Ігар Казмерчак – аршанец, у Беларусі супрацоўнічаў з праваабаронцамі, развіваў аршанскі сайт Orsha.eu. Восенню мінулага года з’ехаў пад ціскам рэпрэсій ва Украіну. Жыў у Чарнігаве, меў планы займацца там развіццём лакальнай беларускай супольнасці. Але вайна. Ужо месяц Ігар назірае за падзеямі, вядзе дзённік.
Слухайце далучаны файл!
Вось што ён расказвае пра побыт людзей у разбомбленым горадзе, які не так даўно быў прывабным месцам для шопінгу і адпачынку для жыхароў усходняй Беларусі.
– У Чарнігаве прыблізна тыдзень адносна спакойна, калі гэта параўноўваць з часам, калі на горад прыляталі бомбы і авіябомбы. Сёння таксама прыляталі авіябомбы, але гэта было за горадам – бамбілі мост, які злучаў Чарнігаў з Кіевам. Прадукты пастаўляюцца і кіраўнік вобласці сказаў, што руйнаванне маста не адаб’ецца на пастаўках. Проста менш крамаў працуе. Праблемы з электрычнасцю, з-за гэтага не працуюць крамы, тэрміналы разліковыя, немагчыма зняць наяўныя грошы. Хто запас зрабіў, той малайчына.
Я адседзеў без электрычнасці тыдзень, гэта праблематычна, моцна раздражняе. Няма сувязі, немагчыма падзарадзіцца, не ведаеш, што адбываецца на тых жа франтах.
Няма нармальнай падачы вады, бо разбамбілі насосныя станцыі, з-за адсутнасці электрычнасці ваду немагчыма падаць на высокія паверхі. Пітную ваду возяць на машынах, запусцілі калонкі ў дварах, якія раней закрылі. Тэхнічную ваду, каб памыцца, змыць у туалеце, бяруць у рацэ. Медыцына – працуюць некаторыя аптэкі, ёсць бясплатная валанцёрская аптэка, дзе раздаюць бясплатна па рэцэптах елкі, інсулін раздаюць бясплатна. Пажылых людзей пастараліся як мага больш вывезці. Паловы горада ўжо няма тут. Сусед у мяне тут да апошняга знаходзіўся ў кватэры з цяжарнай жонкай і дачкой.
У Чарнігаве няпроста, але рускіх адсунулі ад горада, таму цяпер бамбяць прыгарадныя раёны.
Ігар Казмерчак гаворыць, што выехаць папросту не атрымліваецца – не шанцуе. Кажа, патраплялі і на махляроў, якія патрабуюць аплату авансам, а везці нікуды і не будуць. Таму цяпер, паводле яго слоў, займаецца выжываннем. Ды назіраннем за тым, як разгортваюцца падзеі і жыццё. А вось як выглядаюць маленькія радасці жыцця ва ўмовах вайны: «Атрымалася, дзякуючы маім суседзям, знайсці гарачую ежу, якой не было ўжо тыдзень. Страўнік узрадаваўся».
А гэта расповед пра тое, як чалавек да ўсяго прывыкае. І што бамбасховішчы варта ўсім падрыхтаваць.
– Бомбасховічшы ўкраінцы рыхтавалі, але не ўсе яны абсталяваныя. У нашым доме сыра ў бамбасховішчы, таму я там і не быў. Я хаваўся ў імправізаваным бомбасховішчы па інструкцыях грамадзянскай абароны – паміж двума сценамі. Цяпер ужо не хаваемся, бо чалавек прывыкае да ўсяго, у тым ліку да бамбёжак. Цяпер, калі працуе артылерыя, я сплю. Але авіябомбы заўважныя, асабліва калі прылятала па гораду. Тады ўвесь арганізм проста патрабуе, каб ты некуды бег і хаваўся.
Хто ў Беларусі, трэба паклапаціцца пра бомбасховішчы, бо, калі ў Расіі атрымаецца зрабіць вайну глабальнай, у Беларусь таксама прыляціць.
Ігар гаворыць, што ў грамадзянскіх людзей ёсць стомленасць, у чэргах часта ўспыхваюць скандалы. Таму асабліва каштоўная маральная вытрымка, узаемадапамога. Украінскія ж вайскоўцы, паводле яго слоў, наадварот аптымістычна глядзяць на падзеі – вераць у хуткую дапамогу.
– Вайна – гэта поўнае дзікунства і глупства. Я і так быў антымілітарным чалавекам, цяпер яшчэ больш пераканаўся ў слушнасці гэтага. Мы чулі пра вайну, як пра гераізм, нейкую рамантыку. Але цяпер у мяне вайна асацыюецца са спаленым трупам, які дастаюць з танка, і гэта толькі контур ад чалавека. Гэта трэба паказваць у фільмах, а не гераізм.
Сумняюся, што ніхто не чакаў гэтай вайны, проста не маглі паверыць, што ў ХХІ стагоддзі ў Еўропе будзе адбывацца такое дзікунства.
вх