Наш калега, журналіст, гарадзенец Дзяніс Івашын асуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі за здраду дзяржаве, за публікацыю артыкула пра сілавікоў паводле адкрытых дадзеных. Яго жонка Вольга цяпер жыве ў Польшчы. Яна вядзе сваю асабістую інфармацыйную кампанію за вызваленне мужа — штодзень піша пра свайго мужа ў сацыяльных сетках, паведамляе якія ёсць навіны, якіх думак трымаецца Дзяніс, якія весткі ён перадае на волю.
Слухайце далучаны файл!
Нагадаем, што журналіст Дзяніс Івашын быў асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд доўжыўся месяц у закрытым рэжыме. Вярхоўны суд 20 снежня 2022 г. разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня журналіста. Прысуд быў пакінуты без зменаў, а скарга – без задавальнення. Неўзабаве Дзяніса перавядуць у калонію.
Аднак, нягледзячы на жорсткі прысуд, Дзяніс трымаецца аптымістычна. Вольга гаворыць, што святочнага настрою асабліва няма, аднак упадаць у дэпрэсію назло ворагам яна не будзе.
Паводле слоў Вольгі, у іх з Дзянісам ёсць час супольнай малітвы, гэта дапамагае адчуваць сувязь праз краты і адлегласць.
Вікарый парафіі Святога Юзафа ў Лодзі Дзмітрый Прыступа гаворыць, што можна згадваць у малітвах сваіх родных, трымацца ранейшых сямейных традыцый, каб адчуваць іх прысутнасць у сваім жыцці нават ва ўмовах раз'яднанасці.
Нагадаем, у Беларусі за кратамі цяпер 33 прадстаўнікі медыя. Нехта ўжо адбывае пакаранне, нехта чакае суду.
вх