Падчас пратэстаў Насця з сяброўкамі дапамагала пратэстоўцам і іх родным чым толькі магла. У эміграцыі прайшла нялёгкі шлях, пакуль удалося наладзіць прыстойнае жыццё. І цяпер у Беларусь, нават калі там зменіцца ўлада, вяртацца не збіраецца.
У ламбард здавалі тэлевізары, ноўтбукі, каб падтрымаць пратэстоўцаў
Насця па адукацыі бухгалтар. Згадвае, што ў 20-м годзе працавала ў ламбардзе, хаця да гэтага мела досвед працы ў дзяржаўных прадпрыемствах. Іх фірма знаходзілася ў цэнтры гораду і падчас пратэстаў, калі людзі ўцякалі ад міліцыі, яны хавалі іх у сваім памяшканні.
Бачыўшы тое, што адбываецца на вуліцах гораду, Насця разам з іншымі супрацоўнікамі імкнулася хоць нечым дапамагаць пратэстоўцам.
- Гэта было вельмі жахліва. Да нас тады звярталася вельмі шмат людзей. Прыходзілі родныя тых, каго затрымалі, прыносілі звычайныя рэчы з хаты: тэлевізары, ноўтбукі, каб атрымаць нейкія грошы. Ім трэба было за нешта жыць, а яшчэ насіць перадачы для затрыманых. Мы ў той час з сяброўкамі на працы ўжо куплялі квіткі на праезд у грамадскім транспарце і раздавалі людзям, каб хоць неяк дапамагчы. Ламбард звычайна дае толькі 20% ад новай рэчы, але мы тады вырашылі, што будзем даваць людзям большы адсотак. Гэта было вельмі патрэбна ім, бо ўсё выглядала вельмі і вельмі жахліва…
Тады ўсе паверылі ў тое, што адбываецца
Цікаўлюся ў дзяўчыны – што тады прымушала яе і сябровак дапамагаць тым, хто пацярпеў падчас пратэстаў, адкуль у іх з’явілася тая салідарнасць?
- Я думаю, што гэтая салідарнасць заўсёды была ў беларусаў, як бы яна не з’явілася толькі ў 20-ым годзе. Так, людзі баяліся і баяцца дагэтуль, але ў той момант усе паверылі ў тое, што адбываецца. І менавіта таму хацелася падтрымаць усім тым, чым можаш. Ну бо што мы маглі яшчэ зрабіць – штурмаваць турму? Нічога добрага з гэта б не выйшла. А вось тыя дробязі дапамагалі і нам верыць у людзей і тым людзям прасоўваць тую салідарнасць далей. То бок мы дапаможам некаму, а той дапаможа іншаму.
Усе надзеі абрынуліся ў адзін момант
Дзяўчына згадвае, што паразу пратэстаў перажывала вельмі моцна. Кажа, што нарадзілася пры Лукашэнку, іншай улады не бачыла ў сваім жыцці і вельмі хацела, каб у краіне насталі перамены.
- Як бы ты спадзяваўся, а ўсе твае надзеі ў адзін момант абрынуліся. Да гэтых часоў яшчэ спадзяёмся, што ўсё павінна змяніцца, імкнёмся нешта рабіць. І нават тыя, хто застаўся ў Беларусі, таксама спадзяюцца на перамены, але вельмі і вельмі баяцца. Ёсць сяброўкі, якія працуюць у кавярнях, рэстаранах, то яны, калі хочуць пагаварыць, ідуць у маразільныя камеры, дзе не бярэ нават мабільная сувязь, і там нешта абмяркоўваюць. Баяцца размаўляць за сталом, калі п’юць каву.
Пачынаць у замежжы было няпроста
Дзяўчына згадвае, што праз нейкі час пасля пратэстаў у ламбард пачалі прыходзіць рознага кшталту праверкі. Потым КДБ арыштаваў адну з іх супрацоўніц, якую трымалі тры дні і ніхто не ведаў, дзе яна знаходзіцца. Пасля гэтага Насця вырашыла з’язджаць з Беларусі.
На новым месцы ў Польшчы, як згадвае суразмоўца, таксама пачынаць было няпроста.
- Спачатку гэта была праца на фабрыцы – гэта тры змены па восем гадзін ад званка да званка. Было цяжка, так, але ўсе мы прызвычайваемся да нечага. А калі атрымала дакументы аб легалізацыі, можна было змяніць працу і стала лягчэй. Ну, вось той пачатковы перыяд быў самы складаны: знайсці кватэру, знайсці працу, выйсці на нейкі стабільны заробак. Без гэтага папросту не пражывеш, бо трэба плаціць за кватэру і трэба кожны дзень нешта есці.
Дзяўчына дадае, што гэты складаны перыяд працягваўся ў яе каля васьмі месяцаў.
- Але я была там не адна, са мной працавала шмат беларусаў. Ты там можаш з некім паразмаўляць, усе абмяркоўвалі нашы агульныя праблемы. Магчыма, ад гэтага было трохі лягчэй.
У мяне цяпер два жыцці
Падчас працы на фабрыцы Насця падцягнула веды польскай мовы і цяпер ужо свабодна адчувае сябе і ў польскамоўным асяроддзі. Праўда, заўважае, што цалкам не інтэгравалася ў польскамоўнае жыццё, паколькі працуе з беларусамі.
- Як бы цяпер я пражываю два жыцці. На працы ты ў сваёй бурбалцы беларускай, а выходзіш за дзверы – ты ўжо ў другой краіне і разумееш, што тут палякі, трэба размаўляць па-польску, вырашаць нейкія свае праблемы. То бок, такіх два жыцці цяпер у мяне.
Дзяўчына прызнаецца, што самым складаным цяпер з’яўляецца тое, што няма побач родных, па іх яна вельмі сумуе. Але кажа, што сярод палякаў да яе вельмі добрае стаўленне, ніколі з чымсьці непрыстойным не сустракалася.
Польскія ўхажоры розняцца ад беларускіх
У выходныя імкнецца яшчэ падпрацоўваць у таксі, возіць пасажыраў і маладыя палякі часта прапаноўваюць пазнаёміцца бліжэй, кантактаваць праз сацсеткі. Насця кажа, што ўхажоры тут трошкі адрозніваюцца ад беларусаў.
Хаця яе сяброўкі часта скардзяцца, што за праведзены вечар у кавярні даводзілася плаціць кожнаму за сябе.
- У мяне пакуль такога не было. Не ведаю, як гэта працуе на самой справе, але калі загадзя ён цябе недзе запрасіў, то ён і плаціць. А калі дамовіліся разам некуды пайсці, то рахунак – папалам. Дарэчы, так было і ў Беларусі. Але для некаторых нашых дзяўчат гэта выглядае дзіўна.
Трохі падумаўшы, дадае:
- Яшчэ заўважыла, што беларусы пры знаёмстве вельмі цікавяцца тваім мінулым жыццём – дзе жыла, дзе вучылася, якая ў цябе сям’я… Палякі – не. Іх цікавіць тое, што адбываецца зараз – як ты жывеш цяпер, дзе працуеш альбо пра планы на будучыню.
Назад назусім не вярнуся
Цікаўлюся ў Насці – ці вырашыла яна для сябе вяртацца ў Беларусь, калі там наступяць змены?
- Вырашыла. Я туды паеду, я там пабуду, але на сталае жыхарства туды не вярнуся. Бо, каб усё змянілася ў Беларусі да таго ўзроўню, як я жыву цяпер, патрэбна вельмі шмат часу. І гэта не толькі змена ўлады, Беларусі давядзецца прайсці велізарны шлях, каб жыццё там стала прыстойным. А час ляціць хутка, наша жыццё кароткае. Таму я вырашыла заставацца тут назаўсёды.
Павел ЗАЛЕСКІ