстаў, то па некаторых пазіцыях яна ў два разы больш. Гэта тычыцца расследаванняў гвалту з боку сілавікоў. Гэтыя патрабаванні патрымліваюць да двух трацін грамадства. З аднаго боку ёсць прыгнечанасць эмацыйная. Немагчыма быць у стане напружанасці больш за год Тым больш расце рэпрэсіўны ціск, пад пагрозай кожны, літаральна кожны. Але гэта не азначае, што людзі расчараваліся ў пратэсце, у сваіх патрабаваннях.

Праўладныя Тэлеграм-каналы вядуць такую рыторыку, што пасля іх прачытання падаецца, быццам у краіне ідзе грамадзянская вайна. Гэта вобразны выраз ці так і ёсць?

– Я б казаў не пра грамадзянскую вайну і нават не пра яе пагрозу. Таму што раскол, безумоўна, ёсць. Але, калі мы паглядзім на лічбы, на стан грамадства, то ўбачым, што раскол не ў грамадстве. Раскол – паміж грамадствам і ўладаю. Што ўлады робяць з сістэмаю адукацыі, з сістэмаю аховы здароўя, якую сферу не вазьмі, мы ўбачым, што ўлада дзейнічае вельмі разбуральна. Фактычна ўлада разбурае дзяржаву. Па дзейнасці, і гэта не вобраз, можна сказаць, што ўлада пераўтвараецца ў акупацыйную адміністрацыю. Увесь сэнс дзейнасці якой – утрымаць уладу. З аднаго боку. А з другога бок, яе сэнс цяпер – давіць усе праявы не тое што грамадзянскага, любыя праявы грамадскага, сацыяльнасці. Больш за двое не збірацца, іначай – расстрэл, і кажуць гэта адкрытым тэкстам.За расследаванні гвалту з боку сілавікоў выступаюць каля 70 працэнтаў апытаных. А супраць – каля 10. То бок гвалт падтрымліваюць 10 адсоткаў грамадства. Можна сказаць, што гэта і ёсць тыя сілавікі, частка іх сем’яў, чынавенства. І ўсё. Расколу ў грамадстве хутчэй няма. Ёсць раскол паміж уладамі і грамадствам. І ўлады робяць усё, каб гэта паглыбіць.

Важны момант – людзі перасталі пачувацца ў бяспецы, асабліва гэта тычыцца Мінска. 56% рэспандэнтаў са сталіцы заявілі, што не адчуваюць сябе ў бяспецы, яшчэ 13% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

Цяперашнім уладам Беларусі няма чаго прапанаваць грамадству і сабе, акрамя гвалту. Што тычыцца даверу да Аляксандра Лукашэнкі, то з пачатку года ён трымаецца на ўзроўні 26-27 працэнтаў у жыхароў гарадоў.

– Думаю, калі казаць пра ўсю краіну, з улікам вёскі, максімум будзе 31-32%. Калі раней улады лічылі, не ведаю, на колькі шчыра, што большасць за прэзідэнта, то цяпер мы бачым, што гэта толькі траціна, і гэта далёка не большасць.

Калі казаць пра ўсю краіну, з улікам вёскі, то давер да Лукашэнкі максімум будзе 31-32%. Раней улады лічылі, што большасць за прэзідэнта, але цяпер — толькі траціна, і гэта далёка не большасць.

Найбольш беларусаў цяпер хвалююць пытанні эканомікі. Усе групы рэспандэнтаў, у тым ліку і прыхільнікі Лукашэнкі, кажуць пра эканамічныя праблемы: рост коштаў, нізкія заробкі і пенсіі, пра падаткі і зборы, медабслугоўванне.

Істотна вырасла доля людзей, якія хочуць з'ехаць з Беларусі: у параўнанні з красавіком-маем 2020 года з 30% да 40%. Больш за 40% рэспандэнтаў сказалі, што сярод іх знаёмых ёсць тыя, хто за апошні год пакінуў краіну.

Апытанне паказала нізкі ўзровень даверу да дзяржорганаў – у сярэднім ім давярае каля чвэрці рэспандэнтаў. У антырэйтынгу: Цэнтрвыбаркам ЦВК – яму давяраюць толькі 16% рэспандэнтаў, дзяржаўныя СМІ – 18%, і прафсаюзы – 18%.

Генадзь Коршунаў падкрэслівае, што важна ацэньваць дынаміку адказаў на адны і тыя ж пытанні. Гэта інфарматыўна і паказвае, як змяняецца сітуацыя.

– Тое, што за год пратэстаў, іх падтрымка панізілася нават не на чвэрць адносна першаснага ўзроўню, а значна меней, а за гэты год засталася фактычна на сваім узроўні – гэта фенаменальна.

Генадзь Коршунаў. Старшы аналітык Цэнтра новых ідэй. Нарадзіўся і вырас у Мінску. Скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Працаваў 9 год у Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, потым па тры гады ў Інстытуце эканомікі, Белдзяржуніверсітэце і Цэнтры сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў. З 2018 па 2020 гг. – дырэктар Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі.

Вольга Хвоін