Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: “Я за тое, каб судзіць іх тымі законамі, якімі яны судзілі мяне”

13.05.2024 13:40
За два з паловай гады эміграцыі чужы горад стаў амаль сваім, здымная кватэра – амаль родным домам. Але ў душы застаецца тое, што давялося пакінуць.
Аўдыё
  • “Я за тое, каб судзіць іх тымі законамі, якімі яны судзілі мяне”
Сяргей і Вольга ВерамееенкаHrodna.life

За бчб сцягамі стаялі чэргі

Вольга Верамеенка разам са сваім мужам Сяргеем трымалі ў Гародні вядомую краму беларускіх сувеніраў. Абодва былі актывістамі Беларускай хрысціянскай партыі, якую ў краіне так і не зарэгістравалі.

Спадарыня згадвае, што да 20-га году яны яшчэ маглі спакойна працаваць, да іх у краму прыходзілі турысты, набывалі беларускія сувеніры. Сапраўдны пакупніцкі бум пачаўся менавіта ў 20-ым годзе.

 - А ўжо самы бум пачаўся на пачатку выбарчай кампаніі, недзе з траўня 20-га году. А калі ўжо пачаліся сустрэчы з Ціханоўскай, то гандаль яшчэ больш ажывіўся: набывалі ўсю прадукцыю з Пагоняй і бчб – вышыванкі, цішоткі, кубкі… А самы бум прыпаў на жнівень, калі ўсе патрабавалі бел-чырвона-белыя сцягі. Было такое, што мы прыходзілі да адкрыцця крамы, а там ўжо стаяла чарга і ўсе хацелі набыць сцягі, сцягі, сцягі…

Не хацела з’язджаць, але…

Калі пратэсты пачалі слабець у краму зачасцілі праверкі, прычым, з міліцыянтамі. Правяраючыя падчас самі не ведалі, што яны хацелі спраўдзіць, але аказаць ціск на ўласнікаў і пакупнікоў спрабавалі. Спадару Сяргею давялося з’ехаць з Беларусі, а спадарыня Вольга працягвала працаваць у краме, але гэта ўжо станавілася небяспечна.

- Ну і было зразумела, што працаваць нам не дадуць, бо столькі было наездаў мэта якіх адназначна зачыніць краму. Карацей, да гэтага ўсё ішло. А пасля таго, як я адбыла содні ў гарадзенскай турме, вырашыла, што няма чаго гуляцца з лёсам і трэба зачыняць краму. Больш таго, пакупнікоў значна паменшала, людзі баяліся прыходзіць да нас.

У выніку спадарыня прыняла рашэнне закрываць прадпрымальніцкую дзейнасць. А яшчэ з таго часу ёй згадваецца, як да яе ў дом ўрываўся АМАП узброены аўтаматамі і з крыкамі: “жэншчыну бером”. А яна папросту была адна ў той хаце, яе ўваходныя дзверы можна было адчыніць трохі мацней пацягнуўшы за клямку.

- І пабеглі па хаце нібы там нейкія злачынцы. Напалохалі маіх двух катоў. “Кто с вамі? Где?”. Палезлі ў піўніцу… Карацей, як у дурным кіно, было смешна глядзець, як яны выстаўлялі сябе нібыта захапілі тут злачынцаў. Нейкая брыдота і думалася, што за дэбілы…

Адчуваецца, як непрыемна спадарыні ўсё гэта згадваецца. Яна робіць паўзу, а потым кажа:

- Насамрэч, я вельмі не хацела з’язджаць з Гародні і гэты ад’езд зацягнуўся на чатыры месяцы. Думалася, а вось можа буду тут нешта іншае рабіць. Я адцягвала гэта яшчэ чатыры месяцы, але ў лістападзе 21-года ўсё ж з’ехала.

Без натхнення цяжка нешта рабіць

У Польшчы спадарыня Вольга ў нейкім сэнсе адрадзіла свой бізнес і пачала з таго, што ізноў прадае беларускія сувеніры. Прадукцыя запатрабаваная, але пражыць з гэтага не атрымліваецца, даводзіцца падпрацоўваць.

- Плюс  я ўмею рабіць нешта рукамі, займаюся валеннем з воўны. Але ўвесь час не было натхнення – 20, 21, 22 год…, я толькі сёлета пачала рабіць нешта рукамі. Можа нехта можа рабіць на аўтамаце, а я не магу. Мне трэба, каб быў настрой, натхненне. І гэта толькі зараз пачало да мяне вяртацца - я ўжо магу нешта рабіць. Ну і зразумела, што ўсё ж узрост трохі ўздзейнічае, хаця 50 год гэта не старасць, але ўжо такой прыткасці няма, як 10 гадоў таму. Праўда, галава яшчэ варыць, а таму пайшла ў паліцыяльную школу і атрымала прафесію тэхніка адміністрацыі.

 

Мне важна, каб са мной былі беларускія рэчы

Што датычыць інтэграцыі ў польскае грамадства,  пераважную большасць часу яна так ці інакш праводзіць сярод беларусаў, бо працуе з беларусамі, надалей грамадска актыўная, хаця з гонарам падкрэслівае, што і па-польску можа паўсюль паразумецца.

- І вось нядаўна ў мяне было такое цудоўнае адкрыццё. Я ездзіла ў Італію, была там 10 дзён, а калі вярнулася ў Варшаву і раптам: о, я ўсё разумею, я вярнулася амаль што дахаты.

Апроч гэтага і здымная кватэра для яе ўжо таксама стала амаль роднай.

- Я шмат рэчаў перавезла, якія звязаны з Гародняй, з мінулым, з бацькамі. Фотаздымкі, альбомы – тое, што дорага, духоўна блізка. Для некага гэта нецікава, некаторыя мне казалі, маўляў, навошта гэта ўсё цягнеш. Але мне важна, што зараз са мной і кніжкі мае беларускія, і кубачкі, якія я збірала, фотаздымкі – усё гэта робіць наша жыллё ўтульным, сваім. Таму я вяртаюся сюды, як дахаты.

 

Пражыць у Польшчы лягчэй, чым у Беларусі

А яшчэ мая суразмоўца дадае, што жыць у Польшчы лягчэй, чым у Беларусі.

- У параўнанні з Беларуссю мы можам з сваім мінімальным даходам дазволіць сабе якаснае харчаванне. Круглы год набываем свежую садавіну і гародніну: трускаўкі, яблыкі… Я калі іду ў краму, асабліва не задумваюся, хаця звяртаю ўвагу на зніжкі, бо яны тут часта і вельмі зручна купляць танней – шмат такіх магчымасцяў. Можаш спакойна набываць і біа і эка харчы, што заўгодна. І з адзеннем тут ніякіх праблем, бо ўсё даступна па коштах. Карацей ні галодным, ні голым дакладна не застанешся.

Што яшчэ яе падкупляе ў Беластоку – жыве сярод сваіх сяброў, якія ў большасці пасля 20-га году таксама сюды перабраліся.

- Сяброў тут хапае, ды і пазнаёміліся з многімі, хто прыехаў сюды з розных мясцін Беларусі. Яны таксама сталі маімі сябрамі. Зрэшты, у мяне ніколі не было праблемы з сябрамі і цяпер я маю з кім бавіць час, проста размаўляць . Тут цудоўнае кола беларусаў і ў гэтым плане наагул камфортна.

 

Няхай ведаюць…

Што датычыць таго, каб пры сітуацыі, калі яна зменіцца, вярнуцца ў Беларусь, спадарыня Вольга задумваецца. Кажа, што на многія рэчы зараз глядзіць па-іншаму. У іх у Беларусі канфіскоўваюць маёмасць і пакуль нічога не зразумела, што будзе з іх домам.

- Мне чамусьці бачыцца, што мы будзем жыць на два гарады: Гродна і Беласток. Зразумела, што будзем жыць там, дзе ў нас будзе сваё жыллё. Пакуль яго няма тут і там мы не маем магчымасці яго мець. І яшчэ, магчыма так не правільна казаць, але я звычайны чалавек, і хачу папярэдзіць, што буду судзіць іх такімі законамі, якімі яны судзілі мяне. Няхай ведаюць…

Павел ЗАЛЕСКІ