Пра бацьку польскай незалежнасці Юзэфа Пілсудскага ў гістарычнай рубрыцы і ўвогуле на нашых хвалях мы расказвалі шмат. І гэта зразумела, бо дзякуючы менавіта гэтаму чалавеку Польшча зноўку стала незалежнай краінай у 1918 годзе пасля 123 гадоў неіснавання. Варта таксама заўважыць, што як пры жыцці Пілсудскага, так і адразу пасля яго смерці ў Польшчы існаваў культ яго асобы.
Юзэф Клеменс Пілсудскі нарадзіўся ў 1867 годзе на Віленшчыны, памёр у Варшаве ў 1935-м. Нагодай расказаць яшчэ раз пра Пілсудскага стала чарговая гістарычная дата: 7 красавіка 1938 году Сейм Польшчы адзінагалосна прыняў закон «Аб ахове імені Юзэфа Пілсудскага, першага маршала Польшчы». Гэта была чарговая праява культу асобы экс-кіраўніка краіны.
Юзэф Пілсудскі ў акопах Першай сусветнай вайны, жнівень 1916 года
Гэта быў першы польскі закон, які ахоўваў імя і спадчыну канкрэтнага чалавека. У законе Пілсудскі акрэсліваўся як «уваскрасіцель незалежнасці айчыны і выхавацель народу». За негатыўныя словы альбо паклёп у адрас маршала Польшчы пагражала да пяці гадоў турмы!
Постаць маршала Пілсудскага як пры яго жыцці, так і пасля смерці па рознаму ўспрымалася палякамі. Бясспрэчна ўсе палякі разумелі, якую ён сыграў ролю ў тым, каб краіна зноўку стала незалежнай. Частка людзей сапраўды любіла маршала, але была таксама іншая частка, якая памятала, што менавіта ён здзейсніў дзяржаўны пераварот у 1926 годзе, без суда зняволіў у Брэсцкай крэпасці апазіцыйных палітыкаў і падтрымліваў стварэнне лагера ў Картуз-Бярозе. Дарэчы, у тыя часы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе не было ні адной поўнасцю дэмакратычнай краіны акрамя Чэхаславакіі: усе дзяржавы ў нашым рэгіёне ў меншай ці большай ступені былі аўтарытарнымі.
А непасрэдным штуршком да таго, каб прыняць згаданы закон, была рэцэнзія кнігі вядомага польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча, якую напісаў дацэнт Віленскага ўніверсітэту Станіслаў Цывіньскі. Рэцэнзія была апублікаваная ў віленскай газеце Dziennik Wileński ў студзені 1938 году.
Раней Цывіньскі быў прыхільнікам Пілсудскага, але змяніў адносіны да палітыка ў маі 1926 году, калі маршал здзейсніў дзяржаўны пераварот. У рэцэнзіі Цывіньскі назваў Пілсудскага «шутом». І хоць у артыкуле не згадвалася прозвішча маршала, то з кантэксту ўсе зразумелі, каго аўтар меў на ўвазе. Гэтыя словы моцна абразілі прыхільнікаў Пілсудскага. Пачаўся скандал...
У адказ на публікацыю начальнік гарнізону «Вільня», дывізіённы генерал (генерал-лейтэнант паводле беларускай наменклатуры – рэд.) Стэфан Домб-Бярнацкі загадаў падначаленым афіцэрам разграміць рэдакцыю газеты Dziennik Wileński і «правучыць» галоўнага рэдактара Аляксандра Звяжыньскага ды Цывіньскага. Што афіцэры і зрабілі.
Naczelnik Państwa Józef Piłsudski ze swoimi współpracownikami
Неўзабаве пасля інцыдэнту журналістаў затрымалі, абвінаваціўшы ў «абразе польскага народу». Гэты факт абурыў супрацоўнікаў польскіх ВНУ, а ў Вільні адбыліся шматлікія дэманстрацыі студэнтаў. Канчаткова афіцэры, якія пабілі журналістаў, не былі пакараныя, а вось Цывіньскі і Звяжыньскі сталі перад судом. Галоўнага рэдактара апраўдалі, а дацэнта прыгаварылі да трох гадоў турмы. Апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да паўтара году турмы.
Marszałek Józef Piłsudski
Неўзабаве пасля гэтага польскія ўлады пастанавілі прыняць спецыяльны закон, які б ахоўваў імя Пілсудскага. Закон набыў юрыдычную сілу пасля публікацыі 13 красавіка 1938 году. Фармальна ён быў адменены толькі ў 1970 годзе ў Польскай Народнай Рэспубліцы пры нагодзе прыняцця новага Крымінальнага кодэксу.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл