16 мая мінула 80 гадоў з моманту падаўлення гітлераўцамі Паўстання ў Варшаўскім гета. Цягам амаль месяца члены Яўрэйскай баявой арганізацыі і Яўрэйскага баявога саюзу аказвалі супраціў немцам, якія ўвайшлі на тэрыторыю гета, каб пачаць працэс яго ліквідацыі. Апошнім кіраўніком паўстання быў Марэк Эдэльман. Сёння мы пазнаёмім з постаццю гэтага адважнага чалавека.
Паўстанне ў Варшаўскім гета было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. Жыхары гета разумелі, што яны ідуць на смерць, і прынялі рашэнне ў апошняй хвіліне аказаць супраціў. Як узгадваў ужо ў мірны час Марэк Эдэльман, лепш было памерці са зброяй у руках, чым у лагеры смерці. У яго, дарэчы, не было выбару: ён не мог не ўзначаліць паўстання, паколькі кіраўнік збройнага чыну Мардэхай Анелевіч, пра якога мы расказвалі тыдзень таму, здзейсніў самагубства, трапіўшы ў акружэнне гітлераўцаў. Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць: ім было крыху больш за 20 гадоў.
Марэк Эдэльман нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў 1919 годзе ў беларускім Гомелі, хоць іншыя крыніцы называюць 1922 год, а месца нараджэння – Варшаву. Бацькі будучага паўстанца былі заангажаваныя ў грамадскае і палітычнае жыццё даваеннай Польшчы, сімпатызавалі левым сілам. У 1934 годзе памерла маці Марэка, што прымусіла яго пайсці на працу. У другой палове 1930-х гадоў Эдэльман далучаецца да моладзевых сацыялістычных арганізацый.
Пасля паразы паўстання яму ўдаецца пакінуць гета па каналізацыйных каналах. Але гэта не канец яго баявога шляху: у 1944 годзе ён далучаецца да байцоў Варшаўскага паўстання.
Пасля вайны Марэк Эдэльман не пакінуў Польшчу: пераехаў у горад Лодзь, дзе і пражыў амаль усё жыццё.
Marek Edelman
На пытанне, чаму ён не выехаў з Польшчы пасля вайны, ён казаў: «Гэта мая краіна, тут пахаваны мой народ». Ён таксама застаўся на сваёй радзіме пасля антысеміцкіх ганенняў у 1968 годзе, справакаваных уладамі, і нават пасля таго, як з краіны з’ехала яго жонка з двума дзецьмі. Эдэльман лічыў, што ані адна ўлада не мае права яму ўказваць, дзе яму жыць. Нягледзячы на тое, што Эдэльман быў яўрэем, ён быў таксама антысіяністам, і лічыў, што Ізраіль – нежыццяздольная дзяржава.
У 1951 годзе Марэк Эдэльман закончыў Лодзінскую медыцынскую акадэмію, быў спецыялістам у галіне кардыялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі. Выкладаў у сваёй «альма матэр», а таксама ў Лодзінскай вайсковай медыцынскай акадэміі. Больш за 30 гадоў паўстанец быў лекарам у гарадскім шпіталі імя Мікалая Пірагова, яго вельмі цанілі і любілі пацыенты.
Marek Edelman, lekarz kardiolog
У сваіх успамінах часта вяртаўся да вайны, а ў яго выказваннях нярэдка з’яўлялася тэма кахання і нянавісці. Эдэльман таксама часта выказваўся на розныя грамадскія тэмы. Вось што ён казаў Польскаму тэлебачанню ў адным з інтэрв’ю.
М.Эдэльман: Нянавісць да людзей вельмі лёгка абудзіць, а любоў – не. Абудзіць у чалавеку любоў вельмі цяжка. За гэтым мы назіралі ў 20 стагоддзі: Галакост, забойствы, пагарда да чалавека...
Тэорыя адноснасці мае не толькі фізічнае вымярэнне, але і філасофскае: усё ў нашым жыцці адноснае, у тым ліку зло і дабро.
20 стагоддзе – гэта век таталітарызмаў, фашызму, камунізму, пагарды да чалавека. А што будзе ў 21 стагоддзі? Будзе хуткае развіццё навукі, а чалавек стане суб’ектам, а не аб’ектам у грамадстве.
У 1970 гады Марэк Эдэльман заангажаваўся ў антыкамуністычную апазіцыйную дзейнасць. Гэта быў чалавек, які не быў абыякавым на несправядлівасць і людскую крыўду.
Ён быў вельмі добрым лекарам, якога любілі пацыенты. Марэк Эдэльман – аўтар некалькіх унікальных клінічных метадаў лячэння інфаркту міякарда, якія ён распрацаваў у лодзінскім шпіталі. Для пацыентаў ён быў мілы і прыемны, для супрацоўнікаў – патрабавальны і строгі, але, нягледзячы на гэта, на працы Эдэльмана любілі, бо ведалі, што заўсёды можна разлічваць на яго дапамогу і абарону. Сучаснікі згадваюць, што характэрнай рысай Марэка Эдэльмана было тое, што ён заўсёды гаварыў праўду ў вочы, не гледзячы на тое, хто быў адрасатам – звычайны лекар, вядомы прафесар ці высокапастаўлены чыноўнік.
Пасля падзення Польскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку будучы на пенсіі, Марэк Эдэльман працягваў прымаць удзел у грамадскім жыцці. Ён выступаў і асуджаў кожныя праявы неталерантнасці, нецярпімасці, расізму і ксенафобіі. Можна сказаць, што ён быў сумленнем і маральным аўтарытэтам не толькі горада Лодзь, але і цэлай Польшчы.
Усё жыццё Марэк Эдэльман лічыў сябе антысіяністам і шматкроць крытыкаваў палітыку Ізраіля. З маладых гадоў ён быў атэістам, застаўшыся ім да смерці. «У гета бога не было. Бо дзе ён быў? Калі бог кажа забіваць людзей, то няма бога», – казаў паўстанец.
У 1998 годзе прэзідэнт Аляксандр Квасьнеўскі ўзнагародзіў яго Ордэнам Белага Арла – вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы. У 2008 годзе Эдэльман атрымаў Ордэн Ганаровага легіёна – вышэйшую ўзнагароду Францыі.
Памёр Марэк Эдэльман 2 кастрычніка 2009 года. Два апошнія гады да смерці вядомы паўстанец і лекар жыў у Варшаве.
Імя Марэка Эдэльмана шырока ўвекавечана ў Польшчы і свеце. Пра яго напісана шмат кніг і знята фільмаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл