Беларуская Служба

Карысць ад выпальвання травы - гэта міт

14.04.2023 09:17
Веснавыя пажары на палях – гэта сталая праблема ў статыстыцы падзей пажарнай службы. 
Аўдыё
  • Карысць ад выпальвання травы - гэта міт
.
.terski/pixabay.com/CC0

На лугах, у прыдарожных канавах і палях пачынае паяўляцца разбуральнае полымя. Гэта знак таго, што пачаўся сезон выпальвання травы. Гэтая з'ява небяспечная не толькі для чалавека, але і для прыроды. Больш за тое, у Польшчы спальванне травы строга забаронена і можа карацца штрафам або нават пазбаўленнем волі.

Веснавыя пажары на палях – гэта сталая праблема ў статыстыцы падзей пажарнай службы. Гэта вельмі характэрны пункт, паколькі вясновыя месяцы, сакавік-красавік – гэта відавочны пік росту падзей на сельскагаспадарчых неўжываных палях. Па пагрозай ад выпальвання травы апынаюцца таксама лясы.

Выпальванне травы прычыняецца толькі да эстэтычнага выгляду. Іншых пазітыўных момантаў няма. Плюсавая тэмпература спрыяе жаданню ачысціць лугі ад сухой травы. З пачатку году польскія пажарнікі выязджалі на выклікі, звязаныя з пажарам травы, больш за чатыры тысячы разоў. У Люблінскім ваяводстве – больш за 250 разоў.

Анджэй Шацань з люблінскай гарадской часці Дзяржаўнай пажарнай службы пацвярджае, што колькасць такіх здарэнняў, нягледзячы на шматлікія заклікі, толькі расце:

-Гэта вельмі інтэнсіўны час. Пажарныя вельмі стомленыя, паколькі ездзяць тушыць чалавечае глупства. Выклікі частыя, гэта цяжкая фізічная праца. У многія месцы складана даехаць пажарнымі машынамі, таму неабходна разлічваць на ручную супрацьпажарную тэхніку. Раскладваем яе, тушым пажар, вяртаемся ў часць, і праз 2-3 хвіліны атрымліваем паведамленне пра наступны пажар.

Практыка выпальвання травы існуе на працягу многіх стагоддзяў. Спачатку палілі лес, каб атрымаць поле пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пасля лічылася, што гэта добрая падрыхтоўка поля да сяўбы, бо дзякуючы гэтаму можна было разрыхліць глебу, лёгка атрымаць з попелу ўгнаенне і пазбавіцца ад турботнага пустазелля. На працягу многіх пакаленняў многія фермеры надалей лічаць, што спальванне травы прывядзе да больш хуткага і больш эфектнага росту маладой травы, што прынясе эканамічную выгаду. Нічога больш памылковага.

Кшыштаф Курас з Люблінскага сельскагаспадарчага кансультацыйнага цэнтру ў Коньскаволі тлумачыць, што гэта мае значныя наступствы для глебы.

-Такое выпальванне травы выклікае павышэнне тэмпературы, што ў сваю чаргу прыводзіць да яе стэрылізацыі. Гэта азначае, што ўсё біялагічнае жыццё і бактэрыі, якія жывуць у глебе, проста знішчаюцца. Таму наступстваў – вельмі шмат. Галоўная матывацыя, чаму людзі гэта робяць, гэта тое, што ў першым часе пасля выпальвання травы расліннасць сапраўды расце лепш. Гэта звязана з тым, што ўсе пажніўныя рэшткі вельмі хутка мінералізуюцца за кароткі час. Азот вылучаецца хутка, і ў гэты першы перыяд расліны могуць лепш расці, але працэс вельмі кароткачасовы, а потым перастае дзейнічаць. У сваю чаргу, наступствы знішчэння біялагічнага жыцця ў глебе вельмі працяглыя і іх вельмі цяжка аднавіць.

Прафесар Мар’ян Фліс з Прыродніцкага ўніверсітэту ў Любліне звяртае ўвагу, што выпальванне травы не ўгнойвае глебы. Па-першае, гэта пагроза для раслін, якія ў пераважнай большасці паміраюць. Гінуць таксама жывёлы.

-Мы не можам разглядаць праблему толькі з пункту гледжання бачнай фаўны, то бок зайцоў ці казуль, якіх часамі бачна падчас уцёкаў з такіх лугоў, а часамі ім не ўдаецца ўцячы. Птушкі гняздуюцца на зямлі, блізу розных вадаёмаў, таксама гняздуюцца на нізкіх кустарніках, травах рознага гатунку менавіта на такіх тэрыторыях, якія выпальваюцца. У гэты перыяд часу многія птушкі ўжо будуюць гнёзды, праўда яшчэ не складваюць яйкі, але ідзе перыяд гнездавання, яны гэтыя гнёзды будуюць, знайшлі для іх месца.

У полымі або ў выніку падвышанай тэмпературы гінуць многія карысныя хрыбетныя жывёлы: амфібіі (жабы, яшчаркі), млекакормячыя (краты, вожыкі, зайцы, лісы, барсукі, куніцы, палёўкі, землярыйкі і іншыя дробныя грызуны). Агонь не перажывуць бесхрыбтовыя, напрыклад, дажджавыя чарвякі (якія станоўча ўплываюць на структуру глебы і яе ўласцівасці), павукі, казуркі.

Не выпальваць траву заклікае Люблінская сельскагаспадарчая палата. Дырэктар Войцех Князюк гаворыць, што акрамя людскіх і жывёльных страт трэба браць пад увагу матэрыяльныя страты ўладальнікаў нерухомасцяў.

-Калі і ёсць нейкая страхоўка, то яна тычыцца толькі агню, выкліканага маланкай. У сваю чаргу штучна выкліканы агонь не падлягае пад страхаванне такога поля. Гэта вялікая рызыка, што мы выпадкова можам стаць прычынай вялікіх стратаў іншых.

Анна Камоля з Ваяводскай паліцыі ў Любліне нагадвае, што выпальванне травы ў Польшчы караецца:

-Гэта цягне за сабой крымінальную адказнасць. За выпальванне травы пагражае арышт ці штраф, а ў выпадку, калі агонь распаўсюдзіцца і будзе пагражаць жыццю многіх людзей, ці, напрыклад, выкліча вялікія матэрыяльныя страты, можна трапіць за краты нават на 10 гадоў.

Калі адказнасць за выпальванне травы будзе ляжаць на фермеры, яму таксама пагражае пазбаўленне фінансавання на вядзенне фермерскай дзейнасці.

Неразлучным спадарожнікам агню заўсёды зʼяўляецца дым. Дым, які паходзіць з гарэння, можа быць вельмі атрутным. Перш за ўсё, у ім прысутнічаюць канцэрагенныя вуглевадароды, вуглякіслы газ і дыяксід серы. Такая сумесь можа выклікаць атручванне і, як следства, захворванні (алергія, рак).

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце