Дзень незалежнасці Украіны – дзяржаўнае свята Украіны, якое адзначаецца 24 жніўня ў гадавіну прыняцця Акт аб абвяшчэнні незалежнасці Украіны Вярхоўнай Радай Украінскай ССР 24 жніўня 1991 года. Сёлета Дзень незалежнасці мае і іншае вымярэнне – паўгоду таму Расія напала на Украіну.
24 жніўня 1991 года лічыцца датай утварэння Украіны ў яе сучасным выглядзе. 1 снежня 1991 года ўкраінцы на рэферэндуме пацвердзілі сваю волю на стварэнне суверэннай дзяржавы. 20 лютага 1992 года парламент Украіны прыняў Акт аб Дні незалежнасці Украіны. Была прынята аднаслоўная назва – Украіна, замест Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Сённяшні Дзень незалежнасці – гэта таксама час, калі мінае паўгоду ад пачатку вайны Расіі супраць Украіны. У гэты дзень сваю прамову ўкраінскі прэзідэнт запісаў на галоўнай вуліцы Кіева, Хрэшчаціку, на фоне знішчанай вайсковай тэхнікі.
-На працягу шасці месяцаў, калі нас намагаюцца знішчыць – мы вольны народ незалежнай Украіны. 24 лютага Расія абвясціла нам вайну. Уся краіна пачула выбухі і стрэлы. 24 жніўня мы пачулі нямала слоў пра незалежнасць. 24 лютага нам казалі: У вас няма шанцаў. 24 жніўня мы кажам: З днём незалежнасці, Украіна! За гэтыя шэсць месяцаў мы памянялі гісторыю, свет і сябе. Цяпер мы дакладна ведаем, хто нам сябра і брат, а хто нават не выпадковы знаёмы.
Украінцы сустракаюць Дзень незалежнасці ў розных месцах Украіны, а нават свету, па-рознаму набліжаючы перамогу Украіны, гаварыў у сваім звароце Уладзімір Зяленскі.
-Свабодныя народы незалежнай Украіны. Гэты дзень мы сустракаем у розных месцах. Хтосьці ў акопах і бліндажах, у танках і БМП, на моры і ў паветры. Ён змагаецца за незалежнасць на перадавой. Хтосьці ў дарозе, у машынах, грузавіках і цягніках. Ён змагаецца за незалежнасць, дастаўляючы неабходнае тым, хто на перадавой. А хтосьці за смартфонам ці за камп’ютарам. А яшчэ змагаецца за незалежнасць збіраючы сродкі, каб тым, хто ў дарозе, было што прывезці тым, хто на перадавой. Гэты дзень мы сустракаем у розных абставінах, умовах і нават у розных гадзінных паясах, але з адзінай мэтай – захаванне незалежнасці і перамога Украіны!
Віншаванні з Днём незалежнасці ў Кіеў накіроўвае ўвесь свет. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падкрэсліў, што палякі вераць, што свабодная Украіна, адноўленая пасля спусташэння, будзе мець росквіт у еўрапейскай супольнасці. У запісе, апублікаваным Канцылярыяй прэзідэнта, Анджэй Дуда нагадаў, што Польшча першай прызнала незалежнасць Украіны.
-Сёння мы таксама салідарна стаім побач з Вамі. Украіна абараняе сваю свабоду, адбіваючыся ад расійскага агрэсара. Ведаю, што Вы пераможаце. Мы, палякі, верым, што свабодная Украіна, адбудаваная пасля знішчэнняў, будзе цешыцца дабрабытам у еўрапейскай супольнасці. Прыміце найлепшыя пажаданні з нагоды гадавіны Вашай незалежнасці. Я складаю іх у часе, калі ўсе бачаць, якую цану мае незалежнасць. Няхай сяброўства моцна спалучае палякаў і ўкраінцаў. Няхай жыве незалежная Украіна! Няхай жыве вольная Польшча!
З Днём Незалежнасці павіншаваў украінцаў і старшыня Еўрапейскай Рады. У апублікаваным у сацсетках запісе Шарль Мішэль падкрэсліў, што Украіна абараняе еўрапейскія каштоўнасці. Палітык таксама запэўніў, што Еўрасаюз падтрымлівае Украіну ў яе барацьбе за незалежнасць:
-Вы абараняеце сваю Радзіму, будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей. Але ў той жа час вы абараняеце нашы агульныя еўрапейскія каштоўнасці. Такім чынам, члены вашай сям'і таксама належаць да нашай сямʼі, ваша будучыня – наша сумесная будучыня. Таму мы хочам падтрымаць вас, наколькі мы можам, каб абараніць вашу незалежнасць. Мы з вамі. Слава Украіне!
Былы амбасадар Польшчы ў Кіеве Ян Пекла ацаніў, што пасля паўгода баявых дзеянняў Украіне ёсць што святкаваць у Дзень незалежнасці. Госць Польскага радыё нагадаў, што ўкраінцам удалося, між іншым, адбіць расійскую атаку на сталіцу:
-Украіну напэўна мае, што святкаваць. Ёй удалося адбіць расійскую атаку, не даць рэалізавацца імгненнаму плану захопу Кіева і змяшчэння там прарасійскага ўраду. Украіна выдатна спраўляецца, зрузумела, пры дапамозе ЗША, НАТА і Польшчы.
Замест святочных урачыстасцяў у Кіеве зладзілі парад разбітай расійскай вайсковай тэхнікі. Там паказаныя спаленыя расійскія ваенныя грузавікі, разбітыя транспарцёры, абясшкоджаныя танкі і гаўбіцы. Менавіта з іх агрэсары стралялі па ўкраінскіх вайскоўцах і мірным жыхарам. Сёння яны стаяць у шэраг на галоўнай вуліцы Кіева – Храшчаціку. Кіяўляне шпацыруюць сярод абломкаў пабітай расійскай тэхнікі. Апрануты па-святочнаму, бо сёння Дзень Незалежнасці, адначасова сёння гэтае свята – горкае.
Паводле ўкраінскіх звестак, з 24 лютага расіяне страцілі ва Украіне больш за 45 тысяч сваіх вайскоўцаў, але таксама, сярод іншага, больш за 200 самалётаў і амаль 2000 танкаў. Украінцы не даюць дакладных дадзеных аб сваіх стратах. Некалькі дзён таму ўкраінскае камандаванне паведаміла, што з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі загінулі каля 9 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
ав