Беларуская Служба

Сёння вуліцамі польскіх гарадоў прайшлі Маршы ў гонар Яна Паўла ІІ

02.04.2023 13:14
2 красавіка – 18-ая гадавіна смерці пантыфіка, але не гэта стала галоўнай прычынай маршаў. 
Аўдыё
  • Сёння вуліцамі трох польскіх гарадоў – Варшавы, Кракава і Шчэціна прайшлі Маршы ў гонар Яна Паўла ІІ
Марш у гонар Яна Паўла ІІ у Варшаве PAP/Rafał Guz

Арганізатары не хаваюць, што гаворка ідзе пра тое, каб заняць пазіцыю адносна паведамленняў у СМІ, паводле якіх арцыбіскуп Кракава Караль Вайтыла ведаў пра выпадкі педафіліі ў Касцёле і не прадпрымаў крокі па пакаранні адказных.

У Польшчы ўжо некалькі тыдняў ідзе спрэчка, якая разгарэлася пасля дакументальнага фільму ў эфіры прыватнага тэлеканалу TVN24.

Напярэдадні маршу госцем Польскага радыё была ініцыятарка маршу, гісторык і публіцыстка Малгажата Жарын. Яна ўзгадвае, што падобныя маршы праходзілі пасля смерці Яна Паўла ІІ (г.зв Белыя маршы), марш адбыўся і ў 1979 годзе пасля спробы забойства пантыфіка на пляцы Святога Пятра. Малгажата Жарын перакананая, што сённяшні марш – гэта не толькі патрэба арганізатараў, але і вялікага кола палякаў.

-Гэта марш усіх тых, хто атаесамліваецца з польскай спадчынай, польскімі каштоўнасцямі. Тых, хто хоча не толькі шанаваць польскія аўтарытэты, але і перадаць гэтую павагу наступным пакаленням. Гэта быў адзін з самых вялікіх, калі не самы вялікі, паляк у гісторыі нашага народу. Вялікі не толькі таму, што папа, але і таму, што гэта донар нашай свабоды, гэта дзякуючы яму мы атрымалі нашую свабоду. Потым мы, дзякуючы яму, навучыліся быць свабоднымі. Гэта ў яго навучанні я ўпершыню пачула паняцце «свабода да, а не свабода ад». Думаю, сёння нам гэтага вельмі не хапае і мы павінны вярнуцца да гэтага навучання па прычыне як падзелаў, так і страты каштоўнасцяў.

Ініцыятыва з’яўляецца пунктам, які злучае вакол пэўных каштоўнасцяў, кажа Малгажата Жарын. «Гэтая асоба сапраўды здольная нас аб’яднаць, калі не ён, то хто. Для тых, хто сумняецца, хто знаходзіцца ў пошуку, хто верыць і хто не верыць, але з’яўляецца патрыётам, гэта вельмі важная постаць», – гаворыць ініцыятарка маршу.

Ініцыятыва маршу – выключна грамадская.

-У нас няма ні спонсараў, ні патронаў, установаў. Мы цалкам адхрышчваемся ад палітыкі, не прымем ніякай палітычнай сімволікі. Мы запрасілі тых, хто хоча будаваць каштоўнасці. Мы стараемся папулярызаваць навучанне Яна Паўла ІІ. Таксама таму, каб нас не абвінавачвалі, што пакаленне ЯПІІ (JPII) нічога пра навучанне папы не ведае. Што ўсё ж гэтае папскае навучанне для нас важнае. Яно ў дадзены момант можа быць для нас сапраўды канструктыўным, – гаворыць Малгажата Жарын.

Не без прычыны марш адбываецца 2 красавіка бягучага году, адзначае Малгажата Жарын.

-Усё тое, што цяпер адыбваецца ў некаторых СМІ, і не толькі, цкаванне Яна Паўла ІІ, няслушныя абвінавачанні ў яго адрас, думаю, што гэта адзін з элементаў агульна атакі на польскі касцёл і яго супольнасць. Я і мае калегі больш не хочам, каб пра нас не было чуваць, не хочам, каб нас пазбаўлялі годнасці, у пэўным сэнсе. Што б ні казаць, мы адчуваем сябе быццам бы нас аплявалі. Мы, каталікі і патрыёты, павінны падняць голавы і паказаць, што мы з’яўляемся сур’ёзным элементам у нашай краіне. Што нас шмат, што мы павінны абараняць свае каштоўнасці. Калі мы не будзем іх абараняць, то нас звычайна не будзе.

Арганізатары падкрэсліваюць, што падчас маршу асаблівым чынам падкрэсліваецца актуальнае, вельмі багатае навучанне Папы аб каштоўнасці і святасці жыцця і важнасць інстытута сужэнства як саюзу паміж мужчынам і жанчынай. - Гэта асновы нашага грамадскага жыцця, і мы павінны памятаць пра іх, таму што яны і ўсё маральнае вучэнне Папы з'яўляюцца дэ-факта канчатковым абʼектам нападаў, якія мы бачым у апошнія тыдні, – кажа Павел Дэкора, старшыня фонду Цэнтр жыцця і сямʼі, які выступае суарганізатарам мерапрыемства.

18 гадоў таму – 2 красавіка 2005 г. Ян Павел ІІ памёр. Навіну аб яго смерці 100 тысячам вернікаў, сабраных на плошчы Святога Пятра ў Рыме, абвясціў адзін з яго бліжэйшых супрацоўнікаў, арцыбіскуп Леанарда Сандры, сказаўшы: «Дарагія браты і сёстры, у 21.37 наш самы любімы Святы Айцец Ян Павел ІІ вярнуўся у дом Айца».

За два дні да смерці Ян Павел ІІ даверыў Касцёл і свет Божай Міласэрнасці. У спецыяльнай тэлеграме ад 31 сакавіка 2005 г. на ўрачыстасць Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках ён пісаў: «Я хачу зноў даверыць гэтай Любові Касцёл і свет, усіх людзей ва ўсім свеце, а таксама сябе ў маёй слабасці».

У апошнія гадзіны свайго жыцця ён прасіў, каб яму чыталі Евангелле св. Яна, а потым папрасіў цэлебраваць святую Імшу ля яго ложка, прыняў яшчэ некалькі кропель Эўхарыстыі, пасля чаго паступова страціў прытомнасць.

Некалькі сотняў тысяч чалавек прынялі ўдзел у пахавальнай імшы 8 красавіка на плошчы Святога Пятра. Прысутнічалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, а таксама каранаваныя асобы і рэлігійныя лідары з усяго свету. Гэта была самая масавая пахавальная цырымонія ў гісторыі.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Багацце веры