Беларуская Служба

«Wielka Wyprawa Maluchów» збірае 3 млн злотых на дапамогу дзецям, пацярпелым у ДТЗ

16.07.2024 16:16
Дзясяткі маленькіх машын на працягу тыдня праехалі доўгі і складаны маршрут.
Аўдыё
  • Вялікая экспедыцыя малых машын.
 80        5 .
Звыш 80 малых фіятаў адправіліся ў падарожжа з Варшавы 5 ліпеня.Фота: Наталля Грышкевіч

У Польшчы зладзілі дабрачынную акцыю «Wielka Wyprawa Maluchów» (Вялікая экспедыцыя малых фіятаў. Маленькую машыну Fiat126p палякі пяшчотна называюць maluch – малеча). Мэта мерапрыемства – прыцягнуць увагу да бяспекі дарожнага руху, адукаваць маладых вадзіцеляў і, перш за ўсё, дапамагчы дзецям, якія пацярпелі ў ДТЗ.

Дзясяткі маленькіх машын на працягу тыдня праехалі доўгі і складаны маршрут – з Варшавы ў італьянскае Монтэ-Касіна. Падарожжа туды – гэта даволі цяжкая задача як для кіроўцаў, так і для аўтамабіляў. А за стырно малых фіятаў заселі сапраўдныя гіганты польскага спорту. Сярод членаў каманды былі чэмпіёны па аўтамабільным ралі: Лонгін Беляк, Сабеслаў Засада, Мацей Віслаўскі, Рафал Сонік, Каетан Каетановіч і Барташ Асталоўскі. Таксама ўдзельнічаў адзін з самых папулярных блогераў – Рэмігіуш «Рэзі» ды вядомы польскі падарожнік і грамадскі дзеяч Ян Мела і музыкант Сташэк з Гор (Sebastian Karpiel-Bułecka). У падарожжы ўдзельнічалі таксама журналісты Польскага радыё.

5 ліпеня звыш 80 аўтамабіляў Fiat 126p адправіліся з Варшавы ў бок Монтэ-Касіна. Сёлетняя мэта была такая ж, як і ў мінулыя гады – гэта дапамога дзецям, ахвярам дарожна-транспартных здарэнняў, аб чым распавёў дырэктар экспедыцыі Марцін Малыш (Marcin Małysz).

- У нас дзве мэты: першая – гэта збор фінансавых сродкаў для дзяцей, а другая – прадухіленне дарожна-транспартных здарэнняў. Мы інфармуем, што рабіць, каб быць бяспечным, як ездзіць, каб штодзённа ўплываць на паляпшэнне бяспекі дарожна-транспартнага руху. І мы таксама хочам нагадваць усім, што кожны з нас можа быць амбасадарам бяспекі, можа стаць спонсарам Вялікай экспедыцыі малых фіятаў – увайсці на сайт zrzutka.pl і ўнесці свой уклад – хаця б невялікую суму, пяць злотых. Усе сродкі, якія ўдасца там сабраць, будуць поўнасцю перададзеныя ў карысць дзяцей, якія сталі ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў.

Як адзначаюць арганізатары аўтатуру, шматгадовыя назіранні паказваюць, што найбольш неабароненай групай насельніцтва, ахвярамі, якія атрымліваюць найбольш фізічных і ментальных траўмаў у выніку ДТЗ, з’яўляюцца дзеці. Таму ім найбольш патрэбная дапамога. Сабраныя падчас мерапрыемства і дзякуючы яму сродкі пойдуць на падтрымку самых маленькіх ахвяр ДТЗ у Польшчы, якім патрэбная рэабілітацыя, тэрапія і псіхалагічная дапамога. Таксама Вялікая экспедыцыя павінна прыцягнуць увагу да праблемы бяспекі дарожнага руху. Яе мэта – навучыць маладыя пакаленні свядомаму ўдзелу ў дарожным руху.

Удзельнік экспедыцыі Каетан Каетановіч (Kajetan Kajetanowicz) – вядомы ў Польшчы аўтамабільны гоншчык. За свае 45 гадоў жыцця яму прыйшлося кіраваць самымі рознымі аўтамабілямі, але, як адзначае сам Каетановіч, у яго ёсць таксама малыя фіяты, у тым ліку спартыўны маленькі аўтамабіль з вельмі моцным рухавіком.

- У мяне іх тры. У тым ліку рэтра – вельмі файны, канешне, я ў яго сядаю час ад часу. Але таксама ёсць у мяне два гоначныя, у аднаго моц рухавіка амаль у 200 конскіх сілаў. І таму, як вы можаце ўявіць, сапраўды прыемна на гэтай машыне ездзіць па трасе. Такі аўтамабіль дае вялікія магчымасці.

На апошнім тыдні ў Польшчы была вельмі высокая тэмпература – яна перавышала нават 30 градусаў Цэльсія. А на поўдні Еўропы ўмовы былі зусім не лепшыя. Нельга забываць, што ў малых фіятах няма сістэмы ахалоджвання паветра ў салоне. Без кандыцыянера ездзіць у такіх умовах вельмі цяжка, аб чым падчас экспедыцыі расказвалі яе ўдзельнікі. Напрыклад, яны баяліся, што з-за тэхнічных праблем не ўдасца паспець на паром у Харватыі.

- Вялізная палёгка на самой справе. Вельмі горача – тэмпература паветра каля 40 градусаў, а ўнутры, у машыне – 50, 60 – я нават не маю паняцця, колькі. Мы спатнелыя, стомленыя, баяліся, што здарыцца аварыі ў машыне. Калі б зламаліся нашы аўтамабілі, мы б не паспелі на паром, а гэта была б вялікая праблема.

- Вельмі цяжкія ўмовы, барацьба з сабой і з машынай. У нас былі праблемы з каробкай перадач, мы згубілі тройку і чацвёрку, але па дарозе мы іх знайшлі. Таксама выдатна, што ўдалося прыехаць своечасова на мэту – сюды, у порт.

Яшчэ не так даўно, некалькі дзясяткаў гадоў таму, многія вадзіцелі ў Польшчы марылі аб малым фіяце. Кватэра ў вялікім шматкватэрным доме і малы фіят – гэта быў верх мараў тагачаснай польскай сям’і сярэдняга класа. А сёння гэтая маленькая машынка практычна знікла з польскіх вуліц. Калі б хтосьці хацеў купіць Малы фіят у добрым стане, яму прыйшлося б падрыхтаваць немалую суму. Дагледжаныя экзэмпляры каштуюць дзясяткі тысяч злотых.

Гэтая маленькая машынка мае свае плюсы, аб чым казаў кіроўца-гоншчык Рафал Сонік (Rafał Sonik).

- Малы фіят – гэта магічная машына. Людзі аддаляюцца адзін ад аднаго, адносіны пераносяцца ў віртуальную прастору. А калі мы сядаем у гэтую машыну і дакранаемся плячыма, вяртаецца блізкі кантакт з іншым чалавекам.

Нагадаем, галоўная задача Вялікай экспедыцыі малых фіятаў – збор сродкаў для дзяцей-ахвяр ДТЗ. У мінулым годзе на польскіх дарогах адбылося 1778 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. У выніку загінулі 48 непаўналетніх, а 1832 атрымалі раненні.

IAR/нг