Беларуская Служба

Палкоўнік Уладзіслаў Бэліна-Пражмоўскі: «першы кавалерыст Польшчы»

15.10.2022 06:11
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Бэліна ведаў, што час, якога ён і многія маладыя людзі яго пакалення чакалі, настаў.
Аўдыё
  • Палкоўнік Уладзіслаў Бэліна-Пражмоўскі: «першы кавалерыст Польшчы»
Władysław Belina-Prażmowski
Władysław Belina-PrażmowskiNAC

Дзясятую частку свайго кароткага жыцця ён правёў у сядле. Гэты афіцэр любіў небяспечнае жыццё кавалерыста. Аднак пастаянная пагроза і цяжкая служба негатыўна паўплывалі на яго здароўе. Першы ўлан міжваеннай Польшчы памёр маладым, ва ўзросце 50 гадоў, 13 кастрычніка 1938 года. Сёння раскажам пра палкоўніка Уладзіслава Бэліну-Пражмоўскага, якога ў польскай гістарыяграфіі называюць «першым кавалерыстам Польшчы» ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі.

Уладзіслаў нарадзіўся 3 мая 1888 года ў патрыятычнай польскай сям'і Пражмоўскіх. Ужо ў школе ён змагаўся з царызмам і займаўся падпольнай патрыятычнай дзейнасцю, што, дарэчы, скончыліся для яго кепска: падчас вырабу самаробнай выбухоўкі яму адарвала два пальцы, а за арганізацыю незалежніцкага гуртка выключылі са школы. Працягваць адукацыю Пражмоўскі быў вымушаны ў прыватнай школе ў Варшаве.

У 1909 годзе юнак пераехаў у Львоў, дзе мог вучыцца на польскай мове. Там уступіў у польскія арганізацыі. У 1913 годзе Уладзіслаў Пражмоўскі жаніўся, жыў ля Кракава, а таксама на тэрыторыі Царства Польскага. У тым жа годзе нарадзіўся яго першы сын.

Калі ў 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, Бэліна ведаў, што час, якога ён і многія маладыя людзі яго пакалення чакалі, настаў – акупацыйныя ўлады сталі па розныя бакі барыкад, што дало ім унікальны шанец змагацца за незалежнасць Польшчы.
Бэліна апынуўся ў Кракаве па закліку Юзэфа Пілсудскага. Першапачаткова ён павінен быў узначаліць адну з толькі што падрыхтаваных рот польскіх стралкоў, але канчаткова яго накіравалі ў кавалерыю.


Polska kawaleria podczas ćwiczeń przed II wojną światową Polska kawaleria podczas ćwiczeń przed II wojną światową

Бэліна-Пражмоўскі аказаўся не толькі эфектыўным камандзірам, але і добрым арганізатарам. Калі Першая сусветная вайна набліжалася да канца і было вядома, што Польшча адродзіцца, Бэліна-Пражмоўскі актыўна ўключыўся ў службу айчыне. Ён змагаўся з аўстрыйцамі, украінцамі і бальшавікамі, прымаў удзел у вызваленні Любліна і Вільні.
У 1920 годзе яму была пастаўленая задача спыніць чырвоную конніцу Сямёна Будзённага. Першыя сутыкненні сталі аднак трагічнымі: быў страчаны стратэгічны чыгуначны вузел у Роўна, а самому Бэліну прыйшлося аддаць загад аб адступленні.

Для Пражмоўскага такое балючае паражэнне стала шокам, які адбіўся на яго здароўі: афіцэра з болямі шпіталізавалі. Да таго стану, у якім мог дзейнічаць у войску, ён вярнуўся толькі праз пару месяцаў. Аднак на фронт яго не прызначылі.


Zdjęcie ilustracyjne Zdjęcie ilustracyjne

Афіцэру было ўсяго 32 гады, калі ён пакінуў армію з падарваным здароўем. Бэліна-Пражмоўскі пасяліўся ў невялікім маёнтку, дзе заняўся гаспадаркай і грамадскай дзейнасцю.

Вяртанне Пілсудскага да ўлады ў 1926 годзе ў выніку дзяржаўнага перавароту прывяло Уладзіслава Бэліну-Пражмоўскага зноў у грамадскую актыўнасць. Бэліна, які добра ведаў Пілсудскага, стаў саўладальнікам кампаніі Tabor, якая атрымала выгадны дзяржаўны кантракт на пастаўку кавалерыйскага рыштунку для войска. У 1931 годзе ён стаў мэрам Кракава і займаў гэтую пасаду цягам двух гадоў, пасля быў прызначаны львоўскім ваяводам. На гэтай пасадзе ён прабыў да 1937 года.


zdj. ilustracyjne zdj. ilustracyjne

У 1938 годзе палкоўнік адправіўся ў Венецыю на лячэнне, бо стан яго здароўя пагаршаўся. Сэрца ўсё болей хварэла, асабліва пасля трагічных падзей мінулага года: у выніку няшчаснага выпадку падчас чысткі зброі загінуў першынец кавалерыста Збігнеў, афіцэр 1-га кавалерыйскага палка.

Нават у далёкай Венецыі яму не ўдалося адарвацца думкамі ад сумных падзей: палкоўнік Уладзіслаў Бэліна-Пражмоўскі памёр 13 кастрычніка 1938 года ад інфаркту міякарда. Яго цела было дастаўленае ў Польшчу. Пахавалі «першага кавалерыста Польшчы» ў Кракаве.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу