Беларуская Служба

У Польшчы ў пяты раз зладжаная дабрачынная акцыя пад назваю «Паляк з сэрцам»

22.11.2022 09:00
Гэта кампанія дапамогі палякам за ўсходняй мяжой Польшчы.
Аўдыё
:
фота:www.polakzsercem.pl

У рамках акцыі «Паляк з сэрцам», якая ладзіцца ў Польшчы, дапамогу могуць атрымаць асобы польскага паходжання з Літвы, Беларусі і Украіны. Яе арганізуе Каталіцкая асацыяцыя моладзі. Распавядае старшыня Нацыянальнай рады асацыяцыі Мартына Гелета.

- Акцыя была ініцыяваная, каб дапамагаць нашым суайчыннікам за ўсходняй мяжой Польшчы. Перш за ўсё гэта дапамога маладым людзям, нашым равеснікам, а таксама іх сем’ям. Адзін з варыянтаў дапамогі – гэта публічны збор сродкаў, які праходзіў з 11 па 20 лістапада. Нашы валанцёры збіралі фінансавыя сродкі, але таксама можна было прыносіць матэрыяльныя ахвяраванні – прадукты харчавання з доўгім тэрмінам захоўвання, бытавую хімію. Акрамя таго, мы ўвялі так званы edaromat. Інфармацыя на нашым сайце. Edaromat – гэта магчымасць перавесці нам такую суму грошаў, колькі каштуе нейкі прадукт, а мы самі яго набываем і перадаем таму, каму дапамога патрэбная.

Каталіцкая асацыяцыя моладзі арганізуе акцыю дапамогі ўжо не першы год. А пра тое, як нарадзілася гэтая ідэя, расказвае ксёндз Анджэй Любавіцкі.

- Ідэя нарадзілася пяць гадоў таму, калі мы рыхтаваліся адзначаць 100-годзе вяртання незалежнасці Польшчы. Тады мы разважалі разам з нашай моладдзю, што зрабіць, каб гэта была не адна паасобная акцыя, а такая падзея, якая б не толькі ўшаноўвала вяртанне незалежнасці, але таксама на даўжэй засталася ў памяці людзей. І тады мы прыдумалі такую акцыю, якая будзе развівацца, якая будзе паўтарацца і будзе ўцягваць усё больш шырокія колы ўдзельнікаў. З аднаго боку мы хочам дапамагаць тым, каму дапамога патрэбная, якія засталіся з іншага боку мяжы, хоць ніколі з Польшчы не эмігравалі. А з іншага боку, каб нагадваць пра нашых суайчыннікаў за мяжой, асабліва маладым людзям, але не толькі. Важна нагадваць пра іх розным установам, арганізацыям, якія гатовыя несці дапамогу. Каб гэтая незалежнасць, свабода, жыла ў нашых сэрцах.

Каталіцкая асацыяцыя моладзі не толькі ладзіць зборы сродкаў, але таксама дае магчымасць аказаць дапамогу праз свой сайт polakzsercem.pl. Гэтым могуць карыстацца як тыя, каму неабходная падтрымка, так і тыя, хто такую падтрымку хоча аказаць.

- Той, каму патрэбная дапамога, мае магчымасць змясціць свой тэкст, апісаць сваю сітуацыю і звярнуцца па дапамогу. Ахвярадаўцы могуць адказаць на такую просьбу. Гэтак можна перш за ўсё дапамагаць тым палякам, якія пражываюць за межамі Польшчы. Свае аб’явы друкуюць таксама розныя арганізацыі, якія пішуць, каму яны маглі б аказаць дапамогу. З іншага боку, прыватныя асобы таксама могуць даць аб’явы – напрыклад, у кагосьці ёсць рэч, якую ён можа камусьці падарыць – нейкая мэбля, бытавая тэхніка ці нешта іншае, а таксама калі ён можа падтрымаць кагосьці канкрэтнай сумай грошай. Мы імкнемся да таго, каб як мага менш было пасярэднікаў і каб дапамога хутка трапляла па адрасе. Каб не было так, што рэчы ў адным месцы збіраюць, пазней перавозяць у іншае месца. Мэта – максімальна скараціць гэты шлях. Таксама на нашым сайце можна заказаць спецыяльную каробку ў выглядзе мапы Польшчы, на якой змешчаны qr-код, а таксама падрабязная інфармацыя пра акцыю. У такую каробку можна збіраць сродкі сярод сваіх знаёмых. Неабходна згадаць і пра ролю СМІ, якія распаўсюджваюць звесткі пра магчымасць аказваць дапамогу. А самая простая форма дапамогі – гэта адпраўка СМС, дзякуючы якому Caritas Polska пераводзіць нам канкрэтную суму грошай.

Цяпер, калі ідзе вайна Расіі супраць Украіны, асаблівая падтрымка патрэбная палякам, якія пражываюць ва Украіне.

- Сітуацыя ўдвайне цяжкая. Па-першае, гэтыя людзі трапілі ў вельмі цяжкае становішча, а па-другое, ім складана даставіць дапамогу. Мы былі летам ва Украіне, размаўлялі з мясцовымі палякамі, яны казалі, што цяпер, калі працягваецца вайна, канешне, дапамога ідзе для ўсяе Украіны, але некаторыя людзі яе зусім не атрымліваюць. У гэтым годзе да нас далучыліся ўдзельнікі Катынскага рэйду, якія праехалі Украіну ўдоўж і поперак. Яны дапамагаюць нам знайсці людзей, якім сапраўды неабходная падтрымка. Але мы не забываем таксама пра людзей у Беларусі і Літве, хаця там, зразумела, сітуацыя крыху лепшая, чым ва Украіне.

Частка сродкаў, якія ўдасца сабраць, будзе перададзена на арганізацыю выезду маладых людзей з бедных сем’яў у Беларусі, Літве ды Украіне на каталіцкія Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне.

Галіна Остас/нг