Спецназаўцы ў Беларусі. Закуліссе польскіх аперацый падчас вайны ва Украіне апісвае Dziennik Gazeta Prawna.
Жаўнеры польскага спецназу ахоўвалі алігарха Рамана Абрамовіча, які быў пасярэднікам ва ўкраінска-расійскіх перамовах у першыя тыдні вайны. Яны таксама забяспечвалі бяспеку пасланнікаў Уладзіміра Зяленскага на перамовах у Берасці на мяжы лютага і сакавіка мінулага года.
Украінская дэлегацыя на чале з міністрам абароны Аляксеем Рэзнікавым прыляцела ў Беларусь з Бялай Падляскі на верталёце S-70i Black Hawk, які належыць авіяцыйнай групе вайсковай часткі GROM. Салдаты гэтай каманды знаходзіліся за штурвалам. Як паведамляюць крыніцы DGP у польскім урадзе, аховай украінцаў на шляху ў Беларусь займаліся аднак аператары Вайсковага камандавання з Люблінца, якія задоўга да вайны супрацоўнічалі з украінскім спецназам. Там іх лічаць найбольш дасведчанымі ва ўсходняй праблематыцы. Пасля 2014 года яны разам з ЗША і Вялікабрытаніяй супрацоўнічалі ў стварэнні сіл спецыяльнага прызначэння як асобнага віду ўзброеных сіл Украіны.
– На пачатку сакавіка было незразумела, ці могуць украінцы, якія ляцяць на перамовы ў Беларусь, быць упэўненымі ў вяртанні. Польская служба бяспекі давала пэўную гарантыю, што яны вернуцца цэлымі і здаровымі, – распавядае DGP адзін з удзельнікаў тых падзей. Вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў палётах, пацвярджаюць, што рызыка інцыдэнтаў падчас аперацыі была пралічана. Было прааналізавана, як рэагаваць на сцэнар, пры якім існуе пагроза вайскоўцам з краіны NATO.
Палёты ў Брэст былі вельмі рызыкоўнымі. Крыніца DGP сцвярджае, што падчас гэтых сустрэч расіяне прапанавалі Рэзнікаву, каб Украіна здалася. Кіраўнік Мінабароны Украіны адказаў вядомымі словамі абаронцаў Змяінага востраву, кажа суразмоўца газеты.
ав/DGP