Беларуская Служба

Беларуская культура ва ўсходніх гмінах Беласточчыны ўсё яшчэ жывая

18.07.2022 16:03
Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад Віталя Лубы.
Аўдыё
  • Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад Віталя Лубы.
        .
Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад Віталя Лубы.http://www.niva.bialystok.pl/

За намі першы сезон у Беластоку моўна-культурніцкіх курсаў «Мова нанова», – піша Ганна Кандрацюк.

- Гэта тры месяцы і шэсць сустрэч, маленькі адрэзак часу – ды такі важкі, натхняльны. Мерапрыемства з'яднала сяброў і прыхільнікаў. Звычайна ў офісе «Медыя порта», што па вуліцы Сянкевіча, 20, не хапае месцаў. Той, хто спозніцца на дзесяць-пятнаццаць хвілін, ганарова выстойвае ў дзвярах. Публіка тут асаблівая, без слова пратэсту рашае моўныя практыкаванні, а трэба сказаць, што ўсё няпроста – для многіх гэта першае сутыкненне з тарашкевіцай. Тут можна ўголас выказаць здагадкі, шаптаць падказкі або высмажыць жартоўны каментарый. Атмасфера такая, што вяжацца слова за словам... Юля Міхайлава, адказная за моўную частку курсаў, сама здзіўлена, што ўсё так цікава, атрымліваецца. Па адукацыі яна канструктар па вытворчасці адзення, да эміграцыі праводзіла многія мерапрыемствы і майстар-класы для дарослых і дзяцей. Са жніўня 2021 года жыве ў Беластоку. «Мова нанова» была прыдумана ў Мінску ў 2014 годзе. Курсы праводзілася ў многіх гарадах Беларусі. Разам з хваляй эміграцыі ідэя пашырылася на многія гарады, а заняткі адбываюцца таксама ў Вільні, Варшаве, ва Уроцлаве, Кракаве, Гданьску, Нью-Йорку... У Беластоку на падвядзенні сезона былі асаблівыя госці.

Сустрэча з рознымі відамі народнай культуры ў рамках фестывалю «Сонцаграй» адбылася 9 ліпеня гэтага года ў Саколі пад Беластокам.

«Замысел і ідэя фестывалю, – як сказаў нашай журналістцы Міры Лукшы арганізатар мерапрыемства Зміцер Косцін, – была ў тым, каб даць магчымасць сустрэцца з тым, што побач з намі і што мы неабавязкова бачым і заўважаем. Мы прэзентуем беларускую традыцыю Падляшша і з-за ўсходняй мяжы. Пачынаючы з традыцыйных спеваў, праз рукадзелле, заканчваючы кулінарыяй. Напачатку мы зыходзілі з нашых назіранняў, што мясцовыя вакальныя калектывы рэдка прадстаўляюць багацце фальклору беларусаў Беласточчыны. Часта ў рэпертуары такіх калектываў можна пачуць песні з усходняй Беларусі ці цэнтральнай Украіны. Яны спяваюць тое, што найбольш папулярнае, і рэдка дасягаюць глыбінных пластоў уласнага фальклору. Бо яны лічаць, што тая песня, якую спявалі ў сямʼі за сталом, менш вартая таго, каб яе прадстаўляць на сцэне. І мы арганізавалі майстар-класы з этнамузыколагам Ірынай Мазюк на тэму мясцовай спеўнай традыцыі для трох калектываў з Гайнаўкі, Макаўкі і Залук. І дзяўчаты з гайнаўскага гурта «Крэсоўкі» паказалі, чаму навучыліся падчас майстар-класаў».

Беларускія гміны вельмі стараюцца прапанаваць цікавыя мерапрыемствы турыстам і жыхарам не толькі летам, – піша Уршуля Палюховіч. – Менавіта цяпер сапраўды маем з чаго выбіраць. Усе летнія падляшскія мерапрыемствы ў поўным разгары, таму варта пазнаёміцца з праграмай і вырашыць куды варта паехаць. Напрыклад, 23 ліпеня ў амфітэатры ў Бандарах Міхалоўскай гміны адбудзецца фэст «Бандароўская гасцёўня», які ўлады гміны ладзяць супольна з Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Мерапрыемства адбываецца ўжо больш за дзве дэкады і традыцыйна выступяць на ім добрыя беларускія гурты і будзе свойская атмасфера. Наша журналістка падказвае яшчэ, што 30 ліпеня Гарадоцкі цэнтр культуры запрашае на «Сяброўскую бяседу», якая пяройдзе над залівам у Зарэчанах. Тут выступіць цэлая плеяда беларускіх зорак, перш за ўсё будзе можна ўслухацца ў музыку калектываў з самой гміны Гарадок, бо гэта гарант аўтэнтычнай беларускай культуры. Таксама ў канцы ліпеня чакае яшчэ адна цікавая прапанова – у рамках цыкла мерапрыемстваў «І тут жывуць людзі», адбудзецца імпрэза ў Новай Луцэ. Як заўсёды можна разлічваць на выступленні мясцовых калектываў, якія зайграюць вядомыя песні і чарговы раз пераканацца, што беларуская культура ва ўсходніх гмінах Беласточчыны жыве!

На Беласточчыне знаходзяцца крыніцы з цудатворнай вадой, да якіх прыбываюць паломнікі, каб напіцца гаючай вады і абмыць ёю хворыя месцы, – піша Аляксей Мароз. – Зараз, апрача найбольш вядомых – на Святой Гары Грабарцы і ў падгайнаўскай Крыначцы, вядомай становіцца крыніца каля вёскі Мякішы на Бельшчыне. Першая капліца над крыніцай з гаючай вадою была ўзведзена раней, а цяпер тут красуецца вялікая, прыгожая, у палове са шклянымі сценамі часоўня. Асвячэнне часоўні над крыніцай адбылося ў першую пятніцу Велікоднага перыяду, на свята іконы Божай Маці «Жываносная крыніца». Малітвы ў час першай літургіі ў часоўні ўзначаліў архіепіскап Бельскі Грыгорый. Сабраліся тады на малітву перш за ўсё святары і вернікі прыхода з Пасынак, да якога належаць Мякішы, і паломнікі з суседніх парафій.

яс

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы